Днямі сябры вілейскай суполкі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў, што носіць імя вілейскага краязнаўца Аляксея Лужынскага, устанавілі чарговы стэнд з краязнаўчай інфармацыяй. На гэты раз – у Вязыні.
Адразу хацелі ўладкаваць яго на месцы паркоўкі, аднак прыслухаліся да меркавання старшыні сельскага Савета Ігара Судніковіча, што акрамя рыбакоў яго ніхто не пабачыць. І ўстанавілі ля царквы, каля скрыжавання галоўных вязынскіх вуліц. Праца хлопцаў не засталася незаўважанай мясцовымі жыхарамі. Актыў вёскі ў складзе Раісы Філістовіч, Ніны Гладкевіч, Раісы Пакладок не толькі ўхваліў справу хлопцаў на словах, а і нават аддзячыў смачным абедам.
Жанчыны зазначылі, што лічаць ініцыятыву суполкі важнай і карыснай для вёскі. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Такія стэнды проста знаходка для турыстаў, што вандруюць індывідуальна. Бо лаканічна і ёмка прадстаўляюць гісторыю вёскі, падаючы інфармацыю аб самых важных падзеях, фактах і асобах, звязаных з мясцінай.
Па словах кіраўніка суполкі Дзяніса Канецкага, такой працай яны займаюцца з 2013 года. За гэты час інфармацыйныя стэнды з’явіліся ў 11 вёсках раёну. І спыняцца на дасягнутым суполка не збіраецца. Таксама Дзяніс Канецкі шчыра дзячыць усім тым, хто дапамагае ў гэтай справе, асабліва Дзмітрыю Гарланаву, Аляксандру Плавінскаму і ўсім удзельнікам суполкі.
Яшчэ адной мэтай вандроўкі сяброў вілейскай суполкі ў Вязынь быў пошук каменя, што некалі размяжоўваў тэрыторыі маёнткаў Вязынь і Ляўкова. Дзеля гэтага да хлопцаў далучыўся знакаміты ў раёне і за яго межамі даследчык камянёў Аляксандар Зайцаў.
Межавы камень знайшлі. З зямлі відаць толькі пляскатая частка памерам 3,9 м на 3,6 м. Углыб камень адкапаны на 40 см. Магчыма, знойдзены найвялікшы камень Вілейскага раёна. Аднак пакуль гэта толькі гіпотэза, якая патрабуе доказу.
Ірына ТРУБАЧ.
Фота прадастаўлены Дзянісам КАНЕЦКІМ
Малайцы хлопцы! Віншую з чарговай перамогай над неабыякавасьцю да гісторыі роднага краю!