Адзінота. Яе нехта з паэтаў назваў «самым горкім на свеце станам». Яно так і ёсць, чалавеку без іншых людзей вельмі няпроста. Удвая цяжэй, калі адзінокім застаецца хтосьці ў немаладым узросце, інвалід.
Так атрымалася ў віляйчанкі Феафаніі Дуровіч, што на днях пазваніла ў рэдакцыю. Многае выпала перажыць жанчыне, якая зараз мае інваліднасць і жыве адна.
– Толькі на сябе ды на добрых людзей даводзіцца разлічваць, – падзялілася Феафанія Сільвестраўна і расказала пра нядаўна перажытае. – Зіма на носе, а ў мяне штосьці здарылася з газавым катлом – перастаў грэць. Прыехалі спецыялісты, паглядзелі і сказалі мяняць. Здароваму чалавеку гэта, магчыма, і проста – з’ездзіў ды купіў. А вось мне… Сама не справілася б, каб не сацыяльны работнік Марына Маладзецкая. Яна ўсё ўзяла на сябе: і кацёл купляла; і работнікаў знайшла, каб падключылі; і спецыялістаў з пажарнай, каб агледзелі і ўзгаднілі, таксама запрасіла. Цяпер мне не страшныя халады, ёсць чым абагравацца. І ўсё гэта зроблена дзякуючы маёй памочніцы, чулай і спагадлівай жанчыне. Іншы раз міжволі думаю: як бы жылі мы, нямоглыя і хворыя людзі, каб не сацыяльныя работнікі… Ад усёй душы дзякую загадчыцы аддзялення надомнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дануце Раманоўскай і, канешне ж, Марыне Маладзецкай, якая стала для мяне ўжо блізкай.
Чалавек – сярод людзей. Глыбокі сэнс хаваецца за гэтымі словамі.
Ірына БУДЗЬКО








