Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

91-гадовая Марыя Ількевіч успамінае: «Малых, старых і жанчын фашысты выкарысталі для размінавання дарогі»

Разам з тымі, па чыім дзяцінстве пракацілася чорная калясніца ліхалецця, гэта гаворыць і 91-гадовая Марыя Ільінічна Ількевіч з Шылавічаў.

Апошнія дні лютага выдаліся сёлета па-веснавому цёплымі, і людзей, якія за доўгую зіму засумавалі па цеплыні і сонейку, пацягнула на вуліцу, дзе ўжо пахне вясной.

– Надакучыла за зіму ў хаце, здаецца, пасядзець бы на лавачцы, – марыць 91-гадовая Марыя Ільінічна Ількевіч.

У сваім паважаным узросце жанчына сутыкнулася з многімі праблемамі лю­дзей такіх гадоў – зусім не тыя зрок і слых, не слухаюцца ногі. Вось і застаецца, кажа, сядзець на лавачцы ды думаць. І пра сённяшні дзень, і пра тое, што ёй, дзіцяці вайны, давялося перажыць. Памяць у Марыі Ільінічны светлая, многія эпізоды захаваліся да драбніц.

– Я з Бараўцаў родам, трое нас, дзяцей, было ў баць­коў, ды яшчэ бабуля жыла з намі, – прыгадала мінулае жанчына. – Жылі, як і ўсе людзі, многа працавалі. Калі пачалася вайна, мне было восем гадоў. Праз нашу вёску фронт не праходзіў, аднак водгаласкі вайны мы чулі. А немцы былі ў вёсцы два разы. Першы – у пачатку вайны, тады яны былі вясёлыя, відаць, думалі, што вельмі хутка перамогуць. А вось другі раз, калі немцы ўжо адступалі, быў страшны.

Спачатку, памятае мая суразмоўца, у вёску прыехалі варожыя матацыклісты, а ўжо пасля, падымаючы за сабою густы пыл, загрукаталі танкі.

– Вельмі страшна было, мы сядзелі ўсе, пахаваўшыся па хатах, баяліся нават паказацца ім на вочы, – прыгадала Марыя Ільінічна. – Асцерагаючыся нашых самалётаў, немцы стараліся схаваць сваю тэхніку пад густыя дрэвы, пад’язджалі на танках ушчыльную да хат, прасоўваючы нават дулы праз вокны ўнутр… Перад Баранцамі на закладзенай партызанамі міне падарваўся на матацыкле нейкі нямецкі начальнік, і тут такое пачалося… Ворагі сталі выганяць людзей з хат, хто паспеў, той па жыце, якое падступала аж да вёскі, уцёк у лес. А нашу сям’ю разам з іншымі немцы затрымалі.

У голасе жанчыны і цяпер, праз столькі дзясяткаў гадоў, – боль. Іх, малых, старых і жанчын, фашысты, напалоханыя тым узрывам матацыкла, выкарысталі для размінавання і бяспечнага праезду сваёй тэхнікі: прывязаўшы да людзей вялізнае сукаватае дрэва, прымусілі цягнуць гэты груз да Нарочы. Ніхто з людзей дакладна не ведаў, ёсць на дарозе яшчэ міны ці не, таму кожны чыйсьці крок мог стаць для ўсіх апошнім. Цягнулася, уздзі­раючы зямлю, дрэва, людзі, ахоп­леныя страхам смерці, рабілі крок за крокам… Так і дайшлі да Нарочы, дзе вяскоўцаў чакала не менш жудаснае – усіх іх пасадзілі ў бункер, вакол нецярпліва хадзілі туды-сюды немцы, хтосьці з іх ужо падрыхтаваў ёмкасць з бензінам… Без слоў было зразумела, што людзей хутка расстраляюць, а затым спаляць, як гэта фашысты звычайна і рабілі.

– Так і было б, каб не адзін чалавек з нашай вёскі, які працаваў у немцаў, – прадоўжыла свой аповед Марыя Ільінічна. – Нехта яму, відаць, сказаў, што нас збіраюцца спаліць. Мы бачылі, як ён прыбег да немцаў, пра нешта ім гаварыў. Неўзабаве лю­дзей пачалі па чарзе адпус­каць. Казалі, спачатку рабілі гэта за выкуп, калі ў каго было чым плаціць. Нарэшце выпусцілі і нас, і мы адразу ж усе ўцяклі ў лес. Доўга блукалі, галодныя і халодныя сядзелі ў балоце. Памятаю, як пілі балотную ваду, набіраючы яе ў далоні. І яна мне здавалася такой смачнай!
Калі праз некалькі дзён знясіленыя людзі выйшлі на паляну, каб варочацца ў вёс­ку, наляцелі варожыя самалёты… «Дваіх чалавек забілі, а нам пашанцавала ўратавацца, – зазначыла жанчына. – Відаць, наканавана было жыць…»
Смерць у тыя ваенныя гады хадзіла побач. У Бараўцы, адкуль на фронт пайшло нямала мужчын, пахавальныя прыходзілі нярэдка. «Паштальёна, бывала, і чакалі, і баяліся, – расказала жанчына. – Не дай Бог, думалі ў кожнай хаце, прынясуць той страшны канверт… Як пачуем, што недзе загаласіла жанчына, адразу разумелі, што на некага з франтавікоў прынеслі пахавальную».

Бацьку Марыі Ільінічны на фронт не ўзялі, а накіравалі працаваць на завод у Смаленск. Хоць і быў у тыле, а перажыў вельмі многае.

Аднаўленне разбуранага, голад, арганізацыя калгасаў, цяжкая праца – такімі былі першыя пасляваенныя гады, якія ўзгадвае цяпер Марыя Ільінічна. Аднак усё перажылі-пераадолелі, бо былі маладыя і перамаглі лютага ворага. Усё рабілі з песнямі, прыгадвае бабуля, а яна, дачка вясковага музыкі, мела добры голас, любіла і любіць зараз спяваць. І гэта перадалося і яе дачцэ, Яўгеніі Міхайлаўне, унукам і праўнукам.

– Мама многае перажыла і ў сваё ваеннае дзяцінства, і ў дарослым жыцці, – кажа пра матулю Яўгенія Міхайлаўна. – Здаралася, была на мяжы жыцця і смерці і выжывала. Яна і дачушак мне дапамагала гадаваць, і ўнукаў. Вось і цяпер мой унук, а яе праўнук, як кажуць, без пяці хвілін урач, калі прыязджае дадому, абавязкова наведаецца да прабабулі. І столькі ў іх размоў! А калі пад настрой, дык яшчэ і заспявае яму яна нешта. Яно і праўда, песня будаваць і жыць дапамагае.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Яўгеніяй КРАЎЧОНАК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 157 queries