У чэрвені Альковіцкая парафія адзначала тры вялікія юбілеі: 110-годдзе існавання новага касцёла, 260-годдзе парафіі, 290-годдзе з дня кансэкрацыі старога касцёла і чацвёрты невялікі юбілей – 20 год з дня рэкансэкрацыі новага касцёла. Юбілеяў назбіралася многа, а таму, свята атрымалася ўрачыстым. І хоць з самай раніцы па небе час ад часу праплывалі хмаркі, але сонейка старалася абмінуць іх, каб рассыпаць свае праменьчыкі цяпла ў кожны куточак.
З самай раніцы ля касцёла ўжо было многа людзей: збіраліся на свята мясцовыя парафіяне, пад’язджалі госці. Тут жа, ля палаткі, можна было набыць і памятныя сувеніры: абразы, фігуркі анёлачкаў, крыжыкі, медалікі, ружанцы, ланцужкі і іншае. Кожны стараўся набыць сабе памятны сувенір.
Па-святочнаму была ўпрыгожана і тэрыторыя ля касцёла: развешаны флажкі, дагледжаны клумбы, пастаўлены свежыя кветкі на магілцы ксяндза пралата Станіслава Кучынскага.
Але найбольшы сюрпрыз чакаў вернікаў унутры касцёла. Пад кіраўніцтвам нашага ксяндза Анатолія Парахневіча і яго знаёмых з Мінска былі падрыхтаваны вельмі цікавыя ўнутраныя дэкарацыі. Усе тры алтары былі ўпрыгожаны жывымі кветкамі. Уразіў і адрэстаўраваны абраз Маці Божай Альковіцкай у галоўным алтары. Абраз Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі сканструяваны такім чынам, што падчас вялікіх урачыстасцяў ён апускаецца і адкрываецца цудадзейная выява маці Божай Альковіцкай. Мы шчыра дзякуем нашаму ксяндзу Анатолію за яго самаадданую святарскую працу. Ён усё ўмее зрабіць з вельмі тонкім густам.
Усе сабраліся ля брамы касцёла, каб сустрэць Яго Эксцэленцыю ксяндза арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. З хлебам-соллю і кветкамі сустракалі дарагога госця парафіянкі Церах Соф’я і Кулеш Станіслава. Яны запрасілі Яго Эксцэленцыю ў родную святыню.
Распачалася Святая Імша. Усе з заміраннем слухалі Божае Слова. І вось наступіў самы хвалюючы момант: група вернікаў атрымала з рук арцыбіскупа сакрамэнт бежмавання. Такім чынам Альковіцкая парафіяльная супольнасць абагацілася новымі рыцарамі Хрыстовага войска, а значыць і новымі надзеямі, і новымі магчымасцямі для дзеяння Духа святога ў Альковічах. Кожны з бежмаваных атрымаў з рук арцыбіскупа абразік святога Архангела Міхаіла.
Пасля прайшлі працэсіяй вакол касцёла. І ў заключэнне ўрачыстасці прагучалі віншаванні ў адрас ксяндзоў, якія працавалі ў нашым касцёле, кожнаму ўручылі кветкі. Многа цёплых слоў было адрасавана святарам, а таксама Яго Эксэленцыі.
На свяце прысутнічала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. Яна разам з цёплымі словамі віншавання ў адрас ксяндза Анатолія і ўсёй парафіі падарыла і вазы, якія вельмі патрэбныя ў касцёле. Няхай добры Бог адорыць яе сваімі ласкамі. Але, напэўна, не атрымалася б такой урачыстасці, калі б не хор з парафіі Святога Станіслава вёскі Даўгінава. Вельмі прыгожа спявалі, а музыка кранала душу кожнага прысутнага. Вялікае ім дзякуй, што так аздобілі наша свята. Прыгожа спяваў і мясцовы хор жанчын. Яны стараліся як ніколі. Шчыра дзякуем усім, хто прысутнічаў на свяце, дапамагаў у падрыхтоўцы. Дзякуем і нашаму ксяндзу Анатолію, што паклапаціўся аб усім, каб свята атрымалася. Бо гэта ўрачыстасць надоўга застанецца ў памяці парафіян.
Лідзія СТАНКЕВІЧ, в. Забалацце,
па просьбе вернікаў Альковіцкай парафіі
Альковіцкая парафія адзначыла тры вялікіх юбілея
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов



