Для людзей і да іх – так коратка перадала сутнасць сваёй работы прыёмшчык комплекснага прыёмнага пункта аграгарадка Крывое Сяло Валянціна Кулік і тут жа пастаралася аргументаваць сваё сцвярджэнне: менавіта для людзей накіравана ўся дзейнасць камбіната бытавога абслугоўвання, для іх патрэб і зручнасці.
І сёння бытавікам ужо ніяк нельга займаць пазіцыю пасіўнага чакання, маўляў, каму што спатрэбіцца, той прыйдзе і набудзе неабходнае. Сёння, упэўнена Валянціна Аркадзьеўна, патрэбна павярнуцца тварам да патрэб людзей і самім ісці да іх з прапановамі.
– Так стараюся і рабіць, – расказала жанчына. – Паступае новы тавар – тут жа паведамляю пра гэта сваім патэнцыяльным пакупнікам, а тыя, у сваю чаргу, – сваім знаёмым. А прапанаваць у нас ёсць што.
Як расказала Валянціна Аркадзьеўна, сёння да паслуг вяскоўцаў аграгарадка Крывое Сяло і навакольных населеных пунктаў бытавікі прапаноўваюць многае: хімчыстку адзення, дываноў і падушак; рамонт абутку і адзення; мыццё бялізны; шыццё і вязанне рэчаў; набыццё пасцельнай бялізны, вязаных і шытых рэчаў, пластыкавай прадукцыі, канцтавараў, рытуальных атрыбутаў і іншае.
– Што і казаць, усё для зручнасці людзей, – дзеліцца прыёмшчык. – Пажадаў, напрыклад, хтосьці пашыць паліто – у азначаны дзень прыедзе закройшчык і здыме меркі. Пасля прывязуць чалавеку рэч на прымерку і праз пэўны час гатовую рэч даставяць на месца. Ніякага клопату і ехаць нікуды не трэба. І так з любой паслугай. Дапусцім, у некага намячаецца ўрачыстасць, дык можна заказаць паслугі цырульніка, які прыедзе і зробіць прычоскі на месцы не ў азначаныя дні (два разы ў месяц), а па заяўцы людзей. Зручна? Безумоўна. Акрамя ўсяго пералічанага, у нас, калі каму патрабуецца, можна заказаць мотаблок і трымер.
Вельмі многае ў рабоце прыёмшчыка залежыць ад яго кантактаў з людзьмі. Вось і Валянціна Аркадзьеўна за шэсць гадоў працы ў «бытоўцы» ў гэтым поўнасцю пераканалася. Урэшце, працаваць з людзьмі яна навучылася і на сваёй папярэдняй рабоце – у паштовым аддзяленні.
– У мяне былі і ёсць свае кліенты на той ці іншы тавар, – дзеліцца жанчына. – Так, была адна бабуля, якая з-за хваробы не магла дайсці да комплекснага прыёмнага пункта, а заўсёды старалася купляць падарункі сваякам да розных урачыстасцяў. А які падарунак спатрэбіцца ў кожнай сям’і? Пасцельная бялізна. Вось і заказвала яе ў мяне бабуля. Балазе, выбар у нас багаты. Прыгожыя камплекты з беларускай бязі, якасныя… І коўдры, якія шыюць у нашым КБА, людзі ацанілі, і наматраснікі заказваюць з задавальненнем.
Любіць Валянціна Аркадзьеўна сваю работу, і гэта бачна. І землякоў сваіх паважае, стараецца, каб іх запатрабаванні былі задаволены. Калісьці, яшчэ ў маладосці, планавалі яны з мужам стаць гарадскімі жыхарамі. Працавалі ў Вілейцы, стаялі ў чарзе на атрыманне кватэры. Але насталі дзевяностыя, будаўніцтва жылля ў арганізацыі спынілася. Падумалі-параіліся Валянціна з Віктарам ды і вярнуліся на мужаву радзіму, у Крывое Сяло. Віктар пайшоў працаваць у мясцовую гаспадарку, якая выдзеліла маладой сям’і дом. Жылі, як і ўсе вяскоўцы: трымалі гаспадарку, шчыравалі на агародах. Выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў (старэйшаму вунь ужо пятнаццаць). Цяпер на летніх канікулах шумна ў доме Кулікаў – з’язджаюцца ўнукі з Гродна і Вілейкі, а ў астатні ж час Валянціна Аркадзьеўна і Віктар Мікалаевіч (ён працуе на хлебазаводзе) заняты сваімі непасрэднымі справамі, ды і ў вольны час не даюць сумаваць дамашнія клопаты. І ніколькі не шкадуюць, што не засталіся ў горадзе. Урэшце, колькі тут ад Крывога Сяла да Вілейкі… Важна, што любіць Валянціна Аркадзьеўна сваю работу, стала сваёй у калектыве бытавікоў, адчувае сябе патрэбнай людзям. Удзячна жанчына кіраўніцтву КБА, канкрэтна Ірыне Пуня, за разуменне, увагу да людзей, уменне прыйсці на дапамогу. Цесная сувязь прыёмшчыкаў і з дыспетчарам Аленай Смолік, з якой вырашаюцца важныя штодзённыя пытанні, з бухгалтэрыяй, іншымі падраздзяленнямі арганізацыі. Разам яны робяць важную справу – уносяць ў жыццё землякоў прыгажосць і камфорт. Як і ў любой справе, ім выпадае пераадольваць нямала складанасцяў і перашкод. Што ж, у наш няпросты і непрадказальны час з гэтым сутыкаюцца ўсе. Галоўнае – бачыць свой арыенцір і ісці да яго. А арыенцір гэты – людзі.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара