Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Альковічы – калыска іх лёсаў зямных

Калі на цэнтральнай плошчы Вілейкі адкрывалі алею Герояў, урачыстасць не прамінула наведаць вядомая ў горадзе сям’я Курыловічаў. На адной са стэлаў з імёнамі знакамітых людзей Вілейскага краю – фота Героя Сацыялістычнай Працы Марыі Іванаўны Касяк, роднай цёткі Ларысы Курыловіч. З дапамогай апошняй і трапіў у мае рукі унікальны экспанат – альбом гісторыі старажытных родаў вёскі Альковічы. Марыя Іванаўна – прадстаўнік аднаго з іх.

…Перагорнута апошняя старонка гэтага своеасаблівага летапісу альковіцкай зямлі. Фотаздымкі, подпісы пад імі, нават тэксты. Аўтар-складальнік, Аліна Васільеўна Церах, паклапацілася, каб старонкі загучалі, загаманілі так, як гамоняць між сабой добра знаёмыя людзі, якія па сваёй волі сабраліся ў адным месцы і ў адзін час, сышліся з канкрэтнай мэтай ажывіць у сваіх сэрцах памяць. Некалі яна звіла гняздоўе ў людскіх сэрцах, як маладая птушка ў дупле гонкага дрэва. Час ідзе – і новыя птушаняты засяляюць жытло. Толькі гойдае свавольны вецер радавую жыццёвую калыску і тыя ж спрадвечныя калыханкі спявае над ёй штогод абноўленая крона.

ДА ХАТЫ ІОСІФА І АЛІМПІЯДЫ

Штогод прадстаўнікі найбольш распаўсюджаных у Альковічах родаў – Гардзеяў (Гердзеяў), Зінкевічаў і Церахаў – збіраюцца каля той самай калыскі-хаты Іосіфа і Алімпіяды Церахаў. Як распавядае Ларыса Курыловіч, народжаная Гердзей, гэта месца становіцца часовым прытулкам нашчадкаў. На сцяне хаты арганізатары стасункаў загадзя змяшчаюць фотаздымкі, зробленыя падчас папярэдніх сустрэч, рыхтуюць невялічкі сцэнарый, у якім стараюцца успомніць кожнага,хто працягвае і множыць набыткі бацькоў і прадзедаў, з горкім болем успамінаюць тых, каму шлях на гэту сустрэчу зачынены вечнасцю… Іосіф і Алімпіяда былі надзвычай гасціннымі людзьмі. Не толькі для сваякоў і родных накрывалі стол. Для кожнага,  хто меў патрэбу ў хатнім прытулку, прыпасалі гаспадары і скварку, і чарку. А ўжо як збіралася гаманкая радня, стол літаральна зіхацеў ад сялянскіх разнасолаў. Не раўнуючы, як гароднінная ляха ад буяння фарбаў на схіле кароткага лета.

Калыска – некалі абавязковы атрыбут сялянскай хаты. Яна ўбірала ў сябе нашы першыя слёзы і яшчэ неўсвядомленыя дзіцячыя ўсмешкі, яна была і засталася для нас сімвалічным на ўсё жыццё абярэгам, які стаўся часткай нашай духоўнай сутнасці, нашага цярпення і чування, нашай дабрыні і любові. Усяго таго, што засталося ў сэрцах альковіцкіх нашчадкаў, што выплёскваецца з іх свядомасці ў час гэтых штогадовых сустрэч.

ТВАРЫ ДАЛЁКІХ ПРОДКАЎ

Вёска Альковічы адметная тым, што некалі даўно, у гушчыні альхоўніку, які шчыльна абступаў яе з усіх бакоў, людзі ўбачылі на адным з дрэў выяву Божай Маці. Тут была ўзведзена капліца, пасля – касцёл. Сёння ён – адзін з прыгажэйшых храмаў краіны. Складальнік альбома Аліна Церах з любасцю распавядае гісторыю роднай вёскі і яе духоўных крыніц. На старых чорна-белых фотаздымках (такія звычайна складалі галоўную аздобу сялянскіх хат, па іх можна было чытаць гісторыю вясковых родаў) – твары далёкіх продкаў. Засяроджаныя перад аб’ектывам, у святочных светлых хустачках – бабулі; дзяўчаткі, усмешлівыя, злёгку ўстрывожаныя непрадказальнасцю іх будучых жаночых лёсаў. Вясковыя вяселлі, дзе на першым плане – гармонік і цымбалы з іх таленавітымі ўладальнікамі – мясцовымі музыкамі-самавучкамі. Унікальныя ўсе старонкі сямейнага альбома. Па іх можна вывучаць гісторыю альковіцкага краю, лёсы людзей, якія яе стваралі, лёсы цэлых пакаленняў. І тых сацыяльных груп, што наладжвалі тут свой быт, будуючы адносіны з навакольным светам, падпарадкоўваючыся тагачасным грамадскім плыням і сцвярджаючы сябе ў гэтым жыцці.

ЛЁСЫ НА ФОНЕ ЧАСУ

Асобна ў гэтым соцыуме можна выдзеліць лёс сельскай інтэлігенцыі. Інтэлектуальны ўзровень вылучаў яе сярод вясковай супольнасці, прыдаючы адпавядаючы яму статус. А бытавыя ўмовы вымушалі прыстасоўвацца пад асяроддзе, раздзяляць з суседзямі-сялянамі іх бытавыя і гаспадарчыя клопаты. І пры тым захоўваць і з гонарам несці званне сельскага інтэлігента. Усе гэтыя супярэчнасці адлюстравала Аліна Церах, распавядаючы пра сваіх бацькоў – Васіля і Еўфрасінню Гардзеяў, горкі прысмак іх кахання, кароткага і яркага, як імгненне, што ператварае ў попел падаючыя зоркі. Абое настаўнічалі ў сельскай школцы на Магілёўшчыне. Там пазнаёміліся, там успыхнула іх каханне. Нарадзіліся жаданыя дзеткі. Да 1937 года іх было ў сям’і чацвёра. Двое памерлі раптоўна. Маці, падкошаную горам, чакала аднак яшчэ адно выпрабаванне. У адну з маўклівых і насупленых жнівеньскіх начэй бацьку забраў «чорны воран». Куды толькі не кідаў лёс сям’ю Гардзеяў. Вясковая настаўніца вандравала з дзецьмі па Магілёўшчыне, мяняючы не прыстасаваныя пад нармальнае жытло будыніны, даводзячы жаночай рукой да ладу выбітыя вокны і паламаныя дзверы кінутых гаспадарамі хацін. Ніхто не хацеў быць заўважаным нават у дробным спачуванні сям’і «ворага народа». Інстынкт самазахавання – адзін з найбольш уплывовых на людскую свядомасць інстынктаў. І ўся пакутная гісторыя чалавецтва – таму доказнае пацвярджэнне.

МАЛІТВА ЗА МАЦІ

Аліна Васільеўна атрымала годную па тых пасляваенных часах адукацыю – скончыла Аршанскі настаўніцкі інстытут. Была накіравана на працу ў Альковіцкую школу і 15 год узначальвала настаўніцкі калектыў. Тут выйшла замуж за Казіміра Іосіфавіча Цераха, які толькі што прыйшоў з арміі. За плячыма – сямігодка. Але, як кветка сланечніка цягнецца да сонца, так цягнуўся сялянскі хлопец да інтэлектуальнага ўзроўню сваёй абранніцы. Яна завочна вучылася ў Мінскім педінстытуце. А Казімір – стацыянарна ў двухгадовай гандлёвай школе. Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум, затым – Горацкая акадэмія… Ён пераадолеў многа прыступак на шляху ўласнога станаўлення. Апошняя пасада Казіміра Іосіфавіча – галоўны бухгалтар буйнога сельскагаспадарчага прадпрыемства – саўгаса «Стайкі». Ён рана памёр ад інфаркта. А да гэтага Аліна Васільеўна ўжо страціла маці. Шчымлівыя радкі болем спакутаванага сэрца выліліся на старонкі альбома: «Маці Божая Марыя! Міласэрная абаронца роду хрысціянскага! Прашу цябе, маліся за маму перад Богам. Яна пражыла вельмі цяжкае жыццё».

Глыбокая вера. Яна належыць усім прадстаўнікам гэтых альковіцкіх родаў. Кожная штогадовая сустрэча Гардзеяў, Зінкевічаў і Церахаў пачынаецца з наведвання мясцовага храма, той малітвы, якая засведчвае высокі давер Усявышняму, адданасць яго моцы, надзею на заступніцтва і падтрымку. У кожнага з іх – адметны лёс. Але ўсе моцна трымаюцца свайго родавага дрэва, клапоцячыся, каб не засохлі яго карані. Аб гэтым сведчаць успаміны Лявона Гердзея, які дэталёва ведае гісторыю роду, адкуль яна бярэ пачатак, які ў яе працяг і якая перспектыва на далейшыя гады. «Лёс раскідаў прадстаўнікоў родаў Церахаў-Гердзеяў па свеце. Нялёгкім было іх жыццё. Самым страшным выпрабаваннем сталі часы Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, часы рэпрэсій, якія забралі многа жыццяў. Большасць засталіся вернымі роднай зямлі. Але і тыя, што сталі гаражанамі, памятаюць свае карані і ганарацца імі.»

СЛОВА ДА НАШЧАДКАЎ

Уражвае, з якой дакладнасцю ўзнаўляюць складальнікі альбома біяграфіі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Звыклыя храналогіі неаднаразова прарываюцца эмацыянальнымі ўсплескамі,якія сведчаць, што ў кожным чалавеку жыве душа творцы. І калі рэчаіснасць дае нейкі штуршок, нараджаюцца словы, здольныя ўсхваляваць таго, каму пашчасціць ўнікнуць у іх глыбінны сэнс. «У чалавечым жыцці многа добрага. Але ёсць і дрэннае. Здароўе і хвароба, багацце і беднасць, дружба і непрыязнасць – усё гэта жыве з намі, прысутнічае ў нашых адносінах і пачуццях. Нешта вы ўжо выпрабавалі на сабе. Але многае яшчэ наперадзе. …Вы даведаецеся, што ў жыцці многае залежыць толькі ад вас. Вам давядзецца прымаць вялікія і малыя рашэнні. Перадаручыць іх нікому нельга, таму што гэта вашы рашэнні. Многаму загадзя нельга навучыцца. Можна толькі выхаваць сябе, пастаянна практыкуючы розум, волю,сумленне і іншыя рысы характару… Цаніце час. Разумна адносьцеся адзін да аднаго. Вы – родныя людзі. Стварыўшы вас, прырода прыпаднесла вас адзін аднаму ў падарунак. Ён самы дарагі з усіх магчымых. Выкарыстоўвайце кожную магчымасць сустрэцца. Не чакайце просьбаў. Папярэджвайце іх шчырай дапамогай…» – гэтыя радкі аўтары і складальнікі альбома адрасуюць сваім нашчадкам. Шчаслівымі, духоўна ўзброенымі будуць тыя,  хто атрымаюць у спадчыну такі падарунак. Ён з тых, што не падвержаны разбурэнню і тленню, што акумулюе вялікую мудрасць продкаў, набытую імі на шляху пакут і радасцей, страт і знаходак, нянавісці і любові. А таму – вечны.

Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries