Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Аляксандр Верамей з ААТ «Чурлёны» атрымаў падзяку старшыні райвыканкама

Час схіліўся за поўдзень. Цені ад бяроз, якія паўпадковай ахапілі мехдвор, выцягнуліся, злёгку прыкрыўшы сонечнае ззянне. Але нязвыклая для майскіх дзён спёка яшчэ гаспадарыла ля сцен мехмайстэрні. Хоць унутры стаяла лёгкая прахалода. Тут, у цяньку, і завіхаліся механізатары ля сваіх агрэгатаў. Тых, што раптоўна выйшлі са строю прама на полі, не вытрымаўшы напружанай нагрузкі апошніх дзён пасяўной.
– Рэдуктар бартавы паляцеў, – каменціруе сваю сітуацыю Аляксандр Верамей. Яго “Беларус 3022” быў ударнай сілай у час пасяўной кампаніі. Аб чым сведчыць і падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта, уручаная яму падчас візіту ў адкрытае акцыянернае таварыства «Чурлёны» агітбрыгады райвыканкама. Традыцыйныя наведванні прадстаўнікоў раённай ідэалагічнай службы і артыстаў вілейскага Палаца культуры заўсёды выклікаюць у працаўнікоў вёскі станоўчыя эмоцыі. Падзячныя пісьмы – як прызнанне іх працоўных заслуг і хлебаробскай вартасці.
Саша шчыра прызнаецца, што рабіў спробу крута павярнуць руль свайго жыццёвага лёсу. Пайшоў лесніком у мясцовае лясніцтва. Мабыць, таму, што сам вырас сярод лесу, атачыўшага Іжу жывым зялёным абручом. Што само паняцце «зялёны сябар» успрымае як рэальную існасць душы вясковага чалавека. Колькі часу пачынаў свой працоўны дзень з абходу лясных куткоў, шукаючы сляды людскога самаўпраўства, часам –абыякавасці. Калі знаходзіў – балюча перажываў самачынныя высечкі, раскінутае па белых азёрцах далікатнага кураслепу бытавое смецце…
– І ўсё ж – не маё гэта, – разводзіць Аляксандр рукамі. – Я да тэхнікі больш цягнуся…
І тэхніка адказвае яму ўзаемнасцю. Адчуўшы дотык клапатлівых рук гаспадара, трактар задаволена чмыхнуў, пару разоў таргануўся на месцы – і рухавік запрацаваў у рабочым рэжыме. Да канца дня яшчэ многае можна было паспець.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries