Аб тым, што гэта менавіта так, падумалася падчас сустрэчы з Ірынай Пыск, брыгадзірам адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Любанія».
У дыспетчарскай мехдвара, размешчанага ў аграгарадку Любань, – звыклая ранішняя мітусня. Сюды на пачатку працоўнага дня вядуць усе дарогі. Заходзяць са спадарожнымі лістамі вадзіцелі, на кароткай нарадзе размяркоўваецца фронт работ… Ірына тут, можна сказаць, выконвае ролю першай скрыпкі на фоне шматаблічнага гурту аркестрантаў. Яе глыбокая дасведчанасць у справах таварыства прыемна здзіўляе. У памяці – лічбы плошчаў, намалотаў, імёны камбайнераў і маркі сельгасмашын.
Таварыства завяршае ўборку рапса. Згодна інфармацыі сельгасупраўлення, па стане на 22 ліпеня тут ужо ўбрана 215 гектараў гэтай збожжавай культуры, якой засеяна 330-ці гектарная плошча. Намалочана 430 тон насення пры ўраджайнасці 20 цэнтнераў з гектара.
– У пяцёрку лідараў па ўраджайнасці рапсу мы павінны трапіць, – робіць прагноз намеснік начальніка сельгасупраўлення Пётр Вяжэвіч, упаўнаважаны ад райвыканкама. Ці, прасцей кажучы, куратар гэтага акцыянернага таварыства.
Напярэдадні вечарам прайшоў лівень. І непагадзь некалькі адкарэктавала планы ўборачных экіпажаў. Пакуль збажына абветрываецца і горнецца да ласкі сонечных промняў, механізатары не дарэмна бавяць час. Усе завіхаюцца ля сваіх уборачных агрэгатаў. Тут і сын Ірыны Пыск – Антон, навучэнец Маладзечанскага будаўнічага каледжа. Ён, будзем карыстацца традыцыйнай тэрміналогіяй, памочнікам у Сяргея Барташэвіча. Сябра Антона – Максім Новаш – таксама атрымоўвае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Толькі ўжо ў Вілейскім прафтэхкаледжы. Ён – у экіпажы Дзмітрыя Кізіка. Дапамагае гаспадарцы ў важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі сын Юрыя Дуброўскага, дырэктара акцыянернага таварыства, – Яўген. Юнак працуе другім камбайнерам у экіпажы Алега Акуньковіча. Карыстаючыся выпадкам, які падарыў некалькі хвілін вольнага часу, размаўляем на тэмы жыцця і сённяшняга напружанага моманту.
– Ураджайнасць рапсу добрая. Ды і што сказаць: паілі, кармілі, – жартуе Алег Акуньковіч, падкрэсліваючы тым самым эфектыўнасць прымянення на палетках земляробчых тэхналогій.
Механізатары канстатуюць, што ўборку на пару дзён можна было б і раней распачаць. Але ўзніклі праблемы з палівам. Усё ж дзяржзаказ (100 тон) ужо «ўдалося закрыць». Вільготнасць насення толькі ў першы дзень складала 23 працэнты, а ў астатнія – у межах 16-ці. Дапрацоўка ажыццяўляецца ў Куранцы на збожжасушыльным комплексе.
Алег Акуньковіч перайшоў у «Новую Любанію» з райаграсэрвіса. На новым месцы працы сям’і выдзелілі дом сядзібнага тыпу. Ды і сябры яго – усе хлопцы мясцовыя.У тым перспектыўным узросце, калі жаданні супадаюць з магчымасцямі. Хочацца верыць, што гэты механізатарскі корпус, не зважаючы на часовыя цяжкасці, не здрадзіць інтарэсам сваёй гаспадаркі, родным сваім мясцінам. А ніці, што звязваюць з імі, – усё мацней і мацней. Сяргей Барташэвіч толькі што справіў уласнае вяселле: 16 ліпеня, на дзень свайго нараджэння. У маладога чалавека – акрылены і радасны погляд. Ён будзе больш шчаслівым, калі таварыства зможа выдзеліць маладой сям’і жыллё для самастойнага жыцця.
– Цяпер жыву ў жонкі. Прымака, – смяецца Сяргей. Па ўсім бачна, пакуль і гэта становішча яго задавальняе.
Практычна ўсе любанскія камбайнеры – патомасныя механізатары. Бацька Сяргея нядаўна адзначыў 70-годдзе. І да выхаду на пенсію меў амаль 40 год механізатарскага стажу.
Далучаецца да нашага гаваркога гурту яшчэ адна суразмоўца. Любоў Балкоўскую, інжынера па ахове працы, нельга не назваць удзельніцай уборачнага канвееру. Для яе цяпер таксама наступіў самы гарачы час. Вогнетушыцелі, вёдры, аптэчкі… Усім гэтым «боекамплектам» павінны быць забяспечаны камбайны. Любоў – дачка камбайнера. Больш сарака год адпрацаваў у гаспадарцы, былым саўгасе «Любань», яе бацька Мікалай Міхайлавіч Корнеў, у вайну – партызанскі сувязны.
– Мне б такіх, як Корнеў, сем чалавек – і больш механізатараў не трэба, – любіў паўтараць вядомы на ўсю краіну дырэктар «Любані», Герой Сацыялістычнай працы Яўген Фёдаравіч Мірановіч, былы партызанскі камандзір.
Перапыніў наш з Любоўю дыялог начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста «Золькі» Сяргей Смаленскі. Яго задача – праверыць супрацьпажарны стан тэхнікі, яе аснашчанасць адпаведным інвентаром, пра што мы толькі што гутарылі з Любоўю Балкоўскай. І, вядома ж, правесці інструктаж па тэхніцы бяспекі з механізатарамі.
Дзевяць камбайнавых экіпажаў сфарміраваны ў «Новай Любаніі». – Мы, па сутнасці, пакінулі іх мінулагодні састаў, – інфармуе ва ўсім дасведчаная Ірына Пыск. – З іх камплектуем два звяны. Адно будзе скошваць у валкі, другое – здрабняць салому, паколькі частка яе, згодна тэхналогіі, заворваецца, як кампанент пад будучыя пасевы. – Звыш двух тысяч гектараў збожжавых культур прадстаіць сёлета ўбраць «Новай Любаніі», на шэсцьсот больш, чым летась.
– Разлічваем на ўраджайнасць не менш 30-ці цэнтнераў, – на аптымістычнай ноце завяршае дыялог Ірына Пыск.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара







