Чорны, як вугольчык, сабачка кінуўся да ног, добразычліва віляючы хвосцікам.
– Мы заўсёды рады гасцям,— здаецца, выпраменьвалі гэтыя словы блішчастыя вочы бязмоўнай істоты. Следам за радасным гарэзай адчыніла весніцы сама гаспадыня, не ў прыклад мітусліваму «вартаўніку» – спакойна разважлівая, паважная кабета.
– Зноў прыехалі на мае дзівосы паглядзець? – Прыемна ўразіла, што Таццяна Іосіфаўна Курац, гаспадыня самай прыкметнай у вёсцы сялібы, памятае пра нашу пазамінулагоднюю сустрэчу. На ўслых выказанае здзіўленне, жанчына рассмяялася:
«Шчарка жыве ярка» – усе ў вёсцы тую газету прачыталі. Потым мне доўга яшчэ знаёмыя тэлефанавалі. Зазірнулі паглядзець ці яркія мы цяпер? І што маеце сказаць?
Мая суразмоўца крыху хітравала, бо сказаць, безумоўна, было што. Сяліба Таццяны Іосіфаўны сваім кідкім убраннем адразу прыцягвае ўвагу кожнага, хто імчыць паўз яе па аўтамабільнай трасе міма ўказальніка: Шчарка. Так называецца адна са шматлікіх вёсачак Хаценчыцкага сельсавета, дзе ўсё менее і менее насельнікаў. Але не відаць тут слядоў запусцення, як гэта надараецца часам бачыць там, дзе жытло акінута з прычыны прысутнасці адзінокай старасці. Таццяна Іосіфаўна таксама жыве адна. Родныя – у Вілейцы. Праўда, не забываюць яе. Часценька наведваюцца ўнукі – траву пакасіць ды на чарговую бабіну фантазію падзівіцца. Для мяне, напрыклад, гэта фурманка, запрэжаная карычневым конікам. Лебедзі – на маленькім, нібы дажджавая лужынка, ставочку.
– Жук вунь аднаму дзюбу адкусіў, – паблажліва ўшчуваючы, гладзіць спіну вяртлявага «вугольчыка» гаспадыня сядзібы. А мне няўцям, як адной парай рук можна стварыць усё гэта прыгоства. Прычым, з падручнага матэрыялу. Таго ж пластыку, які мы штодня выносім у смеццевыя скрыні. У ход ідуць аўтамабільныя шыны, кавалкі металу. Кожны новы аб’ект сядзібнага дэкору, здаецца, яшчэ больш распальвае творчую фантазію вясковага дызайнера. Бачу, гаражныя вароты абрамляюць дыскі, выпіленыя з бруса.
– Гэта я на пілараме выразала, – перахоплівае мой позірк гаспадыня. Аказваецца, на сядзібе і піларама маецца. Вось чаму некаторыя фігуркі персанажаў-насельнікаў выраблены з дрэва.
– Тут у мяне 135 кустоў вяргінь, – апярэджвае Таццяна Іосіфаўна маю дапытлівасць. Ладны кавалак зямлі перад домам, які прымыкае да шашы, яна засявае кветкамі. І расцвітаюць у сезоннай паслядоўнасці цюльпаны, за імі – ружы і ліліі. Завяршаюць баль незямной прыгажосці вяргіні і гладыёлусы.
Нягледзячы на свае 70 год, Таццяна Курац рухавая і спрытная. Яшчэ працуе. Бо любіць быць сярод людзей. Сама дах на гаражы перакрыла. Сама хату звонку пафарбавала.
– Чарніц было як насыпана, – спяшыць выгаварыцца Таццяна Іосіфаўна. – Я 330 кілаграмаў сабрала і здала.
«Лепшае падвор’е» – красуецца таблічка на фасадзе хаты. Так ацаніла мясцовая ўлада творчы імпэт і майстарскі почырк вясковага дызайнера.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Дызайнер са Шчаркі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов