Сваімі адвечнымі вясновымі клопатамі жывуць зараз аграрыі Вілейшчыны. Цяпер іх галоўная задача – сяўба кукурузы, якую сёлета ў нашым раёне запланавана пасеяць на плошчы больш як у 11 тысяч гектараў. Найбольшыя яе плошчы ў ААТ «Новая Вілія», «Сцешыцы» і «Даўгінава».
На 29 красавіка гэтай культуры было засеяна болей за 33 працэнты ад запланаванага.
Да сяўбы «царыцы палёў» на вышэйназваную дату яшчэ не прыступалі ў аграфірме «Ілья», у якой, дарэчы, сёлета плануюць пасеяць і такую важную культуру, як лёнкудраш. У бягучым годзе бульбу будуць вырошчваць у ААТ «Новая Любанія» і ў дзяржсортстанцыі. Першая з названых гаспадарак ужо пасадзіла «другі хлеб» на запланаваных дваццаці гектарах, у дзяржсортстанцыі на 29 красавіка было пасаджана пяць гектараў бульбы і столькі ж яшчэ заставалася пасадзіць.
На вышэйназваную дату (29 красавіка) ААТ «Алая зара», пра якую пойдзе гаворка, мела на сваім рахунку 33 працэнты пасеваў кукурузы. Сёлета сяўбой гэтай культуры тут займаюцца вопытныя механізатары, не навічкі ў адказнай справе. Гэтыя фотаздымкі былі зроблены ў мінулую суботу на полі ля Арпы. Знакаміты не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне механізатар Ігар Чайкоўскі, якога па нашых публікацыях добра ведаюць чытачы раёнкі, рыхтаваў глебу пад кукурузу, а пасля ўжо браліся за справу механізатары Валерый Хоміч і Ігар Була, якія сеялі. Тут жа, на полі, быў і малады аграном Мікіта Мандрыкевіч. Хлопец яшчэ нядаўна пачаў працаваць пасля вучобы, але ўжо многае з таго, што ведаў толькі тэарэтычна, апрабаваў на практыцы. Не цураецца малады спецыяліст лішні раз пагутарыць ды параіцца з кіраўніцтвам і вопытнымі механізатарамі, да парад якіх, ведае, трэба прыслухоўвацца ды рабіць важныя для сябе вывады.
Ігарам Була і Валерыем Хомічам
– Пасеялі раннія збожжавыя, цяпер вось чарга кукурузы, – расказвае намеснік кіраўніка гаспадаркі Андрэй Шупенька. – Пара для нас цяпер гарачая, важная, і гэта ўсе ўсведамляюць. Сёння суботнік, і працуем на самых розных участках. Механізатары рыхтуюць глебу, вывозяць арганіку, сеюць… Ды і іншай патрэбнай справай заняты. Так, прадстаўнік вядомай дынастыі Казімірскіх, Дзмітрый, у гэты дзень праводзіць планіроўку зямлі на ферме ў Лявонавічах. Спраў многа, толькі паспявай рабіць – вясна ж. Вось і стараемся, не забываючы народную мудрасць пра вясновы дзень, які год корміць.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена ААТ «Алая зара»