Святлана з Алегам толькі што распраглі Орліка. Падкінулі ў загарадзь бярэма пушыстага, з пахам летніх красак, сена. Конік задаволена захрумсцеў, кідаючы ўдзячныя позіркі на гаспадароў. На сёння яго працоўная вахта завершана.
Вуліца Сонечная аграгарадка Лыцавічы ў гэты марозны студзеньскі дзень поўнасцю адпавядала сваёй назве. Пяшчотна ружовыя сцены дамоў сядзібнага тыпу адлюстроўвалі сонечныя промні, якія, пераламляючыся цераз аконныя шыбы, іскрыліся гарэзлівымі зайчыкамі. І ў сямейнай пары, што пазіравала перад фотакамерай, раз-пораз заплюшчваліся вочы, з цяжкасцю спраўляючыся з гэтым напорыстым сонцаззяннем.
Алег і Святлана Булды – не тутэйшыя. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Чурлёны» жывуць усяго чатыры гады. А знаёмства іх адбылося на племзаводзе па вырошчванню буйной рагатай жывёлы, у Горацкім раёне Магілёўшчыны. Святлана і нарадзілася ў тых мясцінах. Да сустрэчы з Алегам пра змену месца жыхарства неяк не думала. Да того ж маладой сямейнай пары племзавод выдзеліў якое ні якое жыллё. Праўда, яго цяжка параўнаць з тым катэджам у Лыцавічах, дзе цяпер пражывае сям’я – шчыра прызнаецца гаспадыня. Тут усе выгоды – і вада, і каналізацыя, і паравое ацяпленне. Побач – ладны кавалак зямлі, які не лішні ў хатняй гаспадарцы. Акрамя Орліка, што спраўна дастаўляе на мясцовы жывёлагадоўчы комплекс сямейны экіпаж, Булды трымаюць свіней і курэй, бо так павялося на вёсцы: зямля гуляць не павінна. І чалавек тут па працавітасці вартасць мае.
Пад апякунствам Святланы і Алега – 265 галоў самых маленькіх цялятак, што патрабуюць увагі не меньшай, чым нядаўна народжаныя дзеці. Лабастыя галоўкі гадаванцаў выглядаюць скрозь драўляныя агароджы домікаў, ліжуць Святлане рукі далікатнымі цёплымі языкамі. Калі цялятка не паднялося для звыклага ранішняга прывітання – гэта сігнал выхавацелям: напэўна, не ўсё з ім у парадку.
– А то, бывае, дыхае цяжка, хутка, аж бачкі ўгінаюцца, – дзеліцца Святлана сваімі назіраннямі. – Значыць, трэба звяртацца да ветэрынара.
Вось чаму кожны працоўны дзень пачынаецца ў жывёлаводаў з абходу домікаў. Вывучыўшы сітуацыю, што называецца, на месцы, Алег і Святлана наліваюць у карытцы малако. Затым – далейшае кармленне. У рацыёне цялят – сена, мука, кукуруза, іншыя кампаненты – усё, што прадугледжана для гэтага ўзросту. І вынік ёсць: 800 грамаў сярэднесутачнай прывагі атрымоўваюць Алег і Святлана ў сваёй групе.
– Догляд і ўвага, – гэта ўсё, што ім сёння патрэбна, – канстатуе Алег. Святлана мужу не пярэчыць, паколькі наконт прынцыпаў у сям’і, відавочна, поўная згода.
Цікава, што па слядах бацькоў вырашыла пайсці і дачка. Дзяўчына закончыла Ільянскі аграрны каледж і, атрымаўшы спецыяльнасць ветэрынара, паступіла ў Гродзненскі аграрны ўніверсітэт.
– Вёску яна любіць, – Святлана вымаўляе гэтыя словы з гонарам. Падумалася, гэта той выпадак, калі пераемнасць не дэкларатыўная, а самая што ні ёсць сапраўдная. Пройдзе час – і вёска вернецца да яе паўсюднага ўспрыняцця. Як вяртаецца чалавек да сваіх высноў. У выпадку, калі ён жадае захаваць аб сабе ў нашчадках памяць. Гэтыя думкі кружыліся ў свядомасці, як распушаны над вершалінамі дрэў марозны іней. Каштоўнымі дыяментамі ззяла ўся вуліца Сонечная.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара



