Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дом, дзе жыве любоў

Даволі часта здараецца чуць, як бацькі, плануючы будучыню сваіх дзяцей, катэгарычна заяўляюць: жыць будуць толькі ў вялікім горадзе, у сельскай мясцовасці – ні ў якім разе, маўляў, і ўмовы далёкія ад гарадскіх, і магчымасці нешта цікавае ўбачыць зусім не тыя… Маладая сям’я Місюлёў з Іжы, з якой я на днях пазнаёмілася, жыве ў колішняй дзедавай хаце гаспадара,  пераабсталяваўшы яе на сучасны лад. І жывуць мае героі так цікава і напоўнена, што многім гарадскім сем’ям варта павучыцца іх адносінам адно да аднаго, да людзей, падзей і ўвогуле да жыцця.

image

Крайні дом справа па вуліцы Цэнтральнай. Гэтыя словы старшыні Іжскага сельвыканкама Валянціны Навасёлак сталі для мяне арыенцірам пры пошуку ў Іжы дома Анатоля і Таццяны Місюлёў. Хоць, калі шчыра, і без гэтага іх сядзібу знайсці можна хутка. Па дагледжанасці дома, платоў вакол яго. І па распачатай будоўлі вялікага гаража ў двары – значыць, людзі працавітыя, стараюцца добраўпарадкаваць свой падворак.
Першым сустрэў звонкім галаском забаўны маленькі сабачка. З глыбіні двара выбеглі хлопчык з дзяўчынкай, тут жа супынілі маленькага вартаўніка па мянушцы Пугаўка. А вось і мама – прыгожая маладая жанчына з мілай усмешкай. Яна, як і належыць гаспадыні, правяла па падворку, запрасіла ў дом. Абстаноўка пакояў мала нагадвае вясковую хату ў звыклым нашым уяўленні – тут усё па-сучаснаму, па-гарадскому.
– Паравое ацяпленне, гарачая вада, зручнасці – усё гэта ў нас ёсць, – расказала Таццяна. – Так што ўмовы, як і ў горадзе.
Праходзячы па пакоях дома, міжволі адзначыла, што тут жывуць надзвычайна творчыя людзі – мноства карцін, вырабаў з дрэва, змайстраваных сваімі рукамі, сведчаць аб гэтым. Вось вялізны карабель-прыгажун, які доўгі час па маленечкіх дэталях рабіў старэйшы сын Даніл. А вунь на карціне прыгожая дзяўчына, сукенка якой па-майстэрску аздоблена бліскучымі пацеркамі – гэта работа дачушкі Насці… Невялічкія карціны з выявамі звяроў, тэхнікі, прыроды выпальвалі па дрэве старэйшыя хлопцы з татам….

image (2)
– Любім усёй сям’ёй у вольны час займацца рознымі карыснымі справами, – расказала Таццяна Юр’еўна. – У гэтым і мы з мужам, разам з дзецьмі, знаходзім такое задавальненне.
У сямі’і Місюлёў падрастае чацвёра дзетак. Тры сыночкі – чатырнаццацігадовы Даніла, дзевяцігадовы Міколка і Мацвейка, якому споўнілася чатыры, – і адна дачушка Настачка, якая скончыла першы клас. Прыгожыя, усмешлівыя, кемлівыя, дружныя – яны надзвычайна арганічныя ў сваёй еднасці, звязаныя паміж сабой цеснымі і вельмі моцнымі пачуццямі. «Радуе, што дзеці дружныя, клапоцяцца адно пра аднаго, даглядаюць», – расказала шчаслівая мама.
Гісторыя гэтай дружнай сям’і пачалася ўжо болей за пятнаццаць гадоў назад. Тады маладзенькая Таццяна, якая жыла ў Вілейцы, гасціла разам з мамай у Іжы. Тут выпадкова пазнаёмілася з Вольгай Іванаўнай, мясцовай жыхаркай, маці траіх дарослых сыноў. Відаць па ўсім, Таня спадабалася жанчыне, і тая як бы між іншым сказала, што марыла б пра такую нявестачку. А праз нейкі час дзяўчына была зноў у Іжы, дзе і пазнаёмілася з сынам Вольгі Іванаўны Анатолем.
– Убачыла адразу, што добры ў яго характар, нават і мяккаваты, – усміхаецца Таццяна. – А з другога боку, настойлівы ён чалавек. Як сказаў мне, праводзячы дадому з дыскатэкі, што пажэнімся, так і атрымалася.
На першым часе маладая сям’я жыла ў Вілейцы, пазней – у Шылавічах, дзе і нарадзіўся іх першынец. З маленькім Данілкам часта наведваліся ў Іжу, на бацькаўшчыну Анатоля. Тут жывуць яго бацькі, тут стаяў без гаспадара і дом дзеда. Маладыя, прыязджаючы ў вёску, спыняліся ў гэтым доме, паціхеньку падладжвалі яго. Думалі, што будзе ім і дзеткам добры летнік – прыгожая прырода, зусім побач – рэчка.

image (1)
– І неяк само сабой атрымалася, што прыкіпелі душой і да гэтых мясцін, і да дома,– расказвае Таццяна. – Зразумелі,што менавіта тут будзем жыць і гадаваць сваіх дзетак.
Паступова – пакойчык за пакойчыкам – дабудоўвалі свой дом. Яно і зразумела – сям’я расла, і хацелася, каб дзецям было ўтульна і зручна. Сёння ў сям’і чацвёра дзетак, пра якіх Таццяна гаворыць з вялікай любоўю. Гадаваць іх, прызнаецца, зусім няцяжка, бо ва ўсім дапамагае Анатоль. Ён і ноччу, калі былі маленькія, уставаў разам з жонкай і, калі трэба, станавіўся да пліты, браўся за прас. Ды і самі яны, іх дзеці, паслухмяныя і добрыя па характары. Вельмі дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. А яна ў Місюлёў немалая – куры, свінні, а сёлета і кароўка з’явілася.
– А я ўжо даіла нашу Тучку! – у вачанятах Насці – радасць. – Навучылася. І зусім гэта не цяжка. А ведаеце, хто ў нас найбольш любіць малачко? Наш Мацвейка!
Матуля ласкава гладзіць малых, што ашчапіліся ля яе. У яе, засмяялася Таццяна, і прафесія адпаведная – выхавальніца ў садку, таму з дзеткамі і дома, і на працы. Да таго ж жанчына завочна вучыцца ў педуніверсітэце і, канешне ж, па спецыяльнасці «дашкольнае выхаванне».
Пра дружную сям’ю Місюлёў можна расказваць вельмі доўга. І чым даўжэй размаўляла з гаспадыняй, тым больш адчувала, які яна адкрыты, светлы, спагадлівы чалавек. З Анатолем так блізка не пазнаёміліся, бо ён, як і звычайна, быў заняты. Працуе лесніком, ды і дома столькі клопатаў. І ўсё ж у рэдкія вольныя хвіліны сям’я знаходзіць час, каб з’ездзіць кудысьці на экскурсію ці на канцэрт любімых артыстаў. Ходзяць яны разам у паходы, плаваюць на байдарках, удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, ва ўсіх святах і спартыўных мерапрыемствах, што праводзяцца на Іжаншчыне. Анатоль да таго ж заўзяты рыбак і паляўнічы. Бачылі б, якую найбольшую рыбіну злавіў! А яшчэ прынёс неяк з лесу вялізнага арла, якога, крышку патрымаўшы дома, вырашылі перадаць у сталічны заапарк, што і зрабілі. Як знаходзяць час на свае любімыя заняткі? Калі рабіць усё дружна ды ў згодзе, то, падзялілася Таццяна, усё паспеецца. Было цікава пачуць пра адносіны Місюлёў са старэйшым пакаленнем – бацькамі Таццяны і Анатоля. Тут усё будуецца на ўзаемапавазе і дабрыні. Гэтак жа цёпла сустракаюцца і ладзяць мае героі з сем’ямі сваіх сясцёр і братоў. Вось і на прыгожы юбілей Таццяны (а яго жанчына адзначыла на днях) сабраліся самыя блізкія і родныя.
Ёсць у сям’і Місюлёў вельмі добрая традыцыя – ранняй вясной усім разам схадзіць на «сваю» палянку, даўно аблюбаваную ў лесе, і тут, на прыродзе, цёпла правесці час: пагутарыць, абмеркаваць нейкія пытанні, намеціць тое, што трэба вырашыць.Такая цёплая і надзвычай добра традыцыя дружнай і шчаслівай сям’і, якой хочацца пажадаць усяго самага добрага і чыстага. Прыемна, што наступнай вясной на палянцы ўжо будзе сем «я» Місюлёў… Няхай гучаць у гэтым доме дзіцячыя галасы юных іжанцаў, шчаслівых на зямлі бацькоў. І няхай прыбывае ў нас такіх добрых сямеек – на іх, упэўнена, усё і трымаецца.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара і з сямейнага альбома сям’і Місюль

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries