Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чалавек, якому давяраюць

Некалькі гадоў назад я пісала матэрыял пра тэхніка-асеменатара колішняга сельгаскааператыва «Балашы» Ганну Кузьміч, якая жыве ў Куранцы. Тады пабывала ў прыгожым, аздобленым кветкамі і рознымі, што называецца, малымі архітэктурнымі формамі сваёй работы, доме Кузьмічоў. Дабротны, чысты, прыгожы, ён сведчыў, што гаспадары яго – людзі дбайныя і працавітыя.

А літаральна некалькі дзён таму назад журналісцкая сцежка прывяла мяне зноў у гэтую ж сям’ю. На гэты раз каб пазнаёміцца і расказаць у газеце пра лепшага старасту Куранецкага сельсавета Уладзіміра Кузьміча, мужа гераіні маёй ранейшай публікацыі. Такая вось харошая сям’я гэтыя Кузьмічы.
– Мы ў Куранцы з 2006 года, – расказвае Уладзімір Ігнацьевіч. – Тады перайшлі ў свой дом, які будавалі сваімі сіламі. Тады ж мяне і старастам выбралі.
Лёс прывёў яго, хлопца з вёскі Пацавічы, што ў Іўеўскім раёне, на Вілейшчыну выпадкова – Валодзя прыехаў вучыцца ў Ільянскі тэхнікум. Трэба сказаць, што не з вялікай ахвотай ехаў сюды, але маці настаяла на выбары сельскагаспадарчай прафесіі. Сюды ж, у тэхнікум, паступіла вучыцца і дзяўчына з Ракшыц Аня. Так атрымалася, што хлопцу і дзяўчыне давялося побач сядзець. Так і пазнаёміліся, пакахалі адно аднаго. Адслужыўшы ў арміі, Уладзімір вярнуўся да Ані з сур’ёзны намерам стварыць сям’ю. І было вяселле, на якім клапатлівыя і працавітыя бацькі маладых зрабілі ім падарункі, як кажуць, з намёкам – карову і парсюка. Мусіць, каб не чураліся вясковай працы, трымалі гаспадарку, без якой вясковец – не вясковец. З таго часу на падворку Кузьмічоў заўсёды былі і карова, і конь, і свінні, і гусі, і куры. Трымаюць гаспадарку і зараз. А як жа інакш – не толькі для сябе ўсё гэта, а і для дачок з сем’ямі, якія жывуць у горадзе. Дастойных дзяцей выгадавалі Кузьмічы, дапамагаюць яны бацькам ва ўсіх справах. А галоўнае – парадавалі пяццю ўнукамі, якіх дзядуля з бабуляй асабліва любяць і бачаць у іх дастойнае прадаўжэнне свайго роду.
За гады, што пражыў на Вілейшчыне (а гэта з 1983 года) Уладзімір Кузьміч працаваў на выбранай прафесіі – брыгадзірам свінафермы ў Балашах, загадчыкам фермы ў Грыгарках, упраўляючым у Вілейскім сельгасліцэі. У той час і пачаў паціху будавацца ў Куранцы. Няхай сабе і не так хутка атрымалася, затое ўсё рабіў сваімі рукамі.
– Памятаю, дзед адзін неяк глядзеў, як я зруб рублю і ўсё здзіўляўся, што ведаю гэту справу, – прыгадвае Уладзімір Ігнацьевіч. – А мой, казаў ён, сын і калка не зачэша… Можа, і сын той вінаваты, але і бацька таксама, што не навучыў. Мяне ж бацька прывучыў да працы з малых гадоў. Даручаў спачатку што прасцей, пасля – больш складанае. А сам збоку паглядаў, падпраўляў. Навучыў усяму, за што я яму вельмі ўдзячны. Шкада толькі, што рана не стала маіх бацькоў…
Нераўнадушнага, прамога Уладзіміра Ігнацьевіча заўсёды паважалі і цанілі аднавяскоўцы. Вось і старастам даверылі быць яму, і дэпутатам некалькіх скліканняў. Ведаюць людзі, што ён з тых, хто любіць парадак не толькі дома, але і ўсюды. А яшчэ – што ніколі не адмовіць у дапамозе. І заўвагу зробіць тым, хто сам не бачыць пустазелля і беспарадку на падворку.
– Ёсць такія, што п’юць, балтаюцца без справы, а абкасіць старэнькай маці двор ці падладзіць плот не спяшаюцца, маўляў, няхай сельсавет робіць, калі яму трэба. З такімі і гутарым больш сур’ёзна. Калі ж жывуць адзінокія пенсіянеры, то, канешне ж, дапамагаем ім. А як жа інакш? Вось і на добраўпарадкаванне могільніка збіраемся дружна, усе справы робім разам. Няма такога, каб людзі не хацелі, адмаўляліся.
З нядаўняга часу Уладзімір Ігнацьевіч памяняў род дзейнасці і ўзначаліў Куранецкі дом-інтэрнат для пажылых і інвалідаў. Будынак пачаў рамантавацца яшчэ пры папярэднім дырэктару, а цяпер тут ідуць штукатурныя работы і афарбоўка. Загаварылі пра гаспадарчыя справы.
– У наступным годзе плануем пасадзіць сваю бульбу, – падзяліўся Уладзімір Ігнацьевіч. – Сёлета вясной узараў сваім трактарчыкам агарод, а супрацоўнікі інтэрната пасадзілі моркву, капусту, цыбулю, іншую гародніну. Цяпер нашы падапечныя маюць на сталах сваю прадукцыю. А ўсё ж таннейшым атрымліваецца харчаванне.
Вілейшчына стала другой радзімай – у гэтым мой суразмоўца прызнаўся без ваганняў. Хоць і да сваякоў у родныя Пацавічы не прамінае наведвацца. Але тут, у Куранцы, ужо пушчаны яго карані, тут жывуць людзі, якія яму давяраюць і звяртаюцца па самых розных пытаннях. І не толькі такіх, як добраўпарадкаванне падворка, але і больш сур’ёзных і працаёмкіх – падвядзенне вады, прыроднага газу. Кожнаму стараста параіць, падкажа і канкрэтна дасць адказ на любое пытанне. На тое ён і стараста – чалавек, якому даверылі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries