Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дажджы мяняюць планы корманарыхтоўшчыкаў райаграсервіса

Нараканне на ліўні – у большасці газетных публікацый з сюжэтамі корманарыхтовак. У некаторых раёнах Міншчыны ўборка траў у мінулы панядзелак была часова прыпынена, – паведаміла «Сельская газета». Дажджы не дазволілі і вілейскаму райаграсервісу завяршыць закладку сянажнай траншэі побач з урочышчам «Чарчонава». Да гэтага можна было назіраць, як актыўна там ішла касьба, інтэнсіўнасць работ не меньшала і па выхадных.

– І ўсё ж з Чарчонава давялося часова выйсці, – са шкадаваннем разважае кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы» Аляксандр Альфер.
Сапраўды, прыбор, які нядаўна набыла арганізацыя з мэтай замеру фізічных уласцівасцей сянажнай масы, паказаў высокую яе пераўвільготненасць. Прасцей кажучы, зашкаліў.
– Балота ёсць балота, – падсумаваў вынік нашай размовы механізатар Уладзімір Валынец. У складзе кормаўборачнага атрада яго «КЗР» перабраўся на сенажаць, якая летась належыла падсобнай гаспадарцы вілейскага прафтэхкаледжа. Сёння тут гаспадарыць райаграсервіс. Аляксандр Альфер расказвае, што клін шматгадовых траў вясной быў падкормлены азотам, атрымаў належную дозу калію. Травастой роўны, здробненая маса даволі хутка запаўняе кузаў «МАЗа», за рулём якога – Канстанцін Лемеш. Уладзімір і Канстанцін, на сваіх тэхнічных адзінках, дружным тандэмам рухаюцца па пакосах. Менавіта так, як і па жыцці. Вось ужо больш трыццаці год працуюць яны ў аграсервісе. Фірма мела некалі іншую назву, перажывала розныя рэарганізацыі, ведала і лепшыя часы. Але і ў досыць складаныя не здрадзілі мужыкі сваёй прывязанасці. Пальцаў адной рукі ўжо не хапае, каб пералічыць начальнікаў, з якімі давялося працаваць. Пра кожнага (звычка, якую можна паважаць – Аўт.) успамінаюць добрым словам. Хоць, што там казаць, ва ўзаемаадносінах кіраўніка з яму падпарадкаванымі наўрад ці могуць існаваць ідэальныя варыянты. Бо няма іх і ў самога жыцця. А ў памяці ўсё ж павінна быць чалавечае аблічча.
Лёгкі вецер ходзіць павевамі над скошанымі травамі. І пакуль яны падвяльваюцца, дахо-дзячы да належнага ўзроўню вільготнасці, мы скарыстоўваем магчымасць для кароткага, амаль што «бліц»-інтэрвью.
– Ёсць у гэтай сенакоснай пары нешта адметнае?
– Ды не. Убіраць хіба пачалі раней. А так – дажджы штогод ліюць, – флегматычны Канстанцін устрымліваецца ад далейшага развіцця дыялогу, пераводзячы стрэлкі на механізатара з «КЗРа»: А ты, Вальдэмар, што скажаш? Не здзіўляйцеся, ён па дакументах Уладзімір, але мы яго завём «Вальдэмар». – Спакваля разгаварыўшыся, Канстанцін з напарнікам успамінаюць, што ў райаграсервісе іх усяго некалькі чалавек, каго ўжо сапраўды можна лічыць ветэранамі.
– Яшчэ вось наш кіраўнік Аляксандр Леанідавіч. Ну, і Валера Дурэйка. Ён на граблях сёння, – успамінае Вальдэмар.
– Ад Дурэйкі, хлопцы, сёння ўсе мы залежым, – канстатуе Аляксандр Леанідавіч. І мы разам назіраем, як на аддаленых пакосах мільгацяць валкаўтвараючыя граблі. Толькі пасля іх па сенажаці зможа пайсці кормаўборачны камбайн.
Эфектыўнасць работы кормаатрадам не пакідае сумненняў. Толькі б кожны сваю справу належным чынам рабіў. У гэтай механізаванай чалавечай спулцы кожны адчувае двайную сваю адказнасць. Першая, за сябе, другая – за таго, хто, згодна тэхналогіі ўборачнага канвееру, будзе ісці за табою следам. Такую адказнасць нясе кожны. Узяць Уладзіміра Ахрэма, які а шостай гадзіне раніцы з касой ужо быў на сенажаці і стварыў для сяброў па мехатраду патрэбны фронт работ. Ён на некалькі хвілін з’ехаў з пакосаў, каб памяняць нажы ў прычапным агрэгаце.
– Цяжкае тут для нас поле. Рэльеф не вывучаны, – заўважае Валерый Дурэйка. – Не-не, а і камень зачэпіш, і ў калдобіну трапіш… Сябры моўчкі з ім пагаджаюцца. А Аляксандр Альфер дадае: – Граблі ў нас, лічыце, новыя. Трэці год Валерый з імі працуе. І толькі ён адзін. Акуратны, уважлівы. І нават на такіх вось незнаёмых «рэльефах» ён лепш за іншых арыентуецца.
– А гэта нашы два Максімы, – дадае кіраўнік падсобнай гаспадаркі, указваючы яшчэ на адзін тандэм «КЗРа» і «МАЗа». Максіма Субача, які працуе на кормаўборачным камбайне, можна б і стажорам назваць. Але язык не паварочваецца. Бо шчыруе ён нароўні са сталымі механізатарамі. А працоўная біяграфія юнака, выпускніка вілейскага прафтэхкаледжа, яшчэ толькі пачалася. Але ўжо належным чынам змог сябе Максім зарэкамендаваць на пасяўной, чым заслужыў павагу сярод механізатарскага корпусу райаграсервіса. І сёння з ім кожны ўжо гаворыць на роўных. Максім Альфер другі год у гаспадарцы і аўтарытэт ужо таксама змог займець.
Для ўсяго мехатрада ўборачная кампанія пачалася ў «Чарчонаве». Віталь Субач сваім «К-700» трамбаваў там у траншэі здробненую масу, давяраючы на ноч тэхніку свайму зменшчыку – Івану Гержатовічу. Зараз іх экіпаж займецца закладкай сенажу ў парсянскіх ваколіцах, ля фермы, што да леташняга года належыла каледжу.
Каля 600 галоў буйной рагатай жывёлы стануць на зімоўку ў райаграсервісе. А прадуктыўнасць пагалоўя закладваецца ўжо сёння.
– Бачыце, якая трава вырасла, – скочыўшы з кабіны, Аляксандр Сняткоў, адзін з лепшых механізатараў акцыянернага таварыства, нібы патанае ў пышнай зелені травастою. – Будзем з кармамі!
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Уладзімір Валынец
Канстанцін Лемеш
Аляксандр Альфер і Валерый Дурэйка
Удзельнікі кормаўборачнага атрада: Максім Субач, Уладзімір Ахрэм, Максім Альфер, Віталь Субач
Аляксандр Сняткоў
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries