– Сеем кукурузу, вунь, бачыце, Фёдар Святоха запраўляе «Ферабокс», – Іван Сакалоўскі, начальнік вытворчага ўчастка «Язні», ківае ў бок палетка, ускрайку якога спыніўся пасяўны агрэгат. – Добрая ў нас зямля, – працягвае тэму Іван Адамавіч, а іншай і наогул не бывае… Успамінаю, як два гады таму тое ж самае гаварыў мне Сяргей Глінскіх, дырэктар тады яшчэ акцыянернага таварыства «Язні», адзначаючы, што калі людзей не задавальняе вынік, то ў гэтым яны самі вінаватыя. Сказанае ён, безумоўна, праецыраваў і на сябе. Хоць менавіта па выніках таго сельскагаспадарчага года і зямля, і гаспадары ўпаўне адпавядалі адно аднаму. Тыя 190 кілаграмаў збожжа на бала-гектар, якія атрымалі «Язні» ў 2012 годзе, – вынік дакладнага выканання ўсіх агратэхнічных мерапрыемстваў і ўдзячнага водгуку поля за клопат.
Эканамісты паважаюць менавіта гэты паказчык, бо ён і адлюстроўвае эканамічную эфектыўнасць галіны. Для «Язняў» тады ён склаўся ўдала, дазволіўшы выйсці на лепшы вынік у вобласці і надзяліўшы Івана Сакалоўскага статусам перадавога агранома, які дастойна прадставіў Міншчыну на рэспубліканскіх дажынках у Горках. Іван Адамавіч – аграном не толькі па спецыяльнасці, але і па свайму светаўспрыняццю, па той геннай прывязанасці да зямлі, якая ідзе ад яго сялянскіх каранёў. Родам ён з валожынскіх Старынак, там пачынаў свой працоўны шлях. А зацвярджаў сябе як спецыяліст і асоба ўжо на вілейскай зямлі. Калгас імя Леніна, ААТ «Язні», цяпер – «Даўгінава». Былі і іншыя перамены. Мяняліся кіраўнікі. Кожны – са сваім стылем, сваім поглядам на лёс вёскі. І кожны пакінуў на язненскіх палетках свой адметны след. Сяргей Глінскіх – сённяшні кіраўнік акцыянернага таварыства «Даўгінава» (такую сельгасарганізацыя атрымала назву пасля ўзбуйнення) – не тутэйшы. І ў жыцці яго было другое поле. Як аграном, Сяргей Уладзіміравіч пачынаў сябе рэалізоўваць у бяскрайніх стэпавых прасторах Казахстана. Іншая зямля, іншыя маштабы. Тое прадпрыемства, якое ён там пакінуў, пайшоўшы з пасады начальніка вытворчага ўчастка, навучылася працаваць без дзяржпадтрымкі, самастойна вырашаючы ўсе свае гаспадарчыя і фінансавыя пытанні. Гэты прынцып Сяргей Уладзіміравіч хацеў бы рэалізоўваць і ў сённяшняй сваёй кіруючай практыцы. Рывок па росту аб’ёму валавой прадукцыі ААТ «Язні», пасля прыходу Глінскага, здзейсніла. Выраслі рэнтабельнасць прадажаў, прадукцыйнасць працы. Сёння таварыства гаспадарыць ва ўзбуйненым варыянце. І гэта акалічнасць істотная, паколькі форма альянса захоўвае ў сабе пэўны час адаптацыі. Як і ў жывым арганізме, у ім дзейнічаюць сілы прыцягнення і сілы супраціўлення, з пераменнай перавагаю адной з іх. Аднак культуру поля аграном Сяргей Глінскіх справядліва лічыць галоўным крытэрыем функцыявання раслінаводчай галіны.
Даўгінаўскія палеткі мне не чужыя. Дагледжанасць тых, што акаляюць бойкія аўтатрасы, зразумелая. Але і кавалачкі зямлі, заціснутыя дробналессем, таксама адчуваюць клапатлівую гаспадарскую руку маіх землякоў. Сёння менавіта яны з годнасцю нясуць на сабе цнатлівае і светлае аблічча імклівай вясны. Поле, дзе круціцца «Ферабокс», абступае хмызняк. Лясныя каляіны набрынялі вільгаццю, а пад зялёным бярозавым веццем разліліся белыя, з нябесным адлівам, лужыны кураслепу. Ветраніца, такая навуковая назва гэтай пяшчотнай кветачкі, буяе, разліваючы ў наваколлі водар вясны. За прыдарожным зараснікам, насупраць, хаваецца яшчэ адзін агрэгат з камбініраваным шыроказахопным прычэпам. Кірыл Ямшчыкоў заняты падрыхтоўкай глебы пад пасеў кукурузы. Для маладога механізатара гэта першая ў Даўгінаве сяўба. Кірыл – чалавек шчыры і адкрыты. Пасля кароткага знаёмства, праз колькі хвілін, мы ўжо размаўляем як старыя знаёмыя. Тым больш, Кірыл успомніў, што мы сустракаліся на адным з аглядаў мастацкай самадзейнасці вілейскага каледжа, калі ён там вучыўся і спяваў у групе Аляксандра Высоцкага. Сельскі механізатар і сёння сябруе з музыкай. Яна гучыць у кабіне «Беларуса», ствараючы яго гаспадару адпаведны настрой і ніколькі не псуючы гармонію працоўнага дня. У душы Кірыла жыве лёгкая эйфарыя ад усведамлення значнасці свайго ўдзелу ў важнай хлебаробскай дзеі. Ён спяшыць падзяліцца гэтым адчуваннем і ўдзячнасцю людзям, што прынялі ўдзел у яго лёсе. Найперш, кіраўніку таварыства:
– У Даўгінаве я будаваў ферму «Цэнтральную». А да гэтага ўжо некалькі работ памяняў. Працаваў у райпо, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, нават ва Украіне працу шукаў. – Кірыл шчыра дзеліцца натуральнымі для чалавека яго ўзросту сумненнямі, расказвае пра няўдачныя спробы знайсці разуменне з увогуле неблагімі, але, на яго погляд, раўнадушнымі людзьмі. Калі Сяргей Глінскіх, як кіраўнік акцыянернага таварыства «Даўгінава», прыехаў на будоўлю, Кірыл і прапанаваў сябе ў якасці механізатара. Мужчынская размова атрымалася. Знайшліся праца і нават жыллё для маладой сям’і, у якой ужо падрастае сынок Ілюшка.
У Кірыла – некалькі спецыяльнасцей: слесар, вадзіцель, трактарыст-камбайнер. Іх сёння дае каледж. Але ад спецыяльнасці да прафесіі – той адрэзак шляху, які варта дапамагчы пераадолець маладым. Спагадліва, цярпліва, патрабавальна. Менавіта так, як зрабілі гэта ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Даўгінава».
– Трактар у цябе аднак не «наўё», – спрабую закрануць самалюбства Кірыла.
– І Масква не адразу будавалася, – парыруе малады механізатар. – Да пенсіі мне год сорак засталося… Усё жыццё наперадзе…
На мінулую суботу, калі адбываліся гэтыя сустрэчы, ў сельгасарганізацыі было пасеяна 370 гектараў кукурузы. З запланаваных тысячы. Своечасова тут справіліся з сяўбой ранніх яравых.
– Арыентаваліся на народную мудрасць, спрабавалі пятай кропкай апоры мацаць зямлю?
– Адносна збожжавых яна не спрацоўвае, – сур’ёзна адказвае на мой жарт начальнік участка. – Што тычыцца бульбы, то прыкмету, магчыма, і варта ўлічыць.
…Калі чалавек пусціў у гэтай зямлі свае карані, значыць, яна ўжо яму належыць і становіцца аб’ектам клопату зацікаўленых у яе лёсе людзей.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара