Ход і тэмпы жніва – адказная справа не толькі для хлебаробаў, але і для галіновага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу. На гэтым тыдні Вілейшчыну наведаў Леанід Козік – старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Падтрымаць хлебаробаў прыехалі і яго калегі – Аляксандр Мікша, намеснік Леаніда Козіка, і Андрэй Някрэвіч, прафсаюзны лідар работнікаў АПК Міншчыны.
У полі іх зроку – умовы працы падчас уборачнай кампаніі, яе аплата, тэхніка бяспекі. Як заўважылі механізатары ААТ «Сцешыцы» ў размове з гасцямі, не менш важная для іх і маральная падтрымка – як-ніяк, з ранку і да позняга вечару мужчыны ў полі, дзе шчыра працуюць не напаказ, а дзеля будучага ўраджаю. Па традыцыі, па лініі раённай і абласной прафсаюзных арганізацый ўшаноўваюцца не толькі перадавікі – усе працаўнікі жніва. На момант візіту ў полі пад Жарамі працавала пяць камбайнавых экіпажаў. Усе працаўнікі атрымалі на памяць падарункі ад прафсаюза.
У Віктара Каляды, кіраўніка гаспадаркі, Леанід Козік пацікавіўся сітуацыяй з палівам, тым, як наладжана харчаванне працаўнікоў жніва, іх адпачынак. У Сцешыцах заведзена: той, хто па выніках жніва займае першае месца, атрымоўвае стокілаграмовага кабана, за другое месца ў гаспадарцы даюць цяля, а за трэцяе – пару парасят. Згадзіцеся, неблагі стымул для працы. На мінулы чацвер, калі адбыўся візіт, было ўбрана 23% плошчаў – жалі ячмень і ўжо паспрабавалі азімае жыта. Вільготнасць збожжавых невялікая – не больш за 21%, і гэта плюс. Вілейшчына – паўночны раён вобласці. І жніво тут пачалося пазней, чым у іншых рэгіёнах Міншчыны. Але тэмпы яго радуюць, – адзначыў Андрэй Някрэвіч. Хоць жніво не скончана, ў гаспадарцы ўжо рыхтуюцца плошчы пад азімую сяўбу. З тыдзень ворыва адпачне – і можна сеяць.
А на развітанне госці пажадалі сцешыцкім хлебаробам спрыяльнага надвор’я. І, вядома, адпаведнага настрою, высокіх намалотаў – таго, што спрыяе працоўнай актыўнасці людзей.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара