Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ильянскую школу посетил сын Якуба Коласа

22 лістапада ў Ільянскую сярэднюю школу імя А.А. Грымаця завіталі шаноўныя госці: сын Якуба Коласа – Міцкевіч Міхаіл Канстанцінавіч, доктар тэхнічных навук, і Зяленін Віктар Аляксеевіч, доктар тэхнічных навук, прафесар.

Сёлета наша грамадскасць адзначае 130-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі – Якуба Коласа. Творчасць беларускага песняра – гэта цэлая эпоха ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго па праве лічаць заснавальнікам прыгожага пісьменства, нацыянальнай прозы. Усё новыя пакаленні чытачоў пацвярджаюць каштоўнасць мастацкай спадчыны Коласа на працягу больш стагоддзя.
Наша свята і незвычайная сустрэча з сынам Якуба Коласа сталі таксама ўнёскам у агульнае святкаванне Коласаўскага юбілею.
Пасля прэзентацыі, прысвечанай класіку беларускай літаратуры, у выкананні Вараўкі Яўгена прагучаў верш Міколы Маляўкі “Жыццёвы шлях бяжыць за небасхіл”, які прысвечаны Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу. Мы таксама паспрабавалі “крутнуцца назад”, як гаворыцца ў вершы, і звярнуліся да любімай маленькімі чытачамі кнігі Якуба Коласа “Міхасёвы прыгоды” (большасць раздзелаў прысвечана Міхасю Канстанцінавічу ў часы яго маленства). Шасцікласнікі – актыў музея “Вілейшчына літаратурная” – па-мастацку прачыталі некаторыя ўрыўкі з кнігі. Шульгач Павел прапанаваў перанесціся ў далёкі 1942 год, калі чулы бацька прысвяціў свайму Міхасю да шаснаццацігоддзя верш “Сыну”.
Мы папрасілі нашага госця падзяліцца сваімі ўспамінамі пра слыннага бацьку, паэта, класіка беларускай літаратуры, расказаць, на колькі ганарова і адказна было мець такога тату. Папрасілі расказаць і пра сябе, сваю творчасць.
Амаль гадзіну гаварыў наш госць, як кажуць, “на адным дыханні”. А прысутныя ў зале слухалі і пра дзяцінства пад бацькоўскім дахам, і пра станаўленне ў час юнацтва, і пра цяжкасці ваеннага ліхалецця, пра неадольную цягу да кнігі і яе ролю ў выбары прафесіі, сяброў, захапленняў. Прысутныя лавілі кожнае слова, сказанае сынам песняра, знаёмыя Коласаўскія радкі, якія даўно ўспрымаліся як нешта роднае, блізкае, дарагое, з вуснаў сына гучалі па-новаму.
Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча пазнаёміў з намі наш выпускнік, які закончыў Ільянскую школу ў 1958 годзе, Зяленін Віктар Аляксеевіч, доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык лабараторыі раўнавесных сістэм Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Віктар Аляксеевіч часты госць у нашай школе, заўсёды прыязджае з падарункамі для кабінета фізікі, для краязнаўчага музея, а на 150-годдзе школы падараваў наўтбук. Прыемна, што паказаць сваю альма-матэр, ён прыязджае разам са сваім старэйшым унукам Антонам.
Міхаіл Канстанцінавіч – карыфей электразараднай апрацоўкі металаў, адзін з заснавальнікаў нетрадыцыйных высокаэфектыўных тэхналогій, доктар тэхнічных навук. У актыве Міхаіла Канстанцінавіча больш 200 публікацый, вынаходніцтваў, патэнтаў. За свой вялікі ўклад у развіццё навукі і тэхнікі Міцкевіч Міхаіл Канстанцінавіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР, Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, ён уладальнік бронзавага, срэбранага, залатога медалёў Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі.
Што паэтычны, літаратурны дар спадарожнічае Міхаілу Канстанцінавічу па жыцці мы ўпэўніліся не толькі па публікацыях, але і ў час сустрэчы. Шмат вершаў, эпіграм, віншаванняў на рахунку нашага госця, ён укладальнік кнігі на 600 старонак “Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях”, аўтар кнігі “Пад бацькоўскім дахам”. Шаноўны госць чытаў вершы ўласныя, бацькавы і іншых паэтаў, распавядаў, як Колас шчыраваў над кожным радком і як маці ашчаджала яго ў час працы, пра тое, як проста звярталіся родныя, знаёмыя і нават зусім незнаёмыя людзі за матэрыяльнай дапамогай, за парадай, з якім пачуццём дабрыні падтрымліваў масціты пісьменнік творчую моладзь.
Сын Якуба Коласа, які сам любіў лес, грыбныя паходы, быў беражлівы да прыроды і чуйны да яе хараства, пераняў ад бацькі захапленне жывой прыродай. Магчыма, першым штуршком да гэтага захаплення стаў альбом з жывёламі свету, які падараваў Міхасю Янка Купала. Зносіны з прыродай, класічная музыка заўсёды мелі водгук у вучонага-фізіка (але лірыка ў душы). Таму, відаць, Міхаіл Канстанцінавіч – добры імітатар, умее падрабляць галасы многіх птушак і жывёл. Калі закончылася пастаноўка казкі Я.Коласа “Як птушкі дуб ратавалі” (у выкананні вучняў 9 “А” класа), добразычлівы, але строгі і патрабавальны глядач паказаў, як трэба падаваць голас крумкачу. З цёплай усмешкай сачыў М.К.Міцкевіч за пастаноўкай “Новай зямлі” (сцэна, як бацька запрасіў “дарэктара”, Яську Базылёва).
Прыгожы, інтэлігентны паслядоўнік, нашчадак класіка беларускай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі, сын Якуба Коласа, Міхаіл Канстанцінавіч Міцкевіч за гэты невялікі прамежак часу стаў сябрам нашай школы, нашых народных музеяў, нашых настаўнікаў і навучэнцаў. Мы бязмежна ўдзячны, што нам перапала часцінка таленту, душы вядомага і свядомага беларуса, адбыўся сапраўдны ўрок беларускай літаратуры з глыбокім пранікненнем у творчасць Якуба Коласа, урок любові да роднага слова, да Радзімы.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік музея
“Вілейшчына літаратурная”
Ільянскай сярэдняй школы  імя А.А. Грымаця


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries