Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ільянскую сярэднюю школу імя А. А. Грымаця наведалі члены ваенна-навуковага таварыства пры дзяржаўнай установе “Цэнтральны дом афіцэраў Рэспублікі Беларусь”.

Іх прыезд стаў адным з пунктаў рэалізацыі ваенна-патрыятычнай акцыі па мясцінах Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн “Захаваем гісторыю разам”. Пасля невялікага музычнага падарунка навучэнцаў прагучалі шчырыя словы прывітання ад дырэктара школы Ігара Юшко і вядучага спецыяліста аддзела адукацыі спорта і турызму Вілейскага райвыканкама Ірыны Бадзеевай. Потым госці наведалі школьныя народныя музеі “Ільянскія далягляды” і “Вілейшчына літаратурная”, дзе навучэнцы правялі для іх абзорныя экскурсіі. А ў актавай зале школы адбыўся ўрок мужнасці пад назвай “Нашы землякі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, дзе прагучалі вершы, песні, а таксама гістарычныя звесткі пра Ільяншчыну ў гады вайны. Акрамя таго, выступалі нашы госці-вайскоўцы – Мікалай Іваноў, Іван Кулан, старшыня ваенна-навуковага таварыства Віктар Каралёў. Яны дзяліліся з вучнямі ўспамінамі пра ваенныя дзеянні, тлумачылі, што значаць для іх такія высокія словы як “патрыёт” і “патрыятызм”. А расказваючы моладзі пра паняцце гераізму, член таварыства Міхаіл Бука адзначыў, што “нельга здзейсніць подзвіг, не ведаючы пра подзвігі ўжо здзейсненныя.” Разам з піянерамі дружыны імя А. А. Грымаця члены таварыства наведалі мемарыял “Любча”, узведзены ў памяць вёскі, спаленай фашыстамі. Навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава расказала гасцям пра жахлівыя падзеі таго майскага дня, а піянеры ўсклалі кветкі да помніка. Лічу, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя як дзеля памяці загінуўшых, так і для нас, жывых. Бо, як сказаў адзін з удзельнікаў акцыі, “забыць герояў не дазваляе сумленне”. Аксана ЯРАШОНАК, педагог-арганізатар. Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 171 queries