Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Галоўная задача – у тэрмін і без страт убраць азімы рапс

Першыя збожжаўборачныя камбайны на мінулым тыдні выйшлі ў поле.
У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна поўным ходам ідзе ўборка азімага рапсу.

У РСУП «Першы Бела­рускі» у гэтым годзе неабходна прыбраць 400 гектараў азімага рапсу. На палях гаспадаркі зараз працуюць тры камбайны, а ўсяго на уборачнай-2020 будзе задзейнічана сем камбайнаў. Мы прыехалі з кіраўніком гаспадаркі Аляксандрам Аўгусціновічам на поле каля вёскі Лоцевічы.

– Тут пасеяна 135 гектараў азімага рапсу беларускага гатунку «Імперыял». Ураджайнасць – каля 15 цэнтнераў з гектара. У дзень у сярэднім прыбіраем каля 40 гектараў, – адзначае Аляксандр Аляксандравіч.

У гэты час да нас набліжаец­­ца новы камбайн на чале з камбайнерам Сяргеем Яўгелем і памочнікам Валянцінам Пабойневым. Дарэчы, Сяргей Яўгель штогод, адкладваючы асноўныя абавязкі ў райветстанцыі, на час уборачнай прыязджае сюды ў гаспадарку. Традыцыйна на старонках газеты мы адзначаем яго як нязменнага перадавіка. Вось і на гэты раз пытаемся, які год ўжо ён за штурвалам камбайна.

– 25 гадоў – у якасці камбайнера, а памочнікам камбайнера – з 17 гадоў як пачаў працаваць. Так што – амаль усё свядомае жыццё. Вось і Аляксандр Аляксандравіч выдаў зноў новы камбайн, напэўна, баіцца, каб не збег, – жартуе Сяргей Яўгель. – Рапс добры, праўда, працуем толькі абмежаваны тэрмін па часе – з 10 раніцы да 19 вечара.

Якраз падчас размовы пад’язджае машына за абмалочанай алейнай культурай. Вадзіцель Валянцін Тафейка, каб не дапусціць прастою камбайна, без прыпынку здзяйсняе рэйсы з поля на збожжасушылку. Вось і зараз, уба­чыўшы карэспандэнта з фотаапаратам, не стушаваўся, а пад’ехаў і робіць сваю справу, каб не дапусціць ні хвіліны прастою.

У хуткім часе ў гаспадарцы пачнуць абмалочваць ячмень, іншыя азімыя і яравыя культуры. Усяго на палях «Першага Беларускага» 578 гектараў яравога ячменя, 1250 азімай пшаніцы і жыта. Зрабіўшы стаўку на высокаўраджайныя гатункі і гібрыды азімага рапсу, устойлівыя да абсыпання і палягання, гаспадарка плануе правесці ўборку ўраджаю з мінімальнымі стратамі, бо марудзіць нельга. Сёння галоўная задача – у тэрмін і без страт убраць азімы рапс.

Пара ў гаспадарках раёна ўжо гарачая. Вось і 21 ліпеня ва «Усходнім агра» назначаны раённыя зажынкі. Час не чакае. А за ўраджай перажываюць не толькі кіраўніцтва раёна і гаспадарак, але і самі механізатары: што ні кажы, а жніво для іх – адказная праца дзеля роднай Вілейшчыны і краіны, а таксама добрая магчымасць зарабіць.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries