Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абуджалі прасторы махінаў-камбайнаў маторы

Напярэдадні прайшоў дождж, і гэта ўнесла вядомыя карэктывы ў работу хлебаробаў. Выстраіўшыся ў рад на мехдвары, камбайны, здаецца, чакалі каманды «марш», а іх гаспадары, механізатары «Першага Беларускага», не губляючы марна часу, завіхаліся ля тэхнікі, нешта падладжвалі – чакалі, калі яркае сонейка абсушыць расу і можна будзе выхадзіць у поле.

Галоўны аграном гаспадаркі Алег Казлоў акрэсліў сітуацыю так:
– Надвор’е спрыяла ўборцы – без адзінага дожджыка ўправіліся. На сёння (13 жніўня. Аўт.) у нас убрана 98 працэнтаў зерневых. Канешне ж, нялёгка было механізатарам у такую спёку. Ды і тэхніка нават не вытрымлівала… Але ж ці прывыкаць да такіх складанасцей? Працавалі ўдарна, як кажуць, ад цямна да цямна. Вядома, не ў лідарах мы, а займаем у раёне недзе залатую сярэдзінку. Ды людзі ж усё роўна працавалі па-ўдарнаму.
На дзень майго наведання «Першага Беларускага» лідзіраваў па гаспадарцы экіпаж у складзе камбайнера Андрэя Ніжніка і яго памочніка Генадзя Жыгалава. Зусім на крыху адставалі ад перадавікоў экіпажы Васіля Місюля з Аляксандрам Сташкевічам, Барыса Яўгеля з Валянцінам Тафейкам і Мікалая Курленкі з сынам Максімам. Саперніцтва на збожжавым полі, відаць па ўсім, так і застаецца вытворчым момантам, па-за якім усе вышэйназваныя механізатары – добразычлівыя калегі, сябры, гатовыя ў любы момант прыйсці адзін аднаму на дапамогу.
Барыс Яўгель – механізатар у раёне вядомы. Не раз пісала пра гэту дынастыю, прадаўжальнікам якой ён з’яўляецца, і наша газета. Вось і пра сыноў Барыса Іванавіча, Ігара і Сяргея, якія на працягу многіх гадоў былі памочнікамі ў бацькі, таксама.
– Цяпер хлопцы служаць, – расказвае бацька. – Старэйшы, Ігар, вернецца ўжо хутка, а Сяргей вясной. Абодва ў свой час былі ў маладзёжных уборачных экіпажах. Старэйшы і зусім нядаўна пазваніў і галоўнае пытанне: як там, бацька, мой камбайн? Так што, відаць, вернецца сюды, у родную гаспадарку.
І яшчэ з адной дынастыяй пазнаёмілася у «Першым Беларускім» – з сям’ёй Курленкаў. Бацька, Мікалай Яўгенавіч, працуе ў экіпажы з сынам Максімам, а старэйшы сын, Дзмітрый, які таксама ў свой час быў памочнікам камбайнера, цяпер у гаспадарцы начальнікам галіны раслінаводства.
Гутарыла з бацькамі працавітых хлопцаў і бачыла гонар у вачах Барыса Іванавіча і Мікалая Яўгенавіча. Гонар за сыноў, якія не здрадзілі роднай зямлі, бацькаўскай навуцы і ў любы момант могуць падставіць сваё моцнае плячо. Што тут скажаш, у надзейныя рукі перадаюць сваю справу жыцця знакамітыя хлебаробы.
Андрэй Ніжнік – на дзень майго наведання лідар сярод зернеўборачных экіпажаў гаспадаркі – на жніве таксама не навічок.
– На камбайне яшчэ са школы, – падзяліўся ён. – Затым была служба ў арміі, а з 1997-га – пастаянная праца камбайнерам на ўборачнай. Чацвёрты сезон памочнікам у мяне Генадзь Жыгалаў. Трэба сказаць, пашанцавала мне з ім. У шэсць раніцы ўжо на мехдвары, усё праверыць, адладзіць, каб машына працавала надзейна. Сёлета я ўстанавіў свой рэкорд на ўборцы – за дзень намалаціў 98 тон зерня. Такога раней не было, лічбы былі ці не ў тры разы ніжэйшымі. Зерне сёлета сухое, спелае, надвор’е спрыяла. А што спякота стаяла, дык не прывыкаць да яе. Вытрымалі, затое зерне сухое ўбралі.
Як і папярэднія суразмоўцы, Андрэй Леанідавіч не ўяўляе сябе гараджанінам. Жывуць з жонкай Святланай у Людвінова, маюць дзвюх дачушак, шчыруюць не толькі на працы, але і на ўласнай гаспадарцы і іншага лёсу не ўяўляюць. Канешне ж, разважае мой суразмоўца, без нялёгкай працы на вёсцы не пражывеш, бо менавіта яна, праца, – пачатак усіх пачаткаў, залог сямейнага дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Так было і будзе заўсёды.
Руплівае жнівеньскае сонейка ведае сваю справу, і вось ужо абветрылі палі, паклікалі да сябе камбайнераў. Дружна загулі маторы, і грамадныя махіны-караблі прыгожа, адзін за адным, паплылі да нівы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries