Ад імя жыхароў вёскі Рэдзькавічы Вязынскага сельсавета нам пазваніла Лідзія Антонаўна ЖАЛНЯРОВІЧ. «На стары Новы год у нас было сапраўднае свята, – сказала жанчына. – Прыехалі артысты з раёна – калектыў «Бабіна лета» пад кіраўніцтвам Сяргея Рудніцкага. Такія цудоўныя артысты! Так спявалі, жартавалі, весялілі нас! Сапраўднае свята атрымалася. І старшыня сельсавета Ігар Судніковіч прыехаў, разам з намі дзякаваў артыстам, адказваў на нашы пытанні. А яшчэ нам падарылі святочныя сувеніры. Дзякуй за тое, што памятаюць нас!».
Кіраўніка калектыву «Бабіна лета» і аўтаклуба Сяргея Рудніцкага, якому я перадала падзяку вяскоўцаў, гэтыя словы ўсхвалявалі:
– А мы, артысты, хочам шчыра падзякаваць ім, нашым удзячным гледачам, за тое, як яны нас прымаюць. Без перабольшвання скажу, што ў гэтыя пераднавагоднія і навагоднія дні мы нібыта ў казцы пабывалі. Ільяншчына, Вязыншчына, Хаценчыцы… У многіх вёсачках мы пабывалі і ўсюды нас сустракалі як родных. Разам з аддзяленнем надомнага абслугоўвання Вілейскага ТЦСАН, медыцынскімі работнікамі прыязджаем у вёскі, і людзі атрымліваюць і неабходныя паслугі ды кансультацыі, і прыемныя ўражанні ад сустрэчы з артыстамі. Так што справа гэта – выезды ў вёскі раёна – вельмі патрэбная людзям, і мы з задавальненнем будзем яе працягваць.
Жыхары вёскі Івонцавічы звярнуліся ў рэдакцыю з іншым пытаннем. У іх, і маладых мам з дзеткамі, і пенсіянераў, ёсць пажаданне, каб у Івонцавічы часцей заязджаў гарадскі аўтобус, а не толькі тры разы ў дзень, як гэта робіцца цяпер. Прыгарад забудоўваецца, усё болей з’яўляецца тут сямей з дзеткамі, жывуць і пенсіянеры, якім хацелася б, каб аўтобус заязджаў у Івонцавічы часцей, каб не трэба было пешшу тупаць аж да бліжэйшага прыпынку гарадскога ў Вілейцы.
Пажаданне ваша, паважаныя чытачы, зразумелае, і мы перададзім яго на разгляд у аўтобусны парк.
Цёплыя словы падзякі пажадала выказаць віляйчанка Фаіна Іванаўна Вашкель… невядомаму маладому чалавеку. У чым справа? Атрымалася вось як. Наведаўшыся на днях з мужам на «Еўраопт» і зрабіўшы неабходныя пакупкі, жанчына з сумкамі прыйшла на прыпынак гарадскога. Калі аўтобус падышоў, селі са шматлікімі пакупкамі і паехалі. І толькі ў дарозе жанчына агледзелася, што забылася на прыпынку сумку, у якой – і яе пенсія, і два пашпарты – свой і мужаў…
– Бегла назад гэтых некалькі прыпынкаў і плакала, думала, што сумкі ўжо няма, – расказала Фаіна Іванаўна. – Вельмі хвалявалася за дакументы… І якой была мая радасць, калі ўбачыла, што сумка мая стаіць на месцы, а побач – малады хлопец. Ён, аказваецца, чакаў, калі гаспадар вернецца, наглядаў, каб сумку ніхто не ўзяў. Ад усяго сэрца падзякавала хлопцу, а вось імя спытаць і забылася. Хочацца верыць, што ён прачытае гэтыя радкі і яшчэ раз пачуе шчырыя словы. І бацькам яго дзякуй, што выгадавалі такога харошага сына.
Што тут скажаш, заўсёды прыемна чуць пра людскую дабрыню. І ў чарговы раз упэўніваешся, што спагадлівых, нераўнадушных да чужых праблем у нас болей, чым абыякавых. Вось і яшчэ адзін доказ гэтага. Віляйчанка Валянціна Пятроўна Шкуранава нядаўна знайшла нечыя ключы. Не прайшла міма, а падняла, аб’явіла аб знаходцы на рынку і нават праз нашу газету. На днях у рэдакцыю патэлефанавала ўладальніца ключоў і шчыра падзякавала: Валянціне Пятроўне – за дабрыню і неабыякавасць, нам – за аб’яву. Прыемна, вядома, аднак не гэта галоўнае. Важней, што згуба знайшла свайго гаспадара.
Ірына БУДЗЬКО
Каб у Івонцавічы часцей заязджаў гарадскі аўтобус
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов