Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чурлёнскія маршруты

Малады вадзіцель ААТ «Чурлёны» Аляксандр Казановіч упэўнены ў тым, што за любую справу трэба брацца адказна і адпаведна выконваць яе. Такой пазіцыі прытрымліваўся ён і падчас жніва-2019. Таму і адзначаны Аляксандр па выніках сёлетняй уборачнай кампаніі ў шэрагу лепшых працаўнікоў хлебнай нівы.

Прадаўжальнік працоўнай  дынастыі Аляксандр Казановіч
Прадаўжальнік працоўнай дынастыі Аляксандр Казановіч

 

Па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур ААТ «Чурлёны» – у тройцы пераможцаў сярод сельскагаспадарчых арганізацый. Зладжаная і зацікаўленая праца ўсіх дала свой плён. Каб і наступны год аддзячыў за руплівую працу ўраджаем і прывесамі, сёння ў гаспадарцы вядуцца сезонныя работы. Нарыхтоўка кармоў – адна з важных надзённых задач. І дапамога адказнага вадзіцеля таксама тут неабходная. Таму і сустрэліся мы з Аляксандрам Казановічам у разгар рабочага дня на кукурузным полі каля вёскі Зенанова. На сваім «МАЗе» ён адвозіў зялёную масу ад камбайна і ненадоўга спыніўся для размовы. Знаёмімся і, канечне, успамінаем пра жніво. А яно, узгадвае Аляксандр,сёлета выдалася складаным у плане надвор’я і было гарачым не толькі ў пераносным, але і прамым сэнсе.

– Галоўнае, што тэхніка не падводзіла, – канстатуе вадзіцель, – буйных рамонтаў не спатрэбілася.

Падчас жніва на сваім «МАЗе» Аляксандр перавёз амаль паўтары тысячы тон зерня па маршруце поле-весавая-зернесховішча. Год выпуску аўтамабіля – 2005-ты. Абслугоўвае яго сам і пільна сочыць за тым, каб машына пастаянна была ў парадку і на хаду. З тэхнікай на «ты» ён даўно: з дзяцінства цікавіўся, ды і бацьку, Ігару Міхайлавічу, які таксама працуе ў гаспадарцы вадзіцелем, але легкавога аўтамабіля, прыходзілася дапамагаць. Дарэчы, менавіта на гэтым «МАЗе» ў свой час давялося папрацаваць і бацьку. Вось такая «спадчына» прадаўжальніку працоўнай дынастыі. А мама Аляксандра Казановіча працуе паштальёнам – і стане адной з першых, хто ўбачыць фотаздымак свайго сына ў «раёнцы».

Працоўная ж біяграфія Аляксандра, які родам з Іжы, у ААТ «Чурлёны» пачалася ў маі мінулага года. Пасля заканчэння школы была вучоба ў Вілейскім дзяржаўным каледжы на вадзіцеля-аўтаслесара, а потым – служба ў арміі. Служыў Аляксандр Казановіч у Барысаве – у 740-й зенітна-ракетнай брыгадзе. Механік-вадзіцель ваенных машын – такую воінскую спецыяльнасць ён атрымаў у арміі. Вадзіцелем і прыйшоў працаваць у гаспадарку. Як кажуць, дзе нарадзіўся… Знаёмыя Аляксандру і абавязкі памочніка камбайнера – адказнай работы ён не баіцца.

Нягледзячы на малады ўзрост, а Аляксандру Казановічу толькі 22 гады, ёсць у яго і жаданне працаваць, і імкненне да выніку. Гэта меркаванне яго калег па працы. А яшчэ – жыццёвая пазіцыя самога Аляксандра.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries