Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Дзень жывёлавода» прайшоў у Добравічах Вілейскага раёна

На Міншчыне стартавала традыцыйная рэспубліканская акцыя прафсаюза аграпрамысловага комплексу «Наш жывёлавод». У нашым раёне яна прайшла на малочнатаварнай ферме «Добравічы»сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Першы Беларускі».

На сустрэчу з працаўнікамі фермы ў гэты дзень прыехалі старшыня Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода, старшыня раённага галіновага прафсаюза Аляксандр Брыль, кіраўніцтва гаспадаркі.

– Сёлета акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца ў чацвёрты раз, – сказаў на сустрэчы з калектывам фермы Міхаіл Бода. – Яна праходзіць у час зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы, і за гэты перыяд мы пабываем ва ўсіх раёнах, сустрэнемся з калектывамі жывёлаводаў.

Як адзначыў лідар абласнога прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, галоўныя мэты акцыі дзве: убачыць, у якіх умовах працуюць жывёлаводы, выслухаць іх і адказаць на пытанні, а таксама – падзякаваць людзям за сумленную працу, уручыць ім падарункі.
Знаёмячыся з умовамі працы добравіцкіх жывёлаводаў (трэба адзначыць, што ёсць на ферме ўсё для таго, каб людзі працавалі ў дастойных умовах), Міхаіл Бода шчыра падзякаваў ім за сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў і дастойныя вытворчыя паказчыкі. Так, сярэднесутачны надой ад каровы ў Добравічах складае зараз 16,4 літра малака, што нават пераўзыходзіць сярэднеабласны паказчык. Прыемна, адзначыў Міхаіл Тарасавіч, што і ўвогуле жывёлаводы Вілейшчыны ў апошні час дабіваюцца вышэйшых паказчыкаў у параўнанні з папярэднімі гадамі.

У размове з калектывам фермы Міхаіл Бода спыніўся і на такіх важных момантах, як ахова працы, яе аплата, дысцыпліна, настрой людзей. Ён адзначыў, што добра ведае пра нялёгкія будні вяскоўцаў (сам аддаў працы ў сельгасгаліне немалы адрэзак часу) і лічыць, што гэтыя людзі заслугоўваюць падзякі і ўвагі. Гэтыя цёплыя словы і прагучалі.

Ва ўнісон сказанаму лідарам галіновага прафсаюза Міншчыны прагучалі і словы кіраўніка «Першага Беларускага» Аляксандра Аўгусціновіча. Ён расказаў, што гаспадарка стараецца падтрымліваць сваіх працаўнікоў і дапамагаць ім. Так, усю апрацоўку прысядзібных участкаў сваіх працаўнікоў прадпрыемства ўзяло на сябе і выконвае ўсе работы бясплатна. Тыя з работнікаў, хто трымае на падворку кароў, забяспечваюцца ў патрэбным аб’ёме грубымі кармамі. А гэта, трэба прызнаць, адчувальная дапамога і заахвочванне вяскоўцаў.
Пра добрую традыцыю ўрачыстага ўшаноўвання жывёлаводаў Вілейшчыны сказаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Брыль. Вясной мінулага года такая ўрачыстасць адбылася ў Нарачы, у бягучым годзе плануецца яе правесці ў Людвінова. Радуе такі клопат пра людзей нялёгкай жывёлагадоўчай галіны.
Закончылася сустрэча прыемным: Міхаіл Бода павіншаваў добравіцкіх жывёлаводаў і ўручыў падарункі лепшым працаўнікам гэтага калектыву: галоўнаму зааатэхніку Святлане Аўгусціновіч, аператарам машыннага даення Валянціне Панарад, Галіне Васілёнак і Марыі Станкевіч. Што і казаць – па працы і пашана.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Ірыны БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 57 queries