На другі дзень Вялікадня Вілейскі сацыяльна-педагагічны цэнтр, размешчаны ў Шылавічах,
наведалі госці – благачынны Вілейскай царкоўнай акругі іераманах Аляксандр (Шмырко), настаяцель прыхода храма Прападобнай Марыі Егіпецкай, і прадстаўнікі царкоўнага савета. Выхаванцы ўстановы візіту гасцей чакалі: не-не, ды і пазіралі ў двор праз акно, перамаўляліся – хваляванне перад сустрэчай адчувалася.
І госці прыехалі, традыцыйна – не з пустымі рукамі. Галоўным падарункам на Светлай сядміцы сталі, канешне, пафарбаваныя ў чырвоны колер яйкі – сімвал уваскрасення Хрыста, былі і салодкія пачастункі. За гарбатай сабраліся разам і дзеткі, і госці, і супрацоўнікі цэнтра: усе частаваліся і размаўлялі. Іераманах Аляксандр расказаў дзецям пра гісторыю Вялікадня і традыцыі свята, адказаў на іх пытанні, пацікавіўся, пра што яны мараць, і пажадаў, каб гэтыя мары абавязкова спраўдзіліся. Сустрэча атрымалася па-дамашняму цёплай і пакінула ў душы кожнага светлы след.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ