Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гудуць веснавыя палеткі

Звыклымі веснавымі клопатамі жывуць у гэтыя дні і працаўнікі ААТ «Новая Любанія». Як і ва ўсіх гаспадарках раёна, тут зараз галоўная задача – сяўба, і гэта разумеюць сёння ўсе. Таму і стараюцца людзі выкарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну – аруць, сеюць, падкормліваюць. Штодзённыя клопаты, перададзеныя сённяшнім земляробам іх працавітымі продкамі.

Разам з намеснікам дырэктара «Новай Любаніі» Дзянісам Цімашовым бяром курс на палеткі, дзе ў гэты суботні дзень шчыравалі механізатары.

– На сёння (на 13 красавіка – аўт.) у нас засеяна без малога 60 працэнтаў запланаваных плошчаў. З яравых сеем сёлета ячмень, пшаніцу, ўжо пасеялі авёс, – расказваў пра клопаты працаўнікоў гаспадаркі Дзяніс Міхайлавіч. – Будзе ў нас і 60-гектарны палетак бульбы.

Аднаго з перадавых механізатараў гаспадаркі Дзмітрыя Кізіка мы сустрэлі непадалёк ад вёскі Дзядзічы – на сваім «Беларус-3522» ён рыхтаваў поле пад пасеў ячменю. Ля краю поля трактарыст прыпыніў тэхніку, спусціўся да нас. Разгаварыліся. Дзмітрый – з мясцовых, тут нарадзіўся і вырас, з маленства бачыў, як шчыруюць на палетках і фермах працаўнікі вёскі. Не пачаў Дзмітрый шукаць лёгкага хлеба ў далёкіх краях, а застаўся на бацькаўшчыне. Тут стварыў сям’ю, тут нарадзіліся і падрастаюць трое яго дзетак. Вядома ж, нялёгкі ён, хлеб працаўніка палёў. Але ж такі неабходны людзям, высакародны.

Праехаўшы далей, да вёсачкі Гарыдавічы, убачылі на полі магутную машыну яшчэ аднаго механізатара – Аляксандра Клешняка. Трынаццаты год яго трактару «Фэнд-930», а яшчэ моцна не падводзіла тэхніка свайго гаспадара. Вось і на гэтым 100-гектарным полі, дзе вопытны трактарыст сеяў пшаніцу, справы ў яго ладзіліся. Усяго некалькі хвілін удзяліў нам Аляксандр Кляшняк, і мы, безумоўна, яго разумеем – сяўба не чакае. Пагаварылі пра надвор’е, тэхніку, сям’ю механізатара, дзе падрастае сын-школьнік. Праўда, зазначыў бацька, ён больш камп’ютарам цікавіцца, чым трактарам. Што ж зробіш, кожнаму сваё…

Тэму пераемнасці пакаленняў мы прадоўжылі і пазней, калі магутны «Фэнд», пакінуўшы пасля сябе клубы пылу, пачаў сеяць. Канешне ж, клопатна жывецца і працуецца вяскоўцам, з гэтым не паспрачаешся. Але ж расціць змену сённяшнім хлебаробам трэба – гэта факт. Бо хлеб і да хлеба павінна быць заўсёды на кожным стале. «Хто ж, калі не мы?» – гэта пытанне-сцвярджэнне пачула ад Дзяніса Цімашова. І было бачна, што гэта не проста прыгожыя словы, а перакананне чалавека.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 182 queries