Злавіць вільгаць. Упершыню гэты выраз пачула з вуснаў Віктара Драчылоўскага, галоўнага агранома «Нарачанскіх зораў». Землі тут пясчаныя, талую ваду выпарваюць хутка. Гэта той прыродны фактар, з якім не паспрачаешся.
– Галоўнае, каб зерне трапіла ў вільготную зямлю, – разважае дырэктар акцыянернага таварыства Генадзь Кучко. – А калі яму прарасці – яно само ведае. – З Генадзіем Мечыслававічам мы знаёмыя даўно. Ведаю гэтага чалавека як сталага, спрактыкаванага кіраўніка, разважнага і дыпламатычнага. У яго на ўсе рэчы, з’явы – свой пункт погляду, які ён не схільны мяняць у залежнасці ад сітуацыі. Гэта што тычыцца гаспадарання на зямлі. Усё тут залежыць ад дысцыпліны людзей і прадуманай сістэмы кіравання, якая абавязкова павінна быць, – лічыць Генадзій Мечыслававіч. Не апошняя справа – клопат аб дабрабыце людзей. Аграгарадкі, – разважае ён, – усвядомленая неабходнасць. Некалі ў ідэалогіі існаваў тэрмін «сцірання» істотных межаў паміж горадам і вёскай. Межы не сціраліся, затое цэлыя сельскія паселішчы, так бы мовіць, неперспектыўныя, знікалі з твару зямлі. Утопіяй было б адбудаваць іх нанава. А вось стварыць належную інфраструктуру пасёлку – і арганізаваць у ім жыццё, падобнае на гарадское, – можна. І неабходна.
Аграгарадок – гэта вёска ў новым статусе. Яго мае Нарач – цэнтральная сядзіба акцыянернага таварыства. Нядаўна сюды прыйшоў прыродны газ – істотны момант у развіцці мегаполіса. Рэалізацыя сацыяльных праграм – важны кірунак у развіцці гаспадарчай структуры. У «Нарачанскіх зорах» усё тое, што вучыць, лечыць, выхоўвае, стварае спрыяльны быт для працаўніка, дапамагаючы яму набываць фізічнае і духоўнае здароўе, – функцыяніруе пад патранажам таварыства.
Часта бываючы ў гаспадарцы, не прамінаю завесці адкрытыя размовы з яго радавымі працаўнікамі. Заўсёды ўражвае іх надзіва шырокая дасведчанасць у справах свайго калектыву: планы на ўраджай, ход корманарыхтовак, дзе сёння-заўтра пачнецца сяўба, – гэтыя і іншыя вялікія і зусім нязначныя, на першы погляд, факты з жыцця таварыства вядомы практычна кожнаму яго члену. Усе яны арыентаваны ў вытворчых справах на дакладна пастаўленую мэту – якасны канчатковы прадукт. А каб ён сапраўды такім стаў, клапоцяцца агранамічная,заатэхнічная і ўсе іншыя службы акцыянернага таварыства.
Сёлета вілейскі раён – лідар у вобласці па корманарыхтоўках. Поспех кампаніі ствараюць сельгасарганізацыі накшталт «Нарачанскіх зораў», дзе створаны двухгадовы запас кармоў. Давялося бачыць, як арганізавана тут вяліся ўкосы. Кормаўборачны канвеер дзейнічаў як цэльны, адладжаны механізм. У ім кожная тэхнічная адзінка займала абведзенае ёй месца і несла загадзя спланаваную нагрузку. Дзякуючы, вядома, зладжанай працы вопытных механізатараў. Сяргей Кубліцкі, Іван Гержатовіч, Георгій Чайкоўскі, Ігар Карыцька – гэта толькі некалькі імён удзельнікаў кормаатрада. Магчыма, некаторыя з іх прагучаць на абласных дажынках сярод тых, хто будзе заахвочаны за сваю самаадданую працу.
Публічнае прызнанне – гэта важна для чалавека, яно ўзнімае яго статус, дапамагае станаўленню і самасцвярджэнню. Аб гэтым мне таксама даводзілася гутарыць з хлебаробамі акцыянернага таварыства. Большасць прызнавалі аднолькавую вагу маральных і матэрыяльных стымулаў. Усё трэба рабіць па тэхналогіі – любімы выраз галоўнага агранома акцыянернага таварыства. Яго ён яшчэ раз выкарыстаў, калі размова ішла аб буйным травастоі на сенажацях. Да пачатку зялёнага жніва тут пабудавалі дзве новыя сянажныя траншэі і заняліся мантажом яшчэ дзвюх, справядліва палічыўшы, што ўсе яны будуць запоўнены. Так і атрымалася. Бо, згодна тэхналогіі, яшчэ з восені падкармілі травяныя ўгоддзі калійнымі ўгнаеннямі. Вясной, у час вегетацыі, у патрэбнай колькасці ўнеслі азотныя. Віктар Драчылоўскі заўсёды шчыра дзеліцца нюансамі агранамічнай навукі і практыкі. Прыкметна, што ў гэтым акцыянерным таварыстве людзі не з пэўнай доляй умоўнасці, а рэальна лічаць сябе гаспадарамі нарачанскай зямлі. Вось чаму іх кампетэнтнасць распаўсюджваецца далей трактарнага плуга і даільнага апарата. Таму вучацца тут не толькі спецыялісты, але і жывёлаводы, механізатары, вадзіцелі.
– У нас пасяўная – круглы год, – гаворыць Генадзь Кучко. Што ён мае на ўвазе – здагадацца няцяжка. Прадукцыя палёў сілкуе жывёлагадоўчую галіну. І што ў гэтым ланцугу першачарговае – варта задумацца.
Зямля – жывая субстанцыя. І, як усякая жывая істота, патрабуе ўвагі да сябе. Гэту акалічнасць, як аксіёму, нарачанцы прымаюць без доказаў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з архіву рэдакцыі