Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень Перамогі ў Заброддзі

Стаю перад крыжам на магіле. «Упокой Христе Боже наш души воинов, на поле брани убиенных…» Колькі іх, тых, хто загінуў у баях і памёр ад ран, пахавана тут, на могілках у Заброддзі! У памятны Дзень Перамогі іх душы, верыцца, былі сведкамі ўрачыстых мерапрыемстваў, што тут праходзілі.

…Здаецца, нават дрэвы прыціхлі, каб чуць малебен, які святары адслужылі на могілках. Тут сабраліся людзі – юныя і немаладыя, мясцовыя жыхары і прыезджыя госці, – каб усім разам ушанаваць памяць тых, хто аддаў жыцці ў імя мірнага сёння. Гарэлі памінальныя свечкі, гучалі словы шчырай малітвы за супакой тых, хто адышоў у бессмяроцце. І не важна, у якой вайне – Першай сусветнай ці Вялікай Айчыннай – загінуў салдат. Галоўнае, што ён да канца выканаў свой воінскі абавязак і назаўсёды застаўся жыць у памяці нашчадкаў.
Акідваеш вокам маляўнічыя заброддзеўскія краявіды і ў думках стараешся перанесціся ў тыя далёкія гады, калі тут ішлі баі. Што памятаюць вось гэтыя старыя дрэвы, што расказалі б яны нам сёння, каб маглі гаварыць? І гэтае блакітнае-блакітнае неба было калісьці страшна-цёмным ад дыму і копаці; і пяшчотнае сонейка, што так ласкава грэе, засцілалі змрочныя хмары…
Так было, і напамінкам пра перажытае тут – плады велізарнай работы Барыса і Валянціны Цітовічаў, людзей, якімі столькі зроблена ў справе зберажэння Святой памяці, патрыятычнага выхавання. І сёння тут, у Заброддзі, здаецца, жыве сама гісторыя…
Дзень Перамогі, як і планавалася, атрымаўся запамінальным. І дзякуючы сваёй высокай місіі, і таму, як многа людзей сабралася тут. З прывітальнымі словамі звярнуліся да прысутных госці: саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Малашанка, каардынатар грамадскага аб’яднання суайчыннікаў пры расійскім пасольстве Іван Кронда, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. Было многа цёплых слоў, цікавых сустрэч, цудоўнай музыкі, хвалюючых песень. Не абышлося і без звыклай палявой кухні. І над усім гэтым была памяць, шчымлівая, хвалюючая і светлая.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара



Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries