Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гаспадары сваёй зямлі

У канцы лютага, калі ў Палацы культуры ўшаноўваліся перадавікі народнай гаспадаркі Вілейшчыны, падзячны ліст райвыканкама атрымаў і стараста аграгарадка Лыцавічы Алег Краўчонак.

Так была адзначана яго дзейнасць па прыцягненні аднавяскоўцаў да вырашэння пытанняў добраўпарадкавання, захавання законнасці, правапарадку і супрацьпажарнай бяспекі. Ды і актыўная растлумачальная работа сярод людзей – таксама вельмі важная складаючая ў дзейнасці старасты.

Лыцавічы ўжо даўно сталі другой маленькай радзімай Алега Сямёнавіча. А першая – вёсачка Забар’е на Ільяншчыне. Тут ён нарадзіўся, рос, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, маці дала сыну свой наказ: «Ідзі ў Ільянскі сельгастэхнікум: і недалёка ад дома, і спецыяльнасць набудзеш парэбную». Хлопец так і зрабіў. Вучыўся з ахвотай, таму і веды атрымаў трывалыя, пра што сведчыць дыплом з адзнакай. А пасля вырашыў вучыцца далей і паступіў у Віцебскую Акадэмію ветэрынарнай медыцыны, закончыўшы якую паехаў працаваць ветурачом у Валожынскі раён. У той час і адбылася сустрэча, якая стала, бадай, самым важным у яго жыцці.

– У Маладзечна жаніўся мой стрыечны брат, – расказаў пра той час Алег Сямёнавіч. – Мяне не проста запрасіў на ўрачыстасць, але і даверыў быць сведкам. Канешне ж, згадзіўся. Ну, а з боку маладой сведкай была прыгожая дзяўчына Лена, у якую я адразу ж закахаўся. Яна працавала ў Маладзечне, дык я з вёскі, дзе працаваў, ездзіў да яе штодня. То аўтобусам, то на спадарожнай машыне, а то, здаралася, і пехатою. Карацей, за дзевяноста дзён з дня братавага вяселля мы, так бы мовіць, вызначыліся і пажаніліся. З таго ўжо далёкага 1982га мы з Аленай Леанідаўнай разам ідзём па жыцці.

Праз пэўны час Краўчонкі вырашылі пераехаць на радзіму мужа, дзе і жывуць зараз. Алегу Сямёнавічу выпала папрацаваць у гаспадарках раёна і па спецыяльнасці, і па партыйнай лініі. А пазней, калі ўзнікла і стала пашырацца прадпрымальніцтва, ён не пабаяўся заняцца сваёй справай. Давялося паспрабаваць свае сілы ў розных прафесіях і ўсюды, адзначае Алег Сямёнавіч, ён стараўся працаваць так, як належыць. Цяпер вось займаецца грузаперавозкамі.

– Ды і не толькі імі, – падзяліўся суразмоўца. – Да ўсяго іншага я яшчэ і рамеснік – раблю розную мэблю з дрэва. А пачынаў з вырабу невялікіх драўляных рэчаў накшталт лыжак ды палонікаў. Для мяне праца з дрэвам – своеасаблівая аддушына. Канешне ж, вялікіх грошай на гэтай справе не заробіш, а папрацаваць трэба. Ды і як жа без працы? Я чалавек вясковы, магу многае: і печкі класці, і зрубы рубіць. Усяму можна навучыцца, галоўнае – каб было жаданне.

Гадоў з пятнаццаць таму аднавяскоўцы даверылі Алегу Краўчонку быць старастам. Дакладней, адным са старастаў, бо другім была таксама паважаны ў Лыцавічах чалавек Зоя Іванаўна Карыба, колішні бібліятэкар.

– Наш населены пункт немаленькі, улетку да паўтары тысячы чалавек налічвае, – расказаў Алег Сямёнавіч. – Ну, а зімой разы ў тры меней застаецца. Працуючы з людзьмі, стараюся данесці ім галоўнае: ніхто за нас нічога рабіць не будзе, трэба самім быць дбайнымі гаспадарамі і ствараць для сябе камфорт.

Многа гадоў назад Алег Краўчонак разам з іншымі сельскімі актывістамі звярнуліся да колішняга кіраўніка мясцовай гаспадаркі Мікалая Шайко з просьбай выдзеліць трактар для збору смецця. Мікалай Іванавіч згадзіўся. Так пачыналася самакіраванне. А ўжо намнога пазней пачалі заключацца дагаворы на вываз смецця з жыллёва-камунальнай гаспадаркай.

– Быў час, калі ў раёне чамусьці пачалі выкарчоўваць сады, – нагадаў Алег Сямёнавіч. – Мы ж, параіўшыся з усім актывам, свой сад адстаялі, і ён цяпер на балансе школы. Заўсёды дагледжаны, дрэўцы пабеленыя. Увосень радуе багатымі ўраджаямі… Хіба гэта дрэнна? Ды і прыгажосць якая…

Урэшце, тутэйшыя мясціны і сапраўды надзвычайна прыгожыя. Вішнеўскае возера, якое раскінулася недалёка, збірае мноства жадаючых адпачыць ля яго. Ёсць прыгожая сажалка і ў саміх Лыцавічах, ля якой можна адпачыць, палюбавацца хараством навакольных мясцін. Вадаём знаходзіцца ў руках прыватніка, які па-гаспадарску даглядае і сочыць тут за парадкам.

Загаварылі аб праблемах, якія зараз турбуюць сяльчан і, канешне ж, старасту. Не раздумваючы, ён адказаў, што практычна ўсе пытанні вырашаюцца, бо не пакідаюць іх без увагі ні мясцовая ўлада, ні актыў, у складзе якога нераўнадушныя людзі.

– Самае галоўнае, што нас зараз турбуе, – гэта замена водаправода, – падзяліўся Алег Сямёнавіч. – Сеткі яго моцна зношаны, таму за год бывала недзе па дваццаць іх парываў. Уся праблема, што водаправод пакуль што не на балансе «Вілейскага водаканала», але ж, думаем, гэта пытанне ўдасца вырашыць. Гэта праблема, якая мяне, як старасту і як жыхара аграгарадка, хвалюе.

Расказваючы пра жыхароў Лыцавічаў, мужчына адзначыў, што пераважная большасць іх з разуменнем адносіцца да пытанняў добраўпарадкавання, многае робіць, каб гэтыя мясціны сталі яшчэ прыгажэйшымі і камфортнымі для адпачынку. Але і прадстаіць яшчэ, сказаў Алег Сямёнавіч, многае зрабіць, давесці да ладу. Сёлета плануецца правесці раённыя Дажынкі менавіта ў Лыцавічах, а гэта і прыемна, і да многага абавязвае, і дае стымул для далейшай актыўнай дзейнасці. І стараста добра разумее сваю важную ролю ў гэтай справе.

Ірына БУДЗЬКО/Фото з сямейнага альбома КРАЎЧОНКАЎ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries