Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абрусы і посцілкі, тканыя яе рукамі…

У параўнанні з мінулым, прагрэс зрабіў жыццё сучаснай жанчыны больш лёгкім. Можна рыхтаваць стравы з паўфабрыкатаў, мыць бялізну ў пральнай машынцы, а падлогу – з дапамогай спецыяльнага пыласосу – і лічыцца дбайнай гаспадыняй. Знікла неабходнасць у ткацтве: тканіны і вырабы з іх у магазінах – на любы густ. Вязанне і вышыўка сталі не неабходнасцю, а, хутчэй, заняткам для душы…
Ткацтвам, вышываннем, вязаннем Ніна Іванаўна Занкавіч з вёскі Каловічы не займаецца ўжо даўно – як-ніяк, а на жыццёвым календары ўжо восемдзесят два гады. І ўсё ж большая частка жыцця была звязана менавіта з гэтым спрадвечным заняткам.
У сям’і было чатыры дзяўчыны і два хлопцы, яна – старэйшая. Як самую большую, маці вучыла Ніну ўсяму. А аднойчы завяла кросны – ткаць. Той захацелася паспрабаваць самой – але з першага разу нічога не атрымалася. Параіўшы крапчэй стукаць бердам, маці ўзялася за навуку – і паступова справа пайшла. А калі Ніна добра яе засвоіла, гэта стала абавязкам – маці болей завіхалася па гаспадарцы ды з дзецьмі, яна – ткала. За кроснамі, успамінае сёння Ніна Іванаўна, магла праседзець цэлы дзень. Спачатку ткала кужаль. Яго выбельвалі – сцялілі на расу, раскладвалі на сонцы, калі высыхаў – намочвалі зноў, а потым шылі сарочкі, спадніцы, штаны. І да гэтай пары захаваўся ён у Ніны Іванаўны – у трубах. Яна ашчадна захоўвае матэрыял, а ён пры дотыку дорыць у адказ цяпло чалавечай рукі. У параўнанні з ільном сучасная сінтэтыка нават самага вышэйшага гатунку не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі. Пазней Ніна навучылася ткаць і ручнікі, і посцілкі.
Вайна – бы абарваная ўточная нітка – парушыла жыццёвы ўзор, а з ім – заведзены парадак і лад. Ад вёскі засталіся руіны ды галавешкі, жылі ў лесе – у бункеры. А на зіму пачалі капаць зямлянку – пражылі ў ёй пяць год. Але і ў зямлянцы знайшлося месца кроснам – трэба было апранацца, а адзення не было – усё пабралі або папалілі немцы. Калі адбудаваліся, Ніна стала больш дарослай, пачала ткаць узоры. Аснова – з ільну, уток – чырвоны або іншага колеру. Такія посцілкі здзіўляюць дакладнасцю ўзору – неабходна было пільна сачыць, колькі патрэбна на адзін ніт, колькі – на другі. Так і атрымліваліся “дымы”.
– Мама мяне навучыла – усё роўна як слана аддрэсіравала, – усміхаецца падчас размовы Ніна Іванаўна.
І з-пад яе лёгкай рукі атрымліваліся і ўзорныя абрусы, і пакрывалы – так званыя «капы».
Услед за ткацтвам асвоіла вязанне кручком – карункамі аздаблялі ручнікі, якімі ўпрыгожвалі абразы на покуці. Калі быў час займацца вязаннем? Гонячы ў поле кароў, пасвячы авечак – гаспадарка патрабавала пастаяннага клопату.
Ніна Іванаўна працавала на ферме даяркай, вырасціла трох дачок. У кожнай з іх – па сыне. Адзін унук – зваршчык, другі – ваенны, а трэці вучыцца ў Мінску на кам’ютаршчыка. Расказаўшы пра іх, Ніна Іванаўна шкадуе аднаго – што абрусы і посцілкі, тканыя яе рукамі, сёння «нямодныя». А набываюць яны сваё «другое» жыццё ў экспазіцыі Каловіцкага Дома майстроў. У Ніны Іванаўны ёсць яшчэ адно захапленне – кветкі. Амаль пад самыя вокны хаты буяюць яны ў сезон, расказваючы пра тое, што іх гаспадыня – незвычайная: яна не толькі адчувае душой хараство, але і стварае яго сваімі працавітымі рукамі.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара і Тамары БУРКО



Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries