Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абудзілася хлебная ніва, сустракае камбайнаў гулам…

Сярэдзіна лета. Гаспадаркі Вілейшчыны прыступілі да, бадай, самай галоўнай і адказнай дзеі ў гаспадарчым цыкле земляробаў – жніва. У раённыя засекі пасыпаліся першыя сотні тон збожжа… Свой уклад у агульную справу сумленнай працай уносяць і хлебаробы ААТ «Чурлёны», дзе мы на днях пабывалі.

Прагноз на панядзелак абяцаў пераменнае надвор’е, а значыць, можна было чакаць і дажджу. І цёмныя хмаркі не-не ды і прыкрывалі сонейка, нібыта пацвярджаючы прагноз. Аднак у гэты дзень, калі мы ўзялі курс на «Чурлёны», дождж не пайшоў, нібыта свядома даючы магчымасць хлебаробам убіраць збожжа. З гэтай справай марудзіць нельга, вунь як схіляюць свае «галовы» важкія каласы, нібыта просячыся хутчэй убраць іх і па-гаспадарску распарадзіцца зернем.

Кіраўнік гаспадаркі Леанід Холад паведаміў нам, што ў гэты дзень камбайнеры працуюць на 85-гектарным пшанічным полі непадалёк ад вёскі Тарасавічы. Туды мы і накіраваліся. Па дарозе на Іжу, адразу ж за Каралеўцамі, міжволі залюбаваліся спарадкаваным полем, з якога тэхніка ўжо звозіла рулоны. Некалькі дзён назад, як пазней расказаў кіраўнік, тут сцяной стаяў ячмень, а неўзабаве на гэтым месцы пачнуцца работы па пад­рыхтоўцы да сяўбы рапсу.
Звыклую для жніўнай пары карціну мы ўбачылі яшчэ здаля: па жоўтай-жоўтай гладзі рухаліся маленечкія (ну нібыта цацачныя) камбайны ды машыны.

– Давайце пад’едзем бліжэй, у камбайнераў хутка абед, а пасля ўжо будзе хвіліна-другая на фотаздымак, – спланаваў нашу далейшую праграму Леанід Холад. – Самі ведаеце, пара гарачая, кожная хвіліна дарагая, таму і стараюцца хлопцы не губляць часу марна.
Пакуль пад’язджалі, Леанід Паўлавіч расказваў пра справы ў гаспадарцы:

– Сёння і заўтра ўбіраем пшаніцу. З гэтага 85-гектарнага поля перамесцімся на іншыя. Убралі рапс, ураджайнасць якога склала 29,5 цэнтнера з гектара, і выканалі дзаржзаказ па яго здачы. Цяпер вось – ячмень і пшаніца. Усяго на сёння (27 ліпеня, – аўт.) убрана прыкладна 12 % плошчаў, а яны ў нас складаюць 1690 гектараў. Дарэчы, сёння пачалі пастаўляць ячмень (дзяржзаказ на яго – 70 тон). Запланавана таксама здаць дзяржаве 450 тон пшаніцы, 500 – жыта. Лічбы немаленькія, але рэальныя. Сёння выконваем звыклыя для гэтай пары работы: убіраем збожжа, сушым (вільготнасць зерня складае недзе 18-20 працэнтаў), рэалізуем дзяржаве, убіраем рулоны… Робім усё, што зараз патрабуецца.

Цёпла, з павагай, гаварыў кіраўнік гаспадаркі пра камбайнераў, занятых на жніве. Ужо традыцыйна лі­дзіруе па гаспадарцы вядомы не толькі ў «Чурлёнах», але і ў раёне Іван Баравы. Праўда, гэта інфармацыя на дзень нашай сустрэчы. Яна можа і памяняцца, адзначыў Леанід Холад, бо літаральна нараўне з лідарам ідзе і Сяргей Місюль, які сёлета працуе на новым камбайне «Палессе». Пра гэтага механізатара мы таксама пісалі ўжо не адзін раз. Вось і ў гэты раз сустрэліся ўжо як добрыя знаёмыя. Як і ў мінулыя гады, Сяргей быў у добрым настроі, відаць па ўсім, ён мае намер паказаць найлепшыя вынікі. «І Іван Баравы, і Сяргей Місюль, я перакананы, пастараюццпа пераўзысці тысячны рубеж», – выказаў сваю думку Леанід Холад.

Тут жа, на полі, убачылі камбайнераў Пятра Дземеша (ён працуе ў лясгасе, а цяпер дапамагае на жніве), Андрэя Місуна, Фёдара Ягаловіча, Уладзіміра Сцепановіча. Усе яны таксама робяць сваю справу, паказваючы штодня дастойныя вынікі.

Што датычыць настрою працаўнікоў, то ён дзелавы, аптымістычны. Задаволены ўдзельнікі жніва харчаваннем, якім забяспечвае іх гаспадарка. І смачныя абеды, і каларыйныя, адзначаюць мужчыны. Што і казаць, стараюцца повар Марыя Пляшак і яе памочнікі, і гэта таксама вельмі важна. Побач з камбайнерамі, як кажуць, у поўнай баявой нясуць сваю службу супрацоўнікі Вілейскага райадзела па надзвычайных сітуацыях. Няхай не бывае іх ніколі, гэтых сітуацый, але ж калі што – выратавальнікі на сваім пасту.

Закончыўся абед, удзельнікі жніва выдзелілі хвілінку на тое, каб зрабіць іх агульнае фота і хуценька разбегліся па сваіх машынах. Загулі маторы, і волаты-камбайны адзін за адным «паплылі» па збожжавым моры…

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries