Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хто ў Селішчы не ведае Аляксандра Клімёнка?

Хто ў Селішчы не ведае Аляксандра Клімёнка? Сказаць па праўдзе, ён атрымаў трывалую прапіску і на старонках нашай газеты. Калі на селішчанскія палеткі спускаецца залатая восень, пачынаецца ў «Новай Віліі» клапотная пара збору агародніны.

Гэту галіну акцыянернае таварыства працягвае ў сябе захоўваць, нягледзячы на ўсю яе відавочную працаёмкасць. Вось і сёлета, акрамя традыцыйнай бульбы, “Новая Вілія» мае плантацыі з харчовымі буракамі, морквай, капустай, цыбуляй. Універсальны камбайн набываўся некалі гаспадаркай з мэтай уборкі морквы. Але ўнікальнасць тэхнічнай навінкі ў тым, што яна можа выкарыстоўвацца і на бульбяных палетках. Камбайн сёння і разорвае, і адначасова падбірае, сартыруе клубні на землях акцыянернага таварыства. А ў кабіне – Аляксандр Клімёнак, механізатар шырокага профілю. І таму камбайн – не адзіная тэхнічная адзінка, падуладная яго рукам.
На «МТЗ» ён уносіць пад культуры гліфасаты, мяняючы прычапны інвентар, займаецца шэрагам іншых палявых работ, якіх безліч у гаспадарцы. Таму і ведаюць у Селішчы Аляксандра Клімёнка.
…Звычайная сялянская сям’я дала жыццядзейны парастак, які моцна трымаецца каранёў. Гэта ў духоўным сэнсе паняцця. Бо сапраўдныя вытокі яго бяруць пачатак з вёскі Рыбчына, над лёсам якой сышліся хвалі рукатворнага вілейскага мора. Было перасяленне, добраахвотна-прымусовае. Рыбчане разумелі яго неабходнасць, успрымалі гэта розумам. Але сэрцы адмаўляліся прыняць рэчаіснасць у такім яе бязлітасным кантэксце. Асабліва цяжка сітуацыя складалася для бацькі Аляксандра, былога франтавіка. На вайну ён пайшоў 18-гадовым юнаком. І закончыў яе ў Германіі, пад гукі пераможнага салюта. Ён столькі вакол бачыў смярцей, што вярнуўся ў сваё роднае Рыбчына з адчайнаю прагай жыць і даваць жыццё. За сябе і за таго хлопца… Як занатавана гэта ў шчымліва хвалюючых радках Роберта Раждзественскага. Былы салдат пайшоў працаваць лесніком. Напэўна, вельмі хацелася зберагчы тое, што вайна пакінула за сабой, утаймаваўшы экстаз сваёй бессэнсоўнай жорсткасці. Дзевяць дзетак нарадзілася ў сям’і Клімёнкаў. Але гняздоўе прыйшлося раскідаць і віць новае пасля ўжо ў іншым месцы.
Адбудаваліся ў Трыгузях. Маці пайшла даяркай у Рогавічы. Тады, успамінае Аляксандр, ферм у акрузе было многа. І Рогавічы, і Цяпінцы, і цэлы жывёлагадоўчы комплекс у Латыгалі… А вось дэмаграфічная сітуацыя на вёсцы і ў 70-ыя гады была няпростай. Пачатковая школка, куды Саша пайшоў у першы клас, мела ўсяго 15 вучняў. А ён наогул быў адзін першакласнік. Сёння з усмешкаю ўспамінае, як спрабаваў «партызаніць», замест урокаў наладжваючыся ў кабіну суседскага трактара. Такім чынам, калі далучыць да агульнага працоўнага стажу першыя дзіцячыя вопыты, адрэзак жыццёвага шляху даўжынёй ў трыццаць год атрымаецца.
Тэрміновую служыць давялося ў Мардовіі, у войсках Міністэрства ўнутраных спраў былога Саюза. Без цені шкадавання, Аляксандр успамінае, што той зямляк з Латыгалі, з якім ён разам нёс службу, даслужыўся потым да чыну высокага міліцэйскага начальніка. Клімёнак пасля дэмабілізацыі, ва ўнісон ужо урбанізаваным саслужыўцам, вырашыў таксама ў горадзе ўладкавацца. Пайшоў у Маладзечне на завод парашковай металургіі. Жонка Жанна на «Спадарожніку» ўладкавалася. Абодва прадпрыемствы на той час «гучалі», бо выпускалі запатрабаваныя народнай гаспадаркай вырабы, гарантавалі дастойны заробак і пэўныя сацыяльныя пакеты. І ўсё ж Клімёнкаў горад хоць і спакусіў напачатку, але не прывязаў да сябе. Карані малой радзімы аказаліся больш трывалымі і вабнымі.
Мяняліся ў гаспадарцы кіраўнікі. Ды і сам яе статус мяняўся. Рэарганізацыі – вынік таго перыяду станаўлення, які вёска перажывала разам з усёй краінай.
– А ў маёй рабоце – ніякіх змен. «Белымі мухамі» пачынаю, імі і заканчваю, – жартуе Аляксандр. – Вось ужо шосты сезон на «галандскім» працую (намёк на камбайн-універсал – М.К.).
Прывезлі тэхніку з замежжа ў разукамплектаваным выглядзе. Як скласці – ніхто не ведаў. Аляксандр Уладзіміравіч рызыкнуў узяцца, прыцягнуўшы ў памочнікі, як ён кажа, «сваіх хлопцаў». Сыны, дарэчы, будучыя сельгасспецыялісты, не адмовілі бацьку. І разам за два дні «галандца» паставілі на колы.
І гэта ўсё аб ім? Не. Далёка не ўсё. Бо кожным новым днём свайго жыцця Аляксандр Клімёнак пацвярджае статус лепшага механізатара акцыянернага таварыства «Новая Вілія».
Гаспадарка нядаўна далучыла да сябе землі суседніх «Карпавіч» і новыя хлебаробы будуць узнімаць іх урадлівасць, арыентуючыся на такіх адданых полю працаўнікоў, як Аляксандр Клімёнак.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries