Грамадскасць Вілейшчыны шырока адзначае 100-годдзе з дня нараджэння Ганны Новік. А наш музей “Вілейшчына літаратурная” з асаблівай зацікаўленасцю сустракае гэту дату, бо, як кажуць экскурсаводы, “яна наша”. Годнае месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Ганне Аляксееўне.
Мы ганарымся, што маем яе рукапісы вершаў, фотаздымак, падпісаны яе рукой, успаміны М.М.Кунавіча (праўда ў газетным варыянце), дзве яе кнігі з аўтографам, падараваныя ў свой час Але Сямёнаўне Зайцавай, доктару-акулісту,кандыдату медыцынскіх навук. З Алай Сямёнаўнай мы сябравалі, нажаль, невялікі прамежак часу. Але яна пакінула аб сабе самыя шчырыя, самыя прыязныя ўспаміны і шмат дарагіх нам фотаздымкаў, успамінаў, шмат цікавага аб сабе і яе сяброўстве з Ганнай Аляксееўнай Новік. Дарагі нашаму музею фотарэпартаж з 75-годдзя паэткі, які праходзіў у Вілейскай бібліятэцы (вядучыя Раіса Канстанцінаўна Філістовіч і Віктар Віктаравіч Кажура) у выкананні Васіля Шэрага. Маюцца фотаздымкі ў пакоі Ганны Аляксееўны падчас сустрэчы нашых вучняў у яе дома і мноства таго, што друкавалася яе і пра яе ў перыядычным друку.
Напярэдадні юбілею мы вырашылі з часткай маіх экскурсаводаў здзейсніць шэраг сустрэч, прысвечаных знамянальнаму юбілею паэткі. Нас вельмі прыязна сустрэла Антаніна Іванаўна Гарчакова. У не вельмі далёкім 1994 годзе ў нашай раённай газеце быў змешчаны артыкул Антаніны Іванаўны “Яе вёсны”, прысвечаны Г.А.Новік. Сама Антаніна Іванаўна выкладала беларускую мову і літаратуру, прайшла кар’ерную лесвіцу ад настаўніцы да дырэктара школы, шмат удзяляла ўвагі выхаванню моладзі. Яна і зараз не сядзіць склаўшы рукі. На грамадскіх пачатках супрацоўнічае з “Чырвоным Крыжам”, з’яўляецца старшынёй ініцыятыўнай групы валанцёраў.
Нам яна расказала пра тыя сустрэчы з Ганнай Новік, якія пакінулі незабыўны след, чытала яе вершы, нават тыя, што ніколі яшчэ не друкаваліся, падарыла фотаздымак з сустрэчы, свае вершы, якія мы слухалі на адным дыханні, вершы сваёй дачкі Вольгі Несцер, паказала свой архіў: артыкулы, нататкі, выступленні, вершы, сваю бібліятэку. Усё прыведзена ў сістэму, аформлена вельмі ўдала. Захапіла нас і яе хобі. У цудоўным афармленні – паштоўкі розных гадоў, віншаванні вучняў і сяброў, наведаныя месцы ў час падарожжаў у паштоўках і фотаздымках. У 2007 годзе Антаніна Іванаўна падарыла нашаму музею два альбомы “Паэты Вілейшчыны”, у якіх сабраны вершы землякоў пачынаючы з 80-ых гадоў, якія друкаваліся ў “Шляху перамогі”. У ім многа цікавага, нават, я сказала бы, гістарычнага.
Размова няспешна вялася за сталом з тортам і духмянай гарбатай. Гучалі вершы, успаміны, адказы на пытанні. На развітанне Антаніна Іванаўна падарыла нам частку сваёй бібліятэкі. Ва ўсім адчуваўся пазітыў, жаданне несці людзям цяпло і слова не толькі сваё, але і тых, хто адносіцца да слова з павагай.
Роза ШЭРАЯ.
Фота прадастаўлена аўтарам
Грамадскасць Вілейшчыны шырока адзначае 100-годдзе з дня нараджэння Ганны Новік
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ