Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Агароднінны рынак па-селішчанску

Міхаіл Буткевіч, брыгадзір ААТ «Новая Вілія», чакаў нас на ўзбочыне трасы. Бойкая дарога з асфальтавым пакрыццём стварала рэзкі кантраст цёмнай грунтовай стужцы, што вілася сярод плантацыі галандскай капусты, дзелячы яе на два, прыблізна аднолькавыя, участкі. Пругкія невялі-кага памеру качаны, са шчыльна спрэсаванымі лісцямі нязвыкла ўспры-маліся вокам.

– «Скандзік» – такі сорт, – узяўся каменціраваць убачанае Міхаіл Мікалаевіч. Больш за паўтара-два кілаграмы качана не знойдзеш. А наогул, сёлета не для капусты год… Ураджай ніжэй, чым летась, бо ўсходы адразу засушыла, хоць усё мы рабілі па тэхналогіі. А «выразаць» ураджай пачалі яшчэ напрыканцы лета. Спачатку ўзяліся за раяніраваны ў нас беларускі сорт «зімовы». На рынку ён ідзе з калёс…
Міхаіл Буткевіч – агароднінавод са стажам. Быў вадзіцелем – вазіў ураджай не толькі на рынак, але і на закупачныя прадпрыемствы. Успамінае, як высвятляў адносіны з іх экспертамі, што агалялі качаны чуць не да качарыжкі, спісваючы прадукт у адыходы.. Міхаіл Мікалаевіч упарта стаяў на варце інтарэсаў гаспадаркі. І аднойчы нават службу эканамічнай бяспекі здолеў падключыць. Экспедытара-вадзіцеля сталі пабойвацца, але адносіліся паважліва, больш не рызыкуючы завастраць адносіны. З цягам часу Міхаіл завочна закончыў тэхнікум і стаў агароднінаводам-спецыялістам. У тым, што сельгаспрадпрыемствы ігнаруюць агародніцтва, мой суразмоўца бачыць аб’ектыўную падставу. Праходзіць рыначны бум, людзі капусту назапасілі-заквасілі – і пажыўны па ўсіх вітамінных і карысных якасцях харчовы прадукт застаецца незапатрабаваным. Паціху «тлее» ў сховішчах, абыдзены ўвагаю перапрацоўшчыкаў. Дарэчы, на неабходнасці развіцця менавіта перапрацоўчай галіны ў аграпрамысловым комплексе пастаянна акцэнтуе ўвагу кіраўнік дзяржавы. Некалі і каля Селішча, цэнтральнай сядзібы цяпер акцыянернага таварыства «Новая Вілія», размяшчалася падобная вытворчасць. Яна і была прывязана да традыцыйнага ў тагачасныя гады напрамку развіцця гаспадаркі. Вытворчасць самаліквідавалася – напрамак застаўся.
Вось і сёлета акцыянернае таварыства мае 25 гектараў капусты, 7 – морквы, 14 – харчовых буракоў. Гароднінасховішча, з сучаснай сістэмай вентыляцыі і іншымі належнымі для падобнага аб’екта параметрамі, здольна забяспечыць захаванасць агародніны на ўвесь зімовы перыяд. Толькі менавіта зімой попыт на яе рэзка падае. І гэта адна з прычын, па якой зменшаны былі сёлета пасяўныя плошчы пад агароднінныя культуры. Дарэчы, вельмі працаёмкія. Аб чым сведчыць і сённяшняя напружанасць работ на занятых пад імі плантацыях. На капусных радах – некалькі працоўных дэсантаў. Пастаянную дапамогу акцыянернаму таварыству ва ўборцы агародніны аказваюць навучэнцы вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, прадстаўнікі аддзелаў занятасці і адукацыі райвыканкама. Рытмічна ўзмахваюць нажамі і секачамі і свае паляводы. Для іх гэта справа прывычная. Не першы год убіраюць гародніну, адначасова надаючы ёй таварны выгляд, Аляксандр Лушчык і Мікалай Кулага. Яны ж праводзяць і своеасаблівы інструктаж для навічкоў. На адвозцы – тэхніка таварыства. Трактарам, абсталяваным прычэпам з нарошчанымі бартамі, упраўляе неаднаразовы герой нашых публікацый Аляксандр Клімёнак. Сёлета, дарэчы, ён вылучаны раёнкай на яе традыцыйны прыз «За адданасць полю». Узнагарода механізатару будзе ўручана на раённым свяце, датасаваным да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Гружаная прадукцыяй тэхніка бярэ курс на гароднінасховішча, дзе таксама нязвыклы для позняй восені напал работ.
– Наадварот, самы звычайны, – пярэчыць майму назіранню загадчыца сховішча Валянціна Петрусевіч. Перабіраем бульбу, моркву. Ды Вы толькі паглядзіце, як старанна працуюць мае пенсіянеркі.
Сапраўды, у засыпаных гароднінай складах завіхаюцца жанчыны, у асноўным, ужо немаладога ўзросту, робячы свайго роду штучны адбор. Што падгніло, сапсавалася – у адыходы. Якасны прадукт – у кантэйнеры і – на аўтакары. Заўважаю некалькі твараў – яшчэ знаёмых па мінуламу году. Валянціна Шустава, Галіна Дзятлік – яны штогод дапамагаюць гаспадарцы ўправіцца ў завяршальны момант уборачнай кампаніі.
– Бачыце, тут усё навідавоку: час, вага груза,.. – вадзіцель аўтакары Таццяна Ліскова ўказвае на дысплей у кабіне, дзе мільгаюць лічбы. – Пераключэнне лёгкае. Я з ім без лішніх намаганняў спраўляюся. Бачыце, якую ўжо сцяну выстраіла. – Кантэйнеры з бульбай устанаўліваюцца ў складзе вертыкальна. Так, напэўна, прадугледжана для эканоміі плошчы гароднінасховішча.
Пройдзе пару дзён – і гароднінная кампанія ў «Новай Віліі» будзе закончана. Вітаміны з восеньскага палетку стануць абавязковым кампанентам нашых абедзенных меню. А самі агароднікі не спыняюцца строіць планы на будучае. Па сведчанні Міхаіла Буткевіча, у таварыстве маюцца тры высокапрадукцыйныя сеялкі, здольныя забяспечыць пасадку капусты па сучасных еўрапейскіх тэхналогіях: адразу – у грунт, без папярэдняга вырошчвання расады.
Над плантацыяй арыгінальных кампазіцыяй, састаўленых з яшчэ некранутых цвіллю капусных лісцяў, згушчаецца туман. А час толькі пераваліў за поўдзень. Нічога не зробіш: восень.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара





Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries