За нядоўгі час працы Святланы Грабянёк на пасадзе дырэктара мясцовага сельскага дома культуры гэта трэцяе буйное мерапрыемства, арганізаванае ёю. І, як і ў мінулыя разы, свята стала адметнай і яскравай з’явай ў жыцці ільянцаў. У арганізацыі масленкі прынялі ўдзел таксама Карпавіцкі сельскі дом культуры, Селішчанскі, Партызанскі і Абадоўскі сельскія клубы, Ільянскі каледж, бальніца, Ільянскае лясніцтва, музычная школа,
Ільянскія электрасеткі, індывідуальны прадпрымальнік Людміла Буркевіч. Для гасцей свята, а іх сабралася багата, працавалі аўтакрамы райспажыўтаварыства. У паветры разносіўся апетытны водар шашлыку, а карпавіцкія бліны з тварагом ды мёдам разыходзіліся на «ўра». Асабліва з гарбатай, прыгатаванай ў самавары, што (дзіва для дня сённяшняга), як кажуць, «на лучынках». Прысмакі прысмакамі, а Ільянскі сельскі дом культуры паклапаціўся пра тое, каб ніводзін з прысутных не застаўся галодным. І яго работнікі самі прыгатавалі кашу – не тую, з сякеры, як ў вядомай казцы, а з ячных крупаў, ды з тушонкай. У народзе гэта спрадвечная беларуская страва завецца панцак або груца. А пра ежу духоўную паклапаціліся Дом майстроў (в. Каловічы) і Дом рамёстваў (в. Ізбіно). Арганізаваная імі выстава-продаж вырабаў з лазы, цэглы, дрэва падарыла магчымасць кожнаму набыць які-небудзь адметны сувенір на памяць. А своеасаблівы флёр святочнасці і рамантыкі ўсёй дзеі надавалі шматлікія рознакаляровыя паветраныя шары,лунаючыя ў паветры. Вядучай «Ільянскай масленіцы», Гаспадыняй, была Ірына Івашанка, маці-гераіня. У ролі персанажаў свята арганічна ўжыліся навучэнцы Ільянскага аграрна-
тэхнічнага каледжа. А яшчэ гледачоў не меней, чым ўдзельнікаў, павесялілі жартоўныя конкурсы. Бой падушкамі, перацягванне каната, бег на хадулях… Хадулі для свята змайстраваў малодшы сын Святланы Грабянёк, Андрэй, студэнт будаўнічага вучылішча. Старэйшы ж, Аляксандр, нязменны ды-джэй усіх святаў. Кульмінацыяй провадаў зімы стала сімвалічнае спальванне чучала, а найбольш прыемным момантам – магчымасць пракаціцца на коніку. З ім, дарэчы, дапамог Яўген Корсак з Абадоўцаў, сябра дома культуры. А на Новы год хлопец быў нават Дзедам Марозам. Зараз ён навучаецца ў Вілейцы ў прафесійна-тэхнічным каледжы, але на прапанову дапамагчы заўсёды згаджаецца.
…Столькі намаганняў розных людзей аб’яднала падрыхтоўка да провадаў зімы – людзей актыўных, ініцыятыўных, зацікаўленых у справе стварэння пазітыўнага настрою. Можна смела казаць, што марнымі яны не аказаліся – вясна ж прыйшла!
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота Святланы Грабянёк
Бывай, зіма красненька!
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


