Ехала неяк у міжгароднім аўтобусе. Камфортны салон, ціхая музыка ў вадзіцельскай кабіне, а на дварэ – казачны танец буйных сцяжынак, якія павольна падалі на зямлю… Сядзела ля вакна і глядзела на гэту прыгажосць. Думалася пра нешта светла-прыемнае…
У рэальнасць вярнула размова дзвюх жанчын, якія ўвайшлі на нейкім прыпынку, селі насупраць і пачалі голасна размаўляць. Больш, праўда, адна, другая ж толькі слухала і ківала галавой, зрэдку ўстаўляючы, што называецца, наводзячыя пытанні.
– Ці на пенсіі? На пенсіі ўжо чацвёрты год, – гаварыла першая. – Не выглядаю? Стараюся, так сказаць, адпавядаць… Сачу за сабой, адпачываю. Вось і праз тыдзень зноў у санаторый еду. А хто ж паклапоціцца пра нас, калі не мы самі? Таму не вельмі ты сцяліся перад дачушкай… Ну, адна засталася, дзеці малыя на руках. Дык хто вінаваты, што з дурнем звязалася… А цяпер вось мучаецца сама, ды і маці свету не бачыць…
– Ну не так ужо… – паспрабавала заступіцца за дачку маці.
– Ой, ведаю я, – перабіла пенсіянерка. – Што хапае табе, то хапае. Ты ж гадоў на пяць маладзейшая за мяне, а выглядаеш, як бабуля… Не крыўдуй, так яно і ёсць. Дык вось пра дзяцей. Я сваім адразу сказала: злуйцеся ці не, але з дзецьмі сваімі не патыкайцеся. У госці – калі ласка, а вось глядзець іх не буду. У мяне сваё жыццё, навошта мне лішнія клопаты? Вось і ў санаторыі, дамы адпачынку езджу, а былі б унукі – сядзела б з імі. Ат, аднолькавая ад іх, тых дзяцей, падзяка. Праўду казала неяк адна жанчына: дзеці – суседзі. Што, не так?
Суразмоўца толькі паціснула плячыма. Ёй, відаць, вельмі надакучыла гэта слухаць, таму пастаралася перавесці тэму:
– А як жа адчувае сябе бацька? Мусіць, пад дзевяноста ўжо? Пэўна, у цябе жыве?
– Ой, і не пытайся. Восемдзесят восем ужо. Зусім здзяцініўся, як за малым трэба глядзець. А калі мне з ім цацкацца? Аформіла ў спецыяльную бальніцу. Езджу іншы раз праведваць, ласункі важу. Ды і парадкі там наводжу. Вось, глядзі, колькі нафатаграфавала на мабільны ўсялякіх непаладкаў. Няхай будуць, калі што – вышэйшаму іх начальству пакажу. А што? Дык цяпер ля бацькі так завіхаюцца! А як прыязджаю я, то не адходзяцца, каб хаця што не сфатаграфавала. Цэлыя справаздачы прадстаўляюць, як і калі мяняецца пасцельная белізна, колькі з’еў пячэння, з кім падзяліўся. А што ж яны думалі!
З палёгкай уздыхнула, калі жанчыны выйшлі на сваім прыпынку. Дарога далей ужо не здавалася такой прыемнай. І хоць за вакном гэтак жа казачна падаў снег, а ў кабіне вадзіцеля ціха іграла прыгожая музыка, думалася ўжо не пра гэта хараство, а пра незнаёмую мне «клапатлівую» жанчыну. Жыве ж чалавек на свеце…
Ірына БУДЗЬКО


