Звыклымі для гэтай пары клопатамі жывуць сёння працаўнікі аграпрамысловага комплексу. І адзін з вышэйшых клопатаў – нарыхтоўка кармоў. Як адзначаюць вопытныя аграномы, сёлетняя халаднаватая вясна не вельмі спрыяла росту траў, таму масавае «зялёнае жніво» пакуль што не распачалося, і самы яго разгар будзе ў чэрвені. Аднак там-сям участкі, дзе травы выраслі, ужо спрабуюць касіць. Гэта можна сказаць пра СУП «Першы Беларускі», філіял «Бубны, райаграсервіс. Галоўнае, што тэхніка да гэтай важнай справы падрыхтавана і чакае каманды пачынаць касьбу.
У СУП «Першы Беларускі» да «зялёнага жніва» падрыхтаваліся належным чынам і ў дзень нашай размовы з кіраўніком гаспадаркі Аляксандрам Аўгусціновічам ужо пусцілі корманарыхтоўчую тэхніку на палетак ля вёскі Малышкі.
– Сёння першы дзень касілі траву на падкормку, – расказаў Аляксандр Аляксандравіч. – Надвор’е гэтай вясной не вельмі спрыяе росту траў, каб было цяпло, дык яны былі б добрыя. Будзем спадзявацца, што апошнія дні мая ўрэшце пачнуць радаваць нас сонцам ды цяплом, што і паспрыяе росту траў. Нам патрэбна сёлета закласці 7,5 тысячы тон сенажу, 8,5 тысячы тон сіласу, нарыхтаваць 450 тон сена. Планы даведзены, будзем працаваць.
Пачатак «зялёнаму жніву» ў гаспадарцы паклалі маладыя, але ўжо вядомыя ў раёне механізатары Ігар Яўгель, які працуе на магутным «Беларус-3522», і Міхаіл Карніловіч, заняты на кормаўборачным камбайне КВК «Палессе FS 80-2». Спецыялісты сваёй справы і надзейныя працаўнікі – так адгукаюцца пра механізатараў у гаспадарцы. Ды і што высакакласныя прафесіяналы, ніхто не стане аспрэчваць. Варта адзначыць хаця б тое, што Ігар Яўгель – малады прадстаўнік працавітай дынастыі механізатараў – у мінулым годзе быў у ліку перадавікоў сталічнай вобласці на сяўбе. А гэта пра многае гаворыць.
Касавіца… Яна, гарачая і прыгожая пара, бярэ старт у гаспадарках раёна. Хутка ўжо паўсюдна на палях можна будзе бачыць звыклую панараму корманарыхтоўчай дзеі. І наваколле напоўніцца ап’яняльным водарам свежаскошанай травы, ні з чым не параўнальным і такім родным.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Аляксандрам АЎГУСЦІНОВІЧАМ