Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Брыгадзір малочнатаварнай фермы «Більцавічы» Надзея Горыд загадвае фермай без малога трыццаць гадоў

Брыгадзір малочнатаварнай фермы «Більцавічы» ААТ «Новая Любанія» Надзея Горыд загадвае фермай без малога трыццаць гадоў. А прыйшла сюды на працу часова, на падмену…

Надзея нарадзілася і вырасла ў прыгожай вёсачцы Рыбчына на Вязыншчыне. Яшчэ тады, у далёкія сямідзясятыя гады, малой дзяўчынкай хадзіла са сваёй цёцяй, якая працавала даяркай, на ферму. Тады і адбылося блізкае знаёмства з няпростай, але такой важнай сельскагаспадарчай галіной – жывёлагадоўляй.

– А пасля пачалося будаўніцтва вадасховішча, не стала нашай вёсачкі Рыбчына, і мы пераехалі сюды, у Більцавічы, – узгадала мінулае Надзея Уладзіміраўна. – Мама, Марыя Аляксандраўна Журыха, пачала працаваць даяркай, а мы, дзеці, ёй дапамагалі.

Закончыўшы школу, Надзея, як і многія яе аднакласнікі, падалася ў горад – вучыцца ў гандлёвае вучылішча. Гарадской жыхаркай была да таго часу, пакуль выйшла замуж за більцавіцкага хлопца і пайшла ў дэкрэтны адпачынак, а ўжо пасля з маленькай дачушкай маладыя больш часу праводзілі ў роднай вёсцы. Дачушцы не было і годзіка, калі Надзею папрасілі падмяніць даярку на ферме. Маладая жанчына згадзілася. А пазней, калі ўжо была ў дэкрэтным з сынам, яе зноў запрасілі на падмену. Планавалася, што гэты занятак будзе для маладой жанчыны часовым…

– Праўду кажуць, што не бывае нічога больш пастаяннага, як часовае, – усміхаецца Надзея Уладзіміраўна. – Як прыйшла на ферму ў 1991-ым, так і працую да сёння.

І даяркай была, і лабарантам, і курсы асеменатараў закончыла – гэта ўсе прыступкі, якія прайшла жанчына перад тым, як загадваць фермай. І гэта, лічыць яна сама, вельмі важна, бо па працы ведае ўсё не з чыіхсьці слоў, а са сваёй практыкі. Сёння на більцавіцкай ферме пад кіраўніцтвам Надзеі Горыд працуюць васямнаццаць чалавек. Гэта даяркі, даглядчыкі, цялятніцы – людзі, якіх яна добра ведае і з кожным знаходзіць агульную мову. Працаваць з людзьмі заўсёды няпроста, тут патрэбна быць не толькі кіраўніком, але і, калі гэта трэба, дарадцам, сябрам, нават у нейкай ступені псіхолагам…

На більцавіцкай ферме, дзе ўтрымліваюцца і дойныя каровы, і маладняк, і жывёла на адкорме, на сёння больш за 650 галоў. Можна ўявіць, якая адказнасць ляжыць на плячах загадчыцы. Канешне ж, дзеліцца жанчына, яе намаганні былі б безвыніковымі без належнага кантролю і дапамогі з боку кіраўніцтва гаспадаркі, кампетэнтных спецыялістаў. Сваю няпростую справу ўсе яны робяць разам, па-гаспадарску, і гэта вельмі важна.

Многа працуе сям’я Горыдаў і дома. Надзея Уладзіміраўна з Анатолем Віктаравічам маюць вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, кабанчыкаў, курэй. Як і ўсе вяскоўцы, шчыруюць на агародах, у полі. Па выхадных прыязджаюць дзеці з сем’ямі, дапамагаюць бацькам, якія ў кастрычніку адзначылі 35-годдзе сумеснага жыцця. Цесным сямейным колам адзначылі гэту дату юбіляры, парадаваліся за дзяцей, пацешыліся сваім важнейшым набыткам – чатырма унучыкамі, старэйшаму з якіх ужо пятнаццаты год, а малодшы яшчэ немаўлятка…

Дзяліліся і ўзгадвалі, весяліліся і планавалі – гаварылі пра сваё жыццё, якое ніколі не было лёгкім і бесклапотным. А, можа, тым і шчаслівае?

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries