Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Будучыня пачынаецца ўжо сёння

Такую назву мела прафарыентацыйнае мерапрыемства, якое прайшло на днях на базе адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры». Мэтай яго стала папулярызацыя спецыяльнасцяў і прафесій аграрнага профілю сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ раёна, інфармаванне
і прыцягненне моладзі да працы ў аграрным сектары эканомікі.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванню, упраўленне па адукацыі, спорту і турызму (прадстаўнікі іх – галоўныя спецыялісты Наталля Дзятко, Тэрэса Закрэўская і Наталля Пражэнік – былі непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемства) і ААТ «Нарачанскія зоры».

Вучні дзясятых класаў гарадской сярэдняй школы № 1, а таксама іх аднагодкі з Любанскай, Куранецкай і Нарацкай школ сталі галоўнымі героямі сустрэчы, якая ладзілася для іх і з іх актыўным удзелам. Яны, гэтыя хлопцы і дзяўчаты, яшчэ пакуль вызначаюцца з выбарам будучых прафесій, і наперадзе ў іх год, каб усё абдумаць, прыняць важнае рашэнне. Нехта з іх, магчыма, марыць пра вялікі горад, жыццё ў якім уяўляецца такім прыгожым, прыцягальным! Аднак, упэўнена, ёсць і такія, хто, набыўшы нейкую прафесію, з радасцю прыедзе ў сельскую мясцовасць, на сваю маленькую радзіму, каб тут жыць і працаваць, пацвярджаючы ісціну «дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». А ў сельскай гаспадарцы ой як патрэбны і спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, і жадаючыя працаваць на рабочых спецыяльнасцях. Галоўнае – каб працавалі шчыра, сумленна і былі дбайнымі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Па дарозе ў Нарач сапраўдным гідам для школьнікаў стала галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Дзятко, якая цікава расказала пра Вілейшчыну, яе славутыя мясціны, людзей. І пра тое, як мы павінны любіць і берагчы сваю маленькую радзіму – таксама.

У «Нарачанскіх зорах» вучняў школ сустрэў сам кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко, які, нягледзячы на сваю занятасць, удзяліў юным нямала часу, грунтоўна і, разам з тым, проста расказаў пра гаспадарку, якой кіруе болей за трыццаць гадоў. У адміністратыўным будынку адбылася размова, у час якой кампетэнтнымі субяседнікамі моладзі сталі і сам Генадзь Мечыслававіч, і старшыня Нарачанскага сельвыканкама Алена Абрамчык. А яшчэ перад прысутнымі выступіла малады спецыяліст Кацярына Машко, якая працуе ў гаспадарцы эканамістам. Дзяўчына нарадзілася ў Маладзечна, закончыла вышэйшую навучальную ўстанову ў Гомелі і прыехала сюды па размеркаванні. Тут дзяўчыне выдзелілі добраўпарадкаванае жыллё, тут яна сустрэла маладога чалавека, з якім яны плануюць ісці па жыцці разам. «Я задаволена тым, што жыву ў сельскай мясцовасці, – падзялілася Кацярына. – Мяне добра прынялі на працы і ва ўсім дапамагаюць, у мяне камфортнае жыллё. Чаго яшчэ жадаць?» Што ж, аргументы болей чым пераканаўчыя.

Пасля размовы ў канторы гаспадаркі Генадзь Кучко запрасіў школьнікаў на экскурсію па гаспадарцы, пачаўшы яе са свайго кабінета. Тут хлопцаў і дзяўчат найболей зацікавіла сістэма відэаназірання, пра якую расказаў Генадзь Мечыслававіч і прадэманстраваў яе ў дзеянні. Пасля школьнікі наведаліся ў дыспетчарскую, прайшлі па мехдвары, зазірнулі нават у склад запчастак. З цікавасцю паслухалі хлопцы і дзяўчаты галоўнага энергетыка гаспадаркі Міхаіла Барана, які расказаў пра работу зернесушыльнага комплекса, які ў жніўную пару працуе ў тры змены і можа за суткі высушыць да тысячы тон зерня. А працуюць тут толькі па два чалавекі ў змену.

Далей шлях ляжаў на малочна-таварную ферму «Рускае Сяло», дзе гідамі школьнікаў сталі галоўны заатэхнік гаспадаркі Андрэй Фіткевіч і галоўны ветэрынарны ўрач Юрый Казак. Спецыялісты расказалі маладым пра ферму, пра людзей, якія тут працуюць, а таксама правялі па памяшканнях, паказалі сучаснае абсталяванне і расказалі аб працэсе вытворчасці малака.
У гэты дзень планавалася яшчэ паказаць маладым «зялёнае жніво», якое ў «Нарачанскіх зорах» ужо распачалося. Убачыць касавіцу не атрымалася, але шкадаваць аб гэтым нельга: уранні тут прайшоў спорны дождж, які перашкодзіў касьбе, але якога тутэйшыя вяскоўцы даўно чакалі і былі яму вельмі рады.

Цікавым, запамінальным і цёплым атрымалася гэта мерапрыемства, мэтай якога было паказаць, чым жыве сёння лепшая ў раёне сельскагаспадарчае прадпрыемства, яго працаўнікі і як уладкаваны іх быт. Думаю, уражанні ў хлопцаў і дзяўчат засталіся самыя прыемныя: людзі ў Нарачы маюць камфортнае, з усімі выгодамі, жыллё, дастойную працу і гэтакую ж дастойную зарплату (калі, вядома, працуюць сумленна і адказна), не меней за нас, віляйчан, бываюць у сталіцы на разнастайных культурных мерапрыемствах і ніколі не пашкадавалі, што звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай і засталіся на зямлі бацькоў. Не так важна, кім яны працуюць – механізатарамі, цырульнікамі, педагогамі, інжынерамі. Галоўнае – тут, дома, ствараюць сем’і, моцна пускаюць карані і шчыра працуюць, умацоўваючы дабрабыт маленькай радзімы і нашай краіны.
Вельмі важна, што першая вучнёўская экскурсія сельскагаспадарчага накірунку адбылася ў «Нарачанскія зоры» – гаспадарку, дзе ёсць што паказаць і паглядзець, якой кіруе сапраўдны прафесіянал, дбайны гаспадар, нераўнадушны чалавек і цікавы, добразычлівы субяседнік. Магчыма, некалі, праз дзясяткі гадоў, некаторыя з сённяшніх юных экскурсантаў будуць працаваць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Вілейшчыны і з гонарам расказваць ужо сваім дзецям і маладым калегам: «Шлях у прафесію мне адкрыў сам Кучко». Думаю, так яно і будзе.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries