Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзівосны і захапляльны свет Талуці

Успамінаю сваё дзяцінства, у якім столькі пяшчоты, цеплыні, ласкі – і адразу становіцца неяк асабліва ўтульна. Адзін з першых маіх дзіцячых успамінаў – гэта ласкавы голас бабулі, які так часта напаўняў мой дзіцячы пакой сваёй кранальнай мелодыяй, мелодыяй калыханкі… Хачу паведаміць пра маю любую бабулю, якая ўвяла мяне ў дзівосны свет фальклору… Менавіта яна, мая родная бабулечка, навучыла мяне любіць роднае слова, простых вясковых жыхароў – яго носьбітаў. Кожнае лета я спяшалася ў вёсачку Талуць, якая стала для мяне нечым большым, чым проста месца, дзе я праводжу канікулы.

Сільвановіч Міраслава Уладзіміраўна адпрацавала загадчыцай Талуцкага народнага дома амаль сорак год. Усё яе жыццё было звязана з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, фальклорнай спадчынай. Яе дзеці перанялі любоў да народнай творчасці, іх аб’яднаў агульны інтарэс – вырабы з жытнёвай саломкі. У мяне, звычайнай дзевяцікласніцы, таксама ёсць цікавасць да ўсяго, што звязана з народнай творчасцю (дзякуй за гэта табе, бабуля!)
Талуць – вельмі прыгожая вёска, якая знаходзіцца на Вілейшчыне, зведала ўвесь жах фашысцкіх рэпрэсій. Шмат вясковых хат было знішчана, людзі сяліліся ў зямлянках. Пасля вайны моладзі ў вёсцы было шмат. Агулам вырашылі, што неабходна будаваць клуб. З 1953 года тут праходзілі ўсе вясковыя вяселлі, ладзіліся танцы.
Старэлі жыхары. Але клуб не пуставаў. Мая бабуля стала збіраць тут жанчын. І клуб стаў сапраўдным “народным” домам. Тут майстэрня і музей, і выстава, і месца адпачынку. Знеслі сюды прасніцы, кросны, калаўроты. Разам вышывалі, ткалі, вязалі, спявалі. Што ні жанчына ў Талуці – то знатная майстрыха, захавальніца фальклорных традыцый. Тут і сямейныя святы ладзілі, і гасцей сустракалі, на вячоркі землякоў запрашалі. Гэта быў цэнтр ткацтва, вышыўкі, саломапляцення. І дзятва вясковая часцей забягаць стала. Майстрыхі шчодра дзяліліся з моладдзю сакрэтамі майстэрства.
Тады ж узнікла ідэя стварыць у вёсцы фальклорны гурт “Талуцяначка”. Гэта быў незвычайны, унікальны калектыў, які вярнуў да жыцця мясцовую абраднасць. Любоў да трапнага роднага слова, да матчынай песні, да старадаўняга танца, да дасціпнага жарту – вось што аб’ядноўвала ўдзельніц. Гэтыя таленавітыя жанчыны з вялікім задавальненнем перадавалі мясцовыя абрады і традыцыі дзецям.
Маё маленства цесна звязана з церамам-церамком, які стаіць сярод бярозавага гаю, у засені старых дрэў. У пакоі на другім паверсе я круцілася пад нагамі ў жанчын, дакучала ім шматлікімі дзіцячымі пытаннямі. Але, на дзіва, і для мяне знаходзіўся занятак: то рабіла саламянага “павучка”, то вязала каляровую сурвэтку, а то нават спрабавала плесці сапраўдны кошык. Далёка не кожная дзяўчынка можа пахваліцца такімі дзіцячымі ўспамінамі! А ў мяне яны ёсць! Стаміўшыся, я любіла залезці на лазовае крэсла-гушкалку і слухаць ціхі напеў чыстых жаночых галасоў. Асабліва падабаліся мне калыханкі, іх напеўнасць і пяшчотнасць:
Ходзіць кот па сенажаці,
Кліча сон ён да дзіцяці.
Ой, сонечку-галубочку,
Прыспі маю Волечку…

А хто лепш спяваў калыханкі, як не самая старэйшая ўдзельніца ўсіх абрадаў і свят – Дзіна Карлаўна Квяткевіч! Бабуля Дзіна ўсё жыццё вучыла вясковую дзятву ў школе. Ніхто не ведаў столькі калыханак, прыказак, прымавак, вершаў, як яна. Без яе і вячоркі – не вячоркі, і выступленне – не выступленне. Менавіта яна распавядала нам, дзецям, пра тое, што песні суправаджалі беларуса ад нараджэння да смерці.
Як я пазней даведалася, мая бабуля зрабіла нават асобны альбом, дзе сабрала ўсе запісаныя ад мясцовых жыхароў гульні, пацешкі, калыханкі, загадкі. Гартаючы яго, я знайшла самую першую калыханку, якую спявала мне маці, магчыма словы трошкі адрозніваліся, але “кабылку і ножку” я добра запомніла.
Мая бабуля ўжо на пенсіі, але яна ні хвілінкі не сядзіць без занятку. Працуе ў агародзе, а ў вольны час займаецца любімай справай – саломапляценнем. У яе хаце можна ўбачыць і вышываныя ільняныя ручнікі, і тканыя рознакаляровыя посцілкі. Але найбольш талент праявіўся ў шматлікіх саламяных куфэрках і скрыначках, ляльках і капелюшах. З бабуляй лёгка і радасна праводзіць час. Я ад яе многаму навучылася. А яшчэ зразумела, што спадчына ля нас як промні сонца. Важна не згубіць гэтае святло, бо ў ім наша адметнасць і самабытнасць. А яшчэ мая бабуля кожны год, на Пасху, вучыла мяне спаласнуць твар свянцонай вадой, у якой ляжала яйка, затым перахрысціцца і сказаць усім: ”Хрыстос уваскрос!” Кожную Пасху мы сям’ёй едзем у Талуць, так вітаем вяскоўцаў, а ў адказ чуем: ”Сапраўды ўваскрос!”
Я, як і тое маленькае бусляня на бабулінай ліпе, што ўбачыла свет з гнязда, даведалася пра ўсё самае важнае, цікавае і патрэбнае менавіта з вёскі. Птушачка кожны дзень назірала за тым, як працавітыя сяляне ўвішна займаліся сваімі справамі: хтосьці зранку касіў, нехта спяшаўся на ферму, іншы гнаў кароў на пасьбу… Зараз я з упэўненасцю магу сказаць, што гэтыя дзіцячыя ўспаміны я зберагу праз ўсё жыццё.
Вольга ФЁДАРАВА,  вучаніца 9 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Вілейкі”.
Фота Сяргея БЯДРЫЦКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries