Па дарозе на Будслаў, дзе праходзіла штогадовае касцёльнае свята, зачапіла позірк за ўказальнік – «Клесіна». Успомніла, што была тут у красавіку, калі па абочынах рунела маладая траўка, а ў полі, набрынялым веснавой вільгаццю, ішла сяўба. Пагутарыўшы з сейбітамі, выязджалі на бальшак цераз Клесіна. І колішняя старшыня прафкама ўнітарнага прадпрыемства «Першы Беларускі» Марыя Маскалевіч прапанавала заехаць у крайнюю хату. Магчыма, журналіста зацікавяць яе гаспадары. Знаёмства адбылося, толькі матэрыял так і застаўся ў маім блакноце. Нахлынулі падзеі, калаверць майскіх святаў. Але, значыць, суджана было вяртанне.
Двор у сядзібы Адамовічаў – прасторны. Хапае месца і для гародчыка, і для дызайнерскіх імправізацый гаспадара Дзмітрыя, якому і дом, і сяліба дасталіся ў спадчыну ад дзеда. Міхаіл Іларыёнавіч Ермаковіч быў паважаным у акрузе чалавекам. Доўгі час працаваў, тады яшчэ ў саўгасе, тэхнікам-асеменатарам. Увогуле ж, на вёсцы людзей цэняць за камунікабельнасць, гаспадарнасць. А Міхаіл Іларыёнавіч быў сапраўдным гаспадаром. Трымаў па дзве каровы. Вяскоўцы ведаюць, які працаёмкі гэты занятак. У ім змалку дапамагаў дзеду Дзіма. Зранку, пакуль раса, завіхаўся з касой на недалёкім сенакосе. Што зграбці сена, што воз скласці – усё ў падлетка гожа атрымлівалася. Не дзіва, што пасля армейскай службы Дзмітрый вярнуўся на роднае падвор’е. Гэты куточак радзімы, благаслаўлёны прысутнасцю ў ім блізкага чалавека, ён цяпер ні на якія выгоды не прамяняе. Так лічыць і яго жонка Юля. Яе Дзмітрый гаспадарчай работай стараецца не напружваць. Жанчыне, лічыць ён, важна хатнімі справамі займацца. Прыгатаваць, падаць, прыбраць… Як-ніяк, падрастаюць у сям’і двое дзетак. Дачушка дзіцячы садзік наведвае. А паўтарагадовы Іллюшка да мацярынскіх рук горнецца.
А на руках Дзмітрыя і Юліі – дзевяць дойных кароў. Гэта – як даніна дзедавай спадчыне і галоўны сродак існавання сям’і. Малако прыносіць даход. Але ж на яго і працаваць трэба. Побач з сядзібай падсобнай гаспадарцы Адамовічаў выдзелена ў карыстанне тры гектары зямельных угоддзяў. Ёсць паша. У гаспадарцы – конь. Даенне кароў, хто ведае, – складаны і працаёмкі працэс. Таму гаспадары набылі даільны апарат. Каб каровы на пашы не пакутавалі ад смагі, Дзмітрый сам прыдумаў прыстасаванне ў выглядзе бочкі, прываранай да калёс. Каня, кажа, запрагу, і цягне, куды трэба. А там, таксама мабільнае, – карыта для вады. Чалавек, схільны да тэхнічных вынаходніцтваў, па вартасці, безумоўна, ацэніць гэтыя навацыі. Дзмітрый сам прыдумаў і змайстраваў тачку для перавозкі рулонаў сена і саломы. Атрымалася чуць не натуральная гаспадарка. Праўда, без удзелу акаляючага асяроддзя, у поўнай ізаляцыі, гаспадарчы механізм асуджаны на збоі.Гэта разумеюць маладыя гаспадары, будуючы сялібу з арыентацыяй на выгоды цывілізацыі. У хату праведзена вада. У сучасным дызайне, з выкарыстаннем навейшых аддзелачных матэрыялаў, зроблены рамонт пакояў. Сям’я прызнана афіцыйным лідарам раённага спаборніцтва малаказдатчыкаў.
Малы Ілля задаволена слухае спеў канарэек. Дзецям на ўцеху і для аздобы свайго быту набылі Дзмітрый і Юлія парачку гэтых экзатычных птушак. І цяпер чакаюць ад іх патомства.
Марыя КУЗАЎКІНА.
На здымках: сям’я Адамовічаў у інтэр’еры ўласнага падвор’я
Фота зроблены аўтарам у красавіку.