Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дэбіт з крэдытам у суладдзі. У працы і ў жыцці

54 гады працуе ў ААТ «Нарачанскія зоры» галоўны бухгалтар Леакадзія Давідовіч, заслужыўшы за гэты час павагу і пашану калег і кіраўніцтва.

– Вось на гэтым стуле сяджу ўжо паўвека, – з усмешкай сустракае нас у сваім невялічкім і ўтульным кабінеце Леакадзія Гаўрылаўна. – Аж самой не верыцца, што столькі часу працую. А прыйшла ж сюды некалі зусім юнай дзяўчынкай…

Гэта было ў далёкім 1966 годзе. Леакадзія закончыла Ашмянскі тэхнікум і прыехала працаваць сюды, у Нарочу, дзе яна ўжо праходзіла практыку ў час вучобы і зарэкамендавала сябе перспектыўным спецыялістам. Урэшце, вучылася яна заўсёды з вялікай ахвотай, а любоў да лічбаў была з самага дзяцінства.

– Наша сям’я жыла на Мядзельшчыне, бацькі працавалі ў калгасе, і з грашыма тады было туга, – прыгадвае даўнія гады Леакадзія Гаўрылаўна. – Я была самай малодшай у сям’і. Памятаю, мама ўсё ўгаворвала мяне вучыцца на швачку, маўляў, з гэтай прафесіяй без грошай не будзеш. Ды не ляжала ў мяне душа да шыцця… У тэхнікум паступала без дазволу бацькоў. Памятаю, грошай не было на дарогу, каб заехаць у Ашмяны, дык я сабрала дома вядро сліў, паехала і прадала іх. Употай падала дакументы, паступіла, і бацькі, вядома ж, змірыліся. Закончыла тэхнікум, пачала працаваць, а завочна паступіла вышэй – у Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут. І там вучылася вельмі добра, прапаноўвалі нават працягваць вучобу ў аспірантуры.

Высокая ўзнагарода, якой Леакадзія Давідовіч удастоена  ў 2013 годзе
Высокая ўзнагарода, якой Леакадзія Давідовіч удастоена ў 2013 годзе

Акрамя любімай работы, у Нарочы яна сустрэла і свой лёс. Пасля заканчэння Ільянскага тэхнікума ў гаспадарку прыехаў працаваць Рыгор Давідовіч. Маладыя сустрэліся, хутка зразумелі, што паміж імі ўзнікла вялікае пачуццё і ўжо праз месяц пасля знаёмства згулялі вяселле. Вось тут і вер тым, хто сцвярджае, што пачуцці трэба доўга выпрабоўваць. Шлюб Давідовічаў быў моцным і доўгім (без малога паўвека пражылі яны разам), і толькі раптоўная смерць Рыгора Мікалаевіча разлучыла іх.

Калі жылі разам, гадавалі і вучылі дзяцей, то трымалі на падворку розную жыўнасць. Цяпер жа ў Леакадзіі Гаўрылаўны толькі куры. Сын і дачка з сем’ямі жывуць у сталіцы, наведваюцца да яе з унукамі. І тады ажывае іх родны дом…

За свой больш чым паўвекавы працоўны стаж у гаспадарцы Леакадзіі Гаўрылаўне выпала працаваць з некалькімі старшынямі, і пра кожнага з іх засталіся ў яе вельмі добрыя ўспаміны. Больш за тры дзясяткі гадоў працуе жанчына пад кіраўніцтвам Генадзя Кучко, якога ў гаспадарцы паважаюць і цэняць. Вось і Леакадзія Гаўрылаўна на маё пытанне пра складаемыя поспеху гаспадаркі, не раздумваючы, адказала:

– Вельмі многае залежыць ад кіраўніка, ад яго адносін да справы і людзей. Калі ён сапраўдны гаспадар, прафесіянал сваёй справы і нераўнадушны чалавек, то можна лічыць, што такому калектыву пашанцавала. Вось і наш Генадзь Кучко з такіх. Ды і ўвесь калектыў гаспадаркі здольны на многае. Таму і паказчыкі ў нас адпаведныя; і сродкаў хапае, каб развівацца і набываць усё неабходнае; і зарплаты дастойныя ды і без затрымак.

Леакадзія Гаўрылаўна сціпла прамаўчала пра сябе, хоць без слоў зразумела, наколькі адказная ў яе работа і колькі сіл і прафесіяналізму патрабуецца ад галоўнага бухгалтара. У маёй гераіні праблем з дэбітам і крэдытам ды сальда не бывае. Ні ў асабістым жыцці, ні ў рабоце. Урэшце, яе працоўныя заслугі шматразова адзначаліся падзякамі і граматамі на розных узроўнях, а ў 2013 годзе Леакадзію Давідовіч узнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».

– Работа – гэта для мяне нібыта другая сям’я, вельмі важная частка майго жыцця, – прызналася жанчына. – Тут прайшлі мае маладыя гады, усё самае лепшае і дарагое, што было і ёсць у жыцці.

Вельмі шчыра і так цёпла прагучалі гэтыя славы, і стала зразумелым, што яны – ад самога сэрца.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries