Пакуль на плошчы ў Лыцавічах гудзела свята, на палетках адкрытага акцыянернага таварыства «Чурлёны» праходзіла дзея іншага кшталту. Праўда, таксама не пазбаўленая ўрачыстасці, паколькі служыла працягам важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі года. Больш 2090 гектараў збожжавых прадстаіць убраць хлебаробам таварыства, трэць – 652, па стане на 29 ліпеня, ужо ўбраны. Намалочана 2310 тон збажыны пры ўраджайнасці 35,4 цэнтнера.
У тыя моманты, калі аграгарадок святкаваў свой дзень нараджэння, на палетках «Чурлён» працавала 9 камбайнавых экіпажаў. Надвор’е дазваляла весці работы шырокім фронтам. І спаборніцтва ўжо выдзеліла лідараў: як па намалоту, так і па аб’ёму адвезенай ад камбайнаў збажыны. Галоўны эканаміст гаспадаркі, яна ж – спецыяліст па ідэалагічнай рабоце, Таццяна Баравая, называе экіпаж Уладзіміра Сцепановіча і вадзіцеля «МАЗа» – Пятра Іватовіча.
І шэсцьсот год таму на палетках, што прылягалі да маёнтка Чурлёны, выспяваў хлеб. Іншыя ўмовы працы, прымітыўныя, насупраць сучасных, тэхналогіі, але мера каштоўнасці ў прадукта, благаславёнага Небам, адна… Аднолькавыя і патрабаванні ў зямлі да свайго сейбіта. Каб быў адданым ёй, мудрым, не шкадаваў сябе ў гэтым вечным, наканаваным яму Усявышнім, клопаце. Стагоддзі пранесліся над гэтым краем. Бывала, палымнеў ён пад ботам чужынцаў. Але сціхала навала, надыходзіла лета – і наваколле зноў буяла спелым калоссем, разносячы ў прасторы водар першага караваю.


