– Клопатная гэта справа – лён, – кіраўнік унітарнага прадпрыемства «Даўгінава» Ян Мінчык аднак не адмаўляе неабходнасць мець у севазвароце такую традыцыйна беларускую культуру. Бо вырабы з яе, як неаднойчы падкрэсліваў наш Прэзідэнт, служаць своеасаблівым нацыянальным брэндам краіны, карыстаюцца попытам на знешнім рынку. І аднаўляць вытворчасць лёну, дзе яна ў заняпадзе, – не толькі эканамічная, але і стратэгічная задача для сельгаспрадпрыемстваў.
Вырашаць яе ў «Даўгінаве» сталі год пяць назад. Паколькі захавалася ворахасушыльная гаспадарка, у наяўнасці – два ільноўборачныя камбайны, ну, і тэхналогіі не аддадзены забыццю. Сёлета ў гаспадарцы пасеяна сто гектараў гэтай блакітнавокай культуры. З восені ў глебу ўнеслі гліфасаты. І сцебластой атрымаўся гонкі, а пасевы – чыстыя. Надзеі хлебаробаў крыху падманула надвор’е. Вятры і ліўні, на якія расшчодрылася пякучае лета, пакруцілі сцябліны з ужо выспеўшымі на іх зярнятамі. Церабленне такім чынам замаруджана. І механізатарам Віктару Яцэвічу і Аляксандру Бяганскаму, якія заняты на ільнокамбайнах, гэта акалічнасць прыносіць шэраг дадатковых клапот.
Сельскагаспадарчы год далёка не завершаны, але падсумаваць некаторыя вынікі і цяпер можна. Уборка збожжавых практычна закончылася. Валавы намалот іх некалькі павялічаць зернебабовыя культуры. Яны вось-вось даспеюць. Магчыма, калі гэты матэрыял убачыць свет, «Даўгінава» ужо будзе мець цэльную лічбу аддачы збожжавага кліну. У любым выпадку сельгаспрадпрыемства ўвойдзе ў пяцёрку валаўтвараючых па вытворчасці зерневых гаспадарак раёна. Ураджайнасць іх тут пакуль на мяжы 35-ці цэнтнераў. Добра перазімаваў рапс і даў неблагі намалот. Эксперыментальна гаспадарка пасеяла сурэпіцу. Ужо к канцу чэрвеня культура выспела.
– А на пачатку ліпеня ў касу пайшлі грошы – выручка ад рэалізацыі насення сурэпіцы, – расказвае Ян Мінчык. – Яны былі як нельга дарэчы. Мы стаялі на парозе масавай уборкі збожжавых. Ды і зарплату людзям мелі чым выплаціць.
А паколькі эксперымент з сурэпіцай атрымаўся, культура знойдзе ў палях севаабароту сабе пастаянную прапіску. Так, як знайшоў яе рапс. На зіму яго будзе пасеяна 200 гектараў, амаль на сотню больш, чым летась. Механізатару Івану Атрошчыку, як і ў мінулым годзе, і зноў даверана гэта надзвычай адказная справа. Рыхтуецца глеба пад сяўбу 870-ці гектараў жыта і 80-ці – трыцікале. Магчыма, у гэты спіс увойдзе і ячмень, а вось пшаніца пакуль выключана з пераліку азіміны.
– Не прыжылася яна ў нас, – канстатуе Ян Казіміравіч. – Лепш працаваць з яравой, эфект намнога больш адчувальны.
Дасканаласці няма межаў. Незадаволенасць – рухаючая сіла развіцця, – лічыць мой суразмоўца. А да вынікаў трэба імкнуцца не віртуальна, а паслядоўна вырашаючы шэраг канкрэтных задач.
Яшчэ летась сельгаспрадпрыемства набыло ў лізінг два сучасныя энерганасычаныя трактары «Беларус 3022», плугі. Гэта дазволіла ў аптымальныя тэрміны правесці сяўбу азімых. Такім чынам спраўдзілася надзея на ўраджай. Укладзеш – значыць, возьмеш, – упэўнены кіраўнік. Уключэнне ў работу новых дыскатара, апырсквальніка, пагрузчыка «Амкадор», набытых сёлета ў лізінг, ужо адбіваецца на яе выніках, аптымізуючы вытворчыя паказчыкі прадпрыемства.
Але найбольш эфектыўны, напэўна, набытак сёлетняга года – завяршэнне мантажу збожжасушыльнага комплексу. Поўнасцю знята праблема з дапрацоўкай зерня. Ураджай на пляцоўцы не затрымліваўся. Знік звыклы сюжэт мінулых гадоў, калі бурштынавыя ўзгоркі збажыны чакалі сваёй чаргі да старэнькага, нізкапрадукцыйнага «КЗС-а». «Даўгінава» ужо выканала дзяржзаказ па продажу жыта. Замест запланаваных 70-ці тон піваваранага ячменю змагла прадаць 174, каля 60-ці тон харчовай пшаніцы папоўнілі дзяржаўныя засекі.
У чым захоўвае сельгаспрадпрыемства пастаянства, дык гэта ў лідарах жніва. Тысячнікамі зноў сталі Станіслаў Каляга з сынам Аляксандрам. Іх камбайнавы экіпаж – традыцыйна на першым месцы ў гаспадарцы. Хочацца нагадаць, паважаныя чытачы, што гэты сямейны тэндэм у свой час быў адзначаны прызам «ШП» «За адданасць полю» і таксама знайшоў свайго роду прапіску на старонках нашай газеты. Больш тысячы тон намалаціў экіпаж братоў Ляшковічаў – Казіміра і Пятра. Ёсць камбайнеры, што ўзялі сабе ў памочнікі дачок.
– Няхай прыглядаюцца, пазнаюць рэальную цану хлеба, – упэўнены ў карысці такіх працоўных сямейных саюзаў кіраўнік.
Сёння камбайны ўнітарнага прадпрыемства ўжо шчыруюць на прысядзібных участках жыхароў Даўгінава і навакольных вёсак. І гэты намалот – таксама ўсеагульны набытак. Зямля аднолькава аддзячвае ўсіх, хто мае гонар быць яе гаспадаром.
Марыя КУЗАЎКІНА
Хто полю абавязаны прапіскаю
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов