Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Дэлегацыя пасольства Украіны 26 красавіка наведала памятны знак у гонар Піліпа Орліка ў Касуце

Дэлегацыя пасольства Украіны 26 красавіка наведала памятны знак у гонар Піліпа Орліка ў Касуце.

Дата прыезду абрана невыпадкова: у сёлетнім красавіку, а менавіта 29 красавіка, нашы суседзі адзначаюць 100-годдзе Канстытуцыі Украінскай Народнай Рэспублікі, якую лічаць ідэйнай пераемніцай канстытуцыі Піліпа Орліка.

«Мы сёння адзначаем дзве даты, – падкрэсліла ў сваёй прамове старшыня мінскага абласнога аб’яднання украінцаў «Заповіт» Галіна Калюжная, якая больш за 10 год наведвае малую радзіму гетмана і прыкладае шмат намаганняў для захавання памяці аб ім – 5 красавіка 1710 года была абвешчана канстытуцыя Піліпа Орліка, а 29 красавіка 1918 года – канстытуцыя Украінскай Народнай Рэспублікі. І няхай абставіны не дазволілі выкарыстаць той прававы патэнцыял, які быў заложаны ў іх, аднак усё ж яны былі створаны». Галіна Яфімаўна адмыслова зазначыла, што канстытуцыя Орліка лічыцца ўзорам прававой думкі свайго часу. «Колькі б часу ні прайшло, Украіна будзе памятаць імя Піліпа Орліка», – упэўнена жанчына.

Згодны з ёй быў і першы сакратар пасольства Украіны ў Беларусі Іван Башняк. «Мы удзячны той зямлі, што нарадзіла выдатнага сына Украіны Піліпа Орліка, стварыўшага дакумент, які стаў узорам для другіх канстытуцый. Орлік марыў толькі аб лепшым для Украіны. Ён пакінуў след не толькі як палітычная асоба, але і як бацька. Адзін з яго сыноў, Рыгор, стаў генерал-лейтэнантам Францыі. Сям’я Орлікаў зрабіла значны ўнёсак у сусветную гісторыю,» – зазначыў Іван Сцяпанавіч.

Украінцы ўсклалі букет жывых кветак да каменя, на якім месціцца памятная дошка ў тым месцы, дзе нарадзіўся Піліп Орлік.

Наступным пунктам іх маршрута стала наведванне мемарыяльнай дошкі Піліпу Орліку, што на будынку крамы «Чыркова», па вуліцы імя знакамітага гетмана ў Вілейцы..

Затым намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жанна Петух запрасіла украінскую дэлегацыю наведаць мемарыял «Памяці былых вёсак», што каля Снежкава. Галіна Калюжная тут бывала і не раз, а вось яе землякі бачылі мемарыял упершыню. І былі прыемна здзіўлены. Уразіла гасцей сама ідэя – зберагчы памяць аб вёсках, што зніклі з карты раёна, а таксама яе выкананне – маўклівая манументальнасць камянёў, хата-здань і шумлівыя гонкія бярозы навокал.

Ірына ТРУБАЧ.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 26 queries