Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Больш за палову плошчаў засеялі працаўнікі гаспадарак Вілейскага раёна яравымі культурамі

Веснавыя палявыя работы на палях Вілейшчыны ў поўным разгары: ідзе сяўба яравых культур, падкормліваюцца азімыя, прыступаюць да пасеву аднагадовых траў, робіцца ўсё, што трэба рабіць у гэту пару.

Як паведаміў начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Кудзеля, на 6 красавіка ў раёне быў пасеяны 5831 гектар плошчаў, што складае 53 працэнты ад запланаванага. На гэту дату сяўба была закончана ў трох гаспадарках: ААТ «Нарачанскія зоры», СВФ «Юнік-агра» УП «Малочны гасцінец» і Вілейскай сортстанцыі. З надыходам спрыяльнага надвор’я, адзначыў Леанід Часлававіч, тэмпы сяўбы прыбаўляюцца, усе гаспадаркі імкнуцца зрабіць важнейшую сельскагаспадарчую справу хутчэй і ў тэрмін.

Перадавая гаспадарка раёна «Нарачанскія зоры» ўжо закончыла і сяўбу аднагадовых траў, да якой на 6 красавіка таксама прыступілі ў ААТ «Новая Вілія», СВФ «Юнік-агра», філіяле «Бубны» УП «Мінгаз» і сортстанцыі.

На дзень нашай гутаркі з Леанідам Часлававічам (6 красавіка. – аўт.) у гаспадарках раёна заканчвалася падкормка азімых збожжавых культур (было падкормлена 84 працэнты плошчаў). Каб закончыць гэту важную справу, пры спрыяльным надвор’і патрабаваліся яшчэ два дні працы.

У РСУП «Першы Беларускі», дзе я пабывала на днях, веснавыя работы ўжо набліжаліся да завяршэння. Па добрай традыцыі, якая склалася, важнейшую веснавую справу тут даверылі выконваць бацьку і сыну Яўгелям. І Барыс Іванавіч, і Ігар Барысавіч неаднаразова былі героямі газетных публікацый, і нашы чытачы ўжо, напэўна, добра іх ведаюць.

На полі паміж вёсачкамі  Глебенкі і  Андалоўшчына Ігар Яўгель (справа) сеяў ячмень, а глебу пад сяўбу рахтаваў  Віктар Ковель
На полі паміж вёсачкамі Глебенкі і Андалоўшчына Ігар Яўгель (справа) сеяў ячмень, а глебу пад сяўбу рахтаваў Віктар Ковель

Летась Ігар Яўгель, які толькі атрымаў новы трактар «МТЗ-3522», быў у ліку абласных перадавікоў, занятых на сяўбе. Вось і сёлета механізатар, што называецца, у сваёй стыхіі – старанна працуе на сваім энерганасычаным трактары. На полі паміж вёсачкамі Глебенкі і Андалоўшчына Ігар у дзень нашага прыезду ў гаспадарку сеяў ячмень, а глебу пад сяўбу рахтаваў таксама знаёмы нам механізатар гаспадаркі Віктар Ковель. Усяго на некалькі хвілін перапынілі земляробы сваю работу, але і гэтага часу нам хапіла, каб заўважыць, што настрой у механізатараў аптымістычна-баявы, яны настроены на працу і дастойныя вынікі.

– Пры спрыяльным надвор’і плануем завяршыць сяўбу 8 красавіка, – падзяліўся планамі кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Аўгусціновіч. – Механізатары працуюць плённа, стараюцца. Да канца тыдня пастараемся закончыць і падкормку азімых, затым будзем рыхтавацца да сяўбы кукурузы.

Што ж, планы намечаны, настрой у земляробаў адпаведны, работа спорыцца. Значыць, і вынікі яе будуць належныя.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 140 queries