Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Cвята вёсак Апенькі і Каляды

Мой родны кут, радзімая зямліца…

Менавіта так называлася свята вёсак Апенькі і Каляды, якое адбылося 29 ліпеня.
Родная вёска – гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, першае слова, якое пайшло ад маці, першая ўсмешка, якая не толькі сагравае, але і дорыць веру ў будучае. Вёска – гэта незабыўная старонка, куды хочацца вярнуцца зноў і зноў.

DSCN3893 DSCN3821 DSCN3833 DSCN3840 DSCN3872

На свяце сабралася вельмі многа людзей. Гэта жыхары, якія жывуць у гэтых цудоўных невялічкіх вёсках, іх дзеці і ўнукі, родзічы. Яны спяшаліся з розных куточкаў нашай краіны, каб сустрэцца на бацькоўскай зямлі, прайсціся тымі сцяжынкамі, якімі хадзілі ў дзяцінстве, успомніць мінулае і пагутарыць аб справах сённяшніх.
Мы, працаўнікі Даўгінаўскага Дома культуры, рыхтуючыся да свята, прайшліся па вёсках Апенькі і Каляды, сустрэліся з іх жыхарамі, пагутарылі з імі. Вялікую дапамогу ў гэтым нам аказалі Тадэвуш Браніслававіч Ляшковіч і Дзмітрый Іванавіч Ляшковіч.
Тадэвуш Браніслававіч з’яўляецца старастам вёскі Каляды, ён правёў нас па ўсёй вёсцы, пазнаёміў з жыхарамі. Сам неабыякава адносіцца да ўсяго, што адбываецца ў вёсцы. Чалавек, як кажуць, з «залатымі рукамі».
Дзмітрый Іванавіч на свяце распавядаў пра вёску Апенькі, пра яе жыхароў расказаў ў вершаванай форме, бо ён сам піша вершы.
Раздзяліць добры настрой і павіншаваць са святам завітаў ў Апенькі і Каляды старшыня Даўгінаўскага сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Маліноўскі. Ён уручыў падарункі за лепшыя падвор’і, а таксама павіншаваў і ўручыў сувеніры самым старэйшым жыхаркам гэтых вёсак. Гэта Ірына Станіславаўна Белазёрская з вёскі Апенькі, якой ў гэтым годзе споўнілася 90 год, і Аляксандра Іванаўна Ляшковіч з вёскі Каляды, якой сёлета споўнілася столькі ж. Вельмі прыемна, што гэтыя жанчыны прысутнічалі на свяце са сваімі дзецьмі, унукамі і нават з праўнукамі.
Гэты год вельмі багаты для жыхароў вёсак на юбілеі. Кожнага мы павіншавалі добрымі словамі, цудоўнымі песнямі і невялічкімі падарункамі. Жыве ў Апеньках і былая настаўніца, хаця ў народзе кажуць, што былых настаўнікаў не бывае. Раісе Фёдараўне Клянтак у гэтым годзе споўнілася 85 год. І сёння яе былыя вучні з удзячнасцю і вялікай павагай гавораць аб сваёй настаўніцы, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла гэтай працы. «Калі б прыйшлося пражыць жыццё спачатку, то выбрала б менавіта гэту прафесію і прайшла б той самы шлях», – сказала яна.
Віншавалі на свяце з надыходзячым пяцідзесяцігадовым юбілеем Віктара Фрэдэрыкавіча Валковіча. Хоць ён зараз жыве ў Даўгінаве, але ж нарадзіўся і вырас у Апеньках. Скончыўшы вучобу, ён вярнуўся на сваю малую радзіму, каб лячыць сваіх землякоў. Віктар Фрэдэрыкавіч – доктар, сапраўдны прафесіянал сваёй працы. Ён з тых дактароў, якія лечаць людзей не толькі лекамі, але і добрым словам. Ён заўсёды выслухае чалавека, пагаворыць з ім, дасць параду. Кожнаму пацыенту аддае не толькі свае веды, але і часцінку свайго сэрца.
Свята рыхтавалі працаўнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Даўгінаўскага Дома культуры. Заўсёды на такіх мерапрыемствах побач з намі валанцёры-актывісты. Гэта Галіна Аляксандраўна і Віктар Баляслававіч Дзевяцень і Тамара Аляксандраўна Брыцько. Яны нясуць радасць людзям, заўсёды рады падзяліцца сваёй энэргіяй, аптымізмам. Не пакінуць без увагі ні аднаго сталага чалавека і заўсёды здзіўляюць усіх сваімі чароўнымі песнямі. Нізкі вам паклон, паважаныя нашы валанцёры.
Словы падзякі хочацца выказаць усім, хто прыклаў намаганні, каб гэта свята было цікавым. У першую чаргу нашым цудоўным артыстам, што здзіўлялі гледачоў сваімі захапляючымі мастацкімі нумарамі, Сяргею Сяргеевічу Рудніцкаму, які заўсёды згодзен дапамагчы ў музычным суправаджэнні, выконваючаму абавязкі дырэктара ААТ «Даўгінава» Аляксандру Аляксандравічу Бяганскаму, сям’і Галіны Чаславаўны і Тадэвуша Зянонавіча Ляшковічаў, бо менавіта іх падвор’е стала імправізаванай сцэнай для правядзення свята, дырэктару Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сляпцовай Людміле Міхайлаўне і загадчыцы аддзела сацыяльнай дапамогі на даму Раманоўскай Дануце Антонаўне за прадастаўленне невялікіх падарункаў для юбіляраў-пенсіянераў.
Актыўнымі ўдзельнікамі свята былі і самі людзі. Жыхары і госці вёсак Апенькі і Каляды спявалі самі, падпявалі артыстам, танцавалі, весяліліся, нягледзячы на дажджлівае надвор’е.
Зазвінелі дзіцячымі галасамі, загучалі песнямі, закружыліся ў мілагучным вальсе, засвяціліся ветлівымі ўсмешкамі ад радасці сустрэчы. Адбылося сапраўднае свята.
Ірына СЫРАКВАШ,
культарганізатар Даўгінаўскага СДК.

Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 38 queries