Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Аграном па прафесіі і жыцці

Знаёмячыся з чарговым героем будучага матэрыяла, штораз упэўніваешся, наколькі непрадказальныя іх жыццёвыя шляхі-дарогі. Нават і не думае чалавек, куды прывядзе яго лёс, дзе сустрэне ён самае галоўнае ў жыцці і дзе пражыве свае лепшыя гады.

Ніна Барысаўна Занкавіч (справа) са сваёй памочніцай Лідзіяй Барысаўнай

Такім непрадказальным быў і лёс Ніны Барысаўны Занкавіч, жыхаркі вёскі Каралеўцы Іжскага сельсавета, знакамітага на Вілейшчыне агранома і проста цікавай жанчыны. Няпростую, але такую жаданую прафесію выбрала яна ў свой час і ўсё жыццё была ёй вернай. З ранку да вечара шчыравала на палетках, выконвала адказныя грамадскія абавязкі, паспявала ўпраўляцца з немалой хатняй гаспадаркай, быць добрай жонкай і маці. Канешне ж, было нялёгка, але Ніна Барысаўна пераканана ў адным: з любымі цяжкасцямі можна справіцца, усе пераадолець, калі жадаеш гэтага і стараешся. А яна старалася заўсёды, і шматлікія ўзнагароды былога галоўнага агранома колішняга калгаса «Рассвет» – яскравае таму пацвярджэнне. Ордэн «Знак пашаны», медаль «За працоўную доблесць», шматлікія значкі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, іншыя ўзнагароды – іх у Ніны Барысаўны мноства. І за кожнай – нястомная праца гэтай сціплай жанчыны.

Ва ўтульным пакойчыку Ніны Барысаўны мы гутарылі ўтрох – далучылася памочніца і ўжо нават сяброўка маёй гераіні – Лідзія Барысаўна. На дварэ – па-летняму горача, а тут, у хаце, утульна і прыемна. Гаварылі пра жыццё, пра тое, што знакамітаму ў мінулым аграному ўлетку споўніцца дзевяноста. Непрыкметна, у клопатах, праляцелі гады, захаваўшы ў памяці мудрай жанчыны многа цікавага, важнага для яе.

– Сама я не тутэйшая, – пачала расказваць пра сябе Ніна Барысаўна, – а з Кіеўскай вобласці. У вёсачцы Міраўка нарадзілася і вырасла. Там і вайну перажыла. Нашай сям’і пашчасціла, што ўцалелі, ніхто не загінуў у тыя страшныя гады. Памятаю, як немцы наязджалі ў вёску, як мы баяліся і хаваліся ў нейкіх акопах… Бог сцярог, засталіся жывымі. Суровы быў час, на долю людзей выпала шмат цяжкасцяў, але ж ўсё перажылося.

Вясковая дзяўчынка, яна не толькі дасканала навучылася ўсёй сялянскай працы, але і паспяхова асвоіла школьныя прадметы. Вырашыла вучыцца на агранома (з дзяцінства душа яе ляжала да гэтага) і паступіла ў Белацаркоўскі сельскагаспадарчы інстытут. Вучылася старанна, да дробязяў стараючыся засвоіць тэорыю адной з галоўнейшых сельскагаспадарчых прафесій. Пасля заканчэння інстытута па размеркаванні была адпраўлена ў Беларусь, у Вілейскі раён. Сабраўшы самыя неабходныя рэчы, большасць з якіх былі кнігі, Ніна накіравалася ў няблізкую дарогу – на Вілейшчыну. Тут ёй пашчасціла пазнаёміцца з цудоўнай жанчынай, прафесіяналам у сваёй справе Таісіяй Пятроўнай Церахавай, якая на той час была на пасадзе галоўнага агранома раёна. Калегі неяк адразу знайшлі агульную мову, зблізіліся. Менавіта Таісія Пятроўна накіравала тады дзяўчыну ў адну з лепшых на той час гаспадарак – калгас «Рассвет».

– Кіраваў гаспадаркай тады Адольф Іосіфавіч Дзевяцень, – прыгадала Ніна Барысаўна. – Мяне ў калгасе прынялі добра, падказвалі, вучылі. А кватаравала я ў Іжы. Вечарамі, калі выпадаў вольны час, хадзіла ў кіно. Так і пазнаёміліся мы з Мікалаем, які быў кінамеханікам. Праз пэўны час пажаніліся, жылі з бацькамі мужа, а ўжо пазней пабудаваліся і пераехалі сюды, у Каралеўцы. Тут выраслі нашы сыны Мікалай, Васіль і Анатоль, сюды ў свой час прывезлі на знаёмства сваіх будучых жонак, а пазней ужо прыязджалі і прыязджаюць зараз цэлымі сем’ямі, з унукамі і праўнукамі.

Бабуля з гонарам гаворыць пра блізкіх. Імі, сынамі і нявесткамі, пяццю ўнукамі і сямю праўнукамі, Ніна Барысаўна ганарыцца. Ёй прыемна, што яны вывучыліся, атрымалі прафесіі, сталі заслужанымі людзьмі. А калі вясной шчыруюць у агародзе, усміхнулася Ніна Барысаўна, дык і да яе, вопытнага агранома, за парадай звяртаюцца.

І зноў у размове перанесліся ў тыя далёкія гады, калі мая гераіня працавала ў гаспадарцы. Цяпер нават сама здзіўляецца, як усюды паспявала… Уставала рана-рана, паліла ў печы, рыхтавала ежу сям’і, карміла свіней, упраўлялася з каровай… Усё хуценька, подбегам. А затым кіравалася ў Іжу, на працу. Спачатку дабіралася пехатою, пазней галоўнаму аграному выдзелілі машыну. У пасяўную і жніўную пару дамоў вярталася позна – яно і вядома, трэба было ўсё праверыць, арганізаваць, убачыць на свае вочы, даць парады.

– А яшчэ ж і дзялкі калгасных буракоў трэба было палоць, – прыгадала Ніна Барысаўна. – А як жа іначай? Усім калгаснікам выдзяляла іх і сабе таксама. Сама палола, дзеці дапамагалі…. Думаеце, калі была кіраўніком, дык толькі загадвала? Не, я так ніколі не паступала.

На сценах у доме Занкавічаў вісяць прыгожыя вышываныя карціны – і гэта, як высветлілася, паспявала рабіць Ніна Барысаўна. Ды і вязаць сурвэтачкі і іншыя прыгожыя вырабы яна майстрыха. Праўда, цяпер ужо не той зрок, каб вышываць ды вязаць, а вось прыгадаць, як жылося ў мінулыя гады, гэта мудрая жанчына заўсёды рада. І нейкія прафесіянальныя сакрэты, думаецца, яна магла б яшчэ раскрыць маладым. Бо не бывае былых аграномаў.

Развітваючыся з гаспадыняй, не ўтрымалася і зрабіла іх з Лідзіяй Барысаўнай фотаздымак. Вельмі натуральнымі, прыгожымі ўбачыліся жанчыны: цёпла гаварылі пра жыццё-быццё, прыгадвалі працавітых людзей, вясковыя святы і ўсё тое блізкае, роднае, што дорага кожнаму і завецца малой радзімай. А для Ніны Барысаўны Іжаншчына стала ёй даўно.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 52 queries