Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дорога жизни Ольги Климёнок

Яна доўжыцца 58 гадоў. Такі значымы рубеж жыцця дазваляе падсумаваць пройдзенае, здабытае, перажытае, азірнуцца назад і спытаць: «Ці так я жыла, што карыснага зрабіла ў сваім жыцці для людзей роднага краю і як працягваць жыць, каб была вера ў будучыню?»

Вольга Клімёнак з узнагародай на раённым мерапрыемстве да Дня

сацыяльнага работніка. Фота Таццяны ШАРШНЁВАЙ

 

Нарадзілася Вольга Канстанцінаўна ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Сёстры Эля, Фаіна, Каця, Аня, Валя, На­дзя, самая меншая Вольга і брат Коля. Няпроста было бацькам Канстанціну Антонавічу і Лізавеце Канстанцінаўне расціць і выхоўваць васьмярых дзяцей. Таму трымалі вялікую гаспадарку. З дзяцінства Вольга прайшла школу сялянскай навукі. Ведае цану працы, хлеба. Вольга прыгадвае: «Мы, дзеці, вучыліся самі вырошчваць хлеб. Жалі сярпом жыта, рэзалі дровы двуручнай пілой. Трэба было пасвіць кароў, сушыць сена, рваць траву ў полі для гусей. Садзілі і палолі грады. Ды ці мала было клопатаў па гаспадарцы! Правіла ўсім у сям’і мама. Яе галоўны клопат быў накарміць нас, апрануць і расціць здаровымі, загартаванымі ў працы. Зрэдку мама спалучала дамашнія клопаты з працай на ферме. Яна была строгая. Цяпер я разумею, што інакш было немагчыма.

А вось тата ўсё жыццё працаваў у калгасе трактарыстам. За шматгадовую працу не раз узнагароджваўся граматамі райвыканкама і мясцовай гаспадаркі. Яго фатаграфія размяшчалася на Дошцы гонару».

Нездарма пасля заканчэння 10 класаў у 1983 годзе Вязынскай сярэдняй школы Вольга адразу ж пайшла працаваць у калгас. З 1986 года – праца на спіртзаводзе. У гэты час заводу патрабаваліся рабочыя рукі. Трэба было вырошчваць на 50 гектарах араматычныя травы.

Вольга Канстанцінаўна з любоўю ўспамінае працу на спіртзаводзе. Прадпрыемства тады ўжо не працавала. Затое радавалі парнікі на тэрыторыі завода. Памідоры, агуркі, расаду кветак вырошчвалі. Дружны быў калектыў, працавіты.

Затым пачалася новая жыццёвая дарога. З 2001 года Вольга Канстанцінаўна працуе сацыяльным работнікам. Зараз яна абслугоўвае 13 чалавек у Вязыні і Фальках. Любіць сваіх падапечных, як і яны яе. Ведаюць, што яна не толькі адказная ў працы, але і сумленны, прыстойны, сціплы чалавек. Яна ніколі не скардзіцца на свае балячкі, заўсёды з настроем, з радаснай усмешкай заходзіць у кожны дом. Нягледзячы на бездараж, завею, мяцеліцу, дождж, ідзе да сваіх падапечных у Фалькі. Прыносіць лекі, прадукты, носіць дровы, чысціць снег, прыбірае ў хаце, наводзіць парадак і чысціню. Усё гэта робіць па-людску і ветліва. Паспявае пагаварыць, даць параду, калі трэба, супакоіць.

Я гэта добра ведаю. Бо адна з тых, каму дапамагае наша Волечка. Ніколі мы не думалі яшчэ ў школьныя гады, калі я была яе класным кіраўніком, што лёс нас зноў злучыць праз дзясяцігоддзі. Мне вельмі пашанцавала. Падумалася, якая добрая наша прафесія – быць «другой мамай».
Калі б у мяне запыталіся, каму найбольш удзячна ў сваім жыцці, то адказала б, што сваім дзецям і, канешне, сваёй міласэрнай сястры Вользе Клімёнак. За тое, што яна сумленная ў працы, што захоўвае хрысціянскія традыцыі сваіх бацькоў. Яны навучылі яе любіць людзей, жыць з верай. Бацькоўская хата знаходзіцца побач з касцёлам, які ў свой час аберагалі і наведвалі яе бацькі. Спакой у жыцці Вольга знаходзіць, наведваючы святыню. Кожную нядзелю ідзе з верай у храм, моліцца за здароўе дачушкі Дар’і і ўнука Стасіка, усіх добрых людзей. І робіць так, як прывучылі яе бацькі. Так і павінна быць.

Праца Вольгі Клімёнак па праву адзначана Вілейскім райвыканкамам на раённым мерапрыемстве да Дня сацыяльнага работніка.

Раіса ФІЛІСТОВІЧ, аг. Вязынь

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries