Выязное мерапрыемства, пра якое пойдзе размова, – гэта своеасаблівы экзамен для сельвыканкамаў. Экзамен на дбайнасць, руплівасць, неабыякавасць – дакладней, на гаспадарлівасць. На днях здаваць яго выпала Сцешыцкаму сельсавету – тут, як і было запланавана, прайшоў чарговы Дзень Савета. Добраўпарадкаванне населеных пунктаў, вытворчая сфера, сацкульбыт, гістарычныя помнікі на тэрыторыі сельсавета – усё гэта намячалі паглядзець удзельнікі мерапрыемства на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Яўгенам Сінілам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталіяй Радзевіч.
Трымаючы курс на поўнач раёна, праязджалі па тэрыторыях Куранецкага і Касцяневіцкага сельсаветаў, старшыні якіх, Віктар Уліцкі і Наталія Шавялёва, на гэты час былі гідамі, замяніўшы прафесіянала – старшага навуковага супрацоўніка музея Вольгу Коласаву. Дарэчы, цікавыя аповеды Вольгі Аляксандраўны пра наш край, знакамітых людзей, падзеі мінуўшчыны вельмі ўпрыгожылі мерапрыемства, надалі яму характэрную адметнасць. У гэты дзень адкрыліся яшчэ невядомыя старонкі з мінулага роднай Вілейшчыны…
На гасціннай сцешыцкай зямлі экскурсаводамі сталі ўжо гаспадары – старшыня сельвыканкама Віктар Іваноў і кіраўнік ААТ «Сцешыцы» Віктар Каляда. Гасціннай назваў гэту зямлю старшыня мясцовай улады, падкрэсліўшы тым самым, што ў апошні час усё больш і больш гараджан набываюць тут участкі, будуюцца. А чаму б і не, маляўнічыя краявіды, рака вабяць да сябе. Красамоўны прыклад прывёў Віктар Уладзіміравіч: у вёсцы Кумельшчына зараз 47 дамоў, уладальнікі пераважнай большасці з іх – дачнікі. Ды і ў іншых населеных пунктах ёсць попыт на жыллё. Толькі ў бягучым годзе праведзены чатыры аукцыёны па продажу дамоў і яшчэ некалькі аукцыёнаў у бліжэйшай перспектыве.
Няхай сабе і не зусім, але ўсё ж радуе станоўчы зрух у дэмаграфічнай сітуацыі ў сельсавеце: у бягучым годзе тут зарэгістравана 11 нараджэнняў, 5 шлюбаў, што крыху болей, чым у папярэднія гады. Увогуле ж на тэрыторыі сельсавета на пачатак года пражывала 1130 чалавек. На падворках налічвалася 106 кароў, іншая жыўнасць, без якой неяк не ўяўляецца гаспадарка сяльчаніна.
Першым аб’ектам, куды скіраваліся ўдзельнікі мерапрыемства, было Старынкаўскае лясніцтва. Ляснічы Юрый Гайчук правёў па дагледжанай тэрыторыі. Парадак, чысціня літаральна ўсюды – ад памяшкання лясніцтва да гаражоў. З асаблівай цікавасцю пазнаёміліся з сучаснай навінкай: усё тое, што ў радыусе прыкладна дваццаці кіламетраў, «бачыць» камера на вышцы, а супрацоўнік лясніцтва – на маніторы, седзячы ў памяшканні. І нічога, нават дымок над лесам ад невялікага ўзгарання,не схаваецца ад пільнага вока.
У цэнтры Сцешыцаў размяшчаюцца ўсе ўстановы, якія кожны наведвае, лічы, штодня. Комплексны прыёмны пункт, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, паштовае аддзяленне… У кожнай з устаноў працуюць спецыялісты сваёй справы, адданыя выбранай прафесіі людзі. І няхай пакуль невысокія ў іх зарплаты, ды гэта не прычына рабіць сваю справу абы-як. У КПП – шырокі выбар трыкатажных вырабаў, нямала паслуг, якія так аблягчаюць жыццё вяскоўцам. Асаблівы попыт – на цырульніцкія (і сяльчанам хочацца быць прыгожымі і сучаснымі), таму прыезду спецыяліста тут чакаюць заўсёды з нецярпеннем. Прыемныя ўражанні засталіся і ад наведання ФАПа (і сама ўстанова, і людзі, што ў ёй працуюць, думаецца, адпавядаюць сённяшнім патрабаванням). Шырокі асартымент тавараў прапаноўвае вяскоўцам і магазін раённага спажывецкага таварыства. Тут ёсць усё: ад запалак і да мэблі. Былі б, як кажуць, грошы на тыя пакупкі.
Сучасны штрых з’явіўся і ў Сцешыцкім аддзяленні сувязі – тут устаноўлены тэрмінал, і цяпер тут можна разлічыцца за паслугу ці пакупку з дапамогай картачкі.
Вельмі цёплыя ўражанні засталіся пасля наведання Пагосцкай і Сцешыцкай школ. І міжволі прыгадалася свая, дзе працавалі такія ж адданыя сваёй справе настаўнікі, творчыя, апантаныя. У кожнай навучальнай установе ёсць свае выдатнікі, актывісты, спартсмены. Ды галоўнае, думаецца, не ў гэтым. Яно ў тым, што ў гэтых школах вельмі многае робіцца па экалагічным выхаванні. А гэта значыць, што нашы дзеці будуць любіць і берагчы сваю маленькую радзіму, захоўваць яе для будучых пакаленняў. А як шануюць тут гісторыю! Менавіта вучні былі нашымі экскурсаводамі па гістарычных месцах, цікава расказалі пра Верацішын крыж, падарожжа Тышкевіча і татарскія могілкі. Ці не ў гэтым – захоўваць і берагчы – найвышэйшае прызначэнне чалавека?
У гэты дзень мы аб’ехалі нямала населеных пунктаў Сцешыцкага сельсавета, убачылі многа нераўнадушных і цікавых людзей. Тут многа зроблена для іх, але і зрабіць яшчэ трэба ой як многа! Пра гэта – што зроблена і што чакае ўперадзе – і ішла гаворка на плянарным пасяджэнні, якое адбылося ў Сцешыцкім Доме культуры. А пачалося яно з прыемнага – з віншавання лепшага вясковага старасты Васіля Лапты. Так атрымалася, што ён, гарадскі жыхар, купіў домік ў Дубаўцы, перабраўся сюды жыць і стаў сапраўдным вяскоўцам. З хваляваннем прымаў Васіль Нікіфаравіч віншаванні ад старшыні райвыканкама Яўгена Сінілы – так ацэнены яго актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі, вялікая работа з людзьмі і сумленная праца.
А затым пачалася сур’ёзная размова, канкрэтная, з указаннем, што называецца, адрасоў безгаспадарчасці. Іх акрэслілі прысутным Наталія Радзевіч і Яўген Сініла. Патрабуецца нямала зрабіць у афармленні ўездаў у населеныя пункты, абсталяваць месцы адпачынку, папрацаваць над стварэннем малых архітэктурных форм, памяняць на сучасныя дзверы і вокны ў некаторых аб’ектах сацкультбыту. Знос нічыйных будынкаў, смецце ў лесе, упарадкаванне могільнікаў – і ў гэтых накірунках работы яшчэ хопіць. Галоўнае, адзначыў Яўген Сініла, каб гэта работа была. Пастаянная, штодзённая.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара