Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыццёвае

Смачная булка
Гэта было класічнае супрацьстаянне – свякроў і нявестка. Так сталася, што на працягу многіх гадоў яны жылі пад адным дахам і за ўвесь гэты час не змаглі знайсці агульнай мовы. Свякроў з-за даволі паважанага ўзросту ўжо не магла спраўляцца са шматлікімі абавязкамі па моцнай вясковай гаспадарцы, але крытыкаваць нявестку не прамінала. Маладзіца ж, вострая на язык і гарачая, не маўчала, на слова ў яе адрас адказвала дзесяццю. Так і жылі.
Неяк перад Вялікаднем нявестка напякла булак. Атрымалася многа, пачаставала нават старэнькую суседку… Пасля святаў да суседкі наведалася свякроў маладзіцы. Убачыўшы на стале булку, яна не ўтрымалася, адшчыкнула і ўзяла ў рот:
– Пакаштую, ці смачная твая булка. Наша ж такіх напякла, што ў рот не ўзяць… Во, у цябе – іншая справа, смаката. Адразу бачна – гаспадыня…
Суседка, хітра ўсміхнуўшыся, усё ж сказала свекрыві, што яна хваліць выпечку… сваёй нявесткі. Трэба было бачыць бабулін твар!

Без комплексаў
Так ахарактарызавалі б сёння гэту жанчыну. А ў час, калі яна жыла, у вёсцы яе ведалі як кабету, якая не палезе ў кішэню за словам, не падумае, перш чым нешта сказаць ці зрабіць.
Зайшла яна неяк да суседзяў. Вялікая сям’я якраз вячэрала. На стале стаяла міска заціркі. Хоць і вялікая, але для ўсіх едакоў, што сядзелі за сталом, – нічога лішняга.
– Смачна есці, – з парога пажадала суседка.
– Просім, – як і належыць, гасцінна запрасіла гаспадыня.
Суседцы ў гэтай сітуацыі падзякаваць бы і адмовіцца, маўляў, толькі ад стала, аднак не дарэмна я сказала, што была яна без комплексаў. З радасцю падсела яна да стала, падсунула да сябе міску… Расказвалі, што ў той вечар сям’я лягла спаць паўгалоднай.

Гарадскі трактарыст – не вясковы
Надзя нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Працавітыя бацькі, добрая гаспадарка. Але жыць і працаваць на вёсцы дзяўчына не збіралася. Закончыўшы школу, вывучылася на прадаўца і паехала ў горад. Неўзабаве выйшла замуж, нарадзіла дзіцятка і атрымала ад бацькоў добры падарунак – кааператыўную кватэру. Жывуць маладыя, дзеляцца бацькі, добра, недахопу ў грашах не адчуваюць (зяць працуе бульдазерыстам і нядрэнна зарабляе). Адным словам, пашанцавала Надзі…
Сустракаючыся з аднавяскоўцамі, маладая жанчына расказвае пра перавагу гарадскога жыцця і абавязкова ўстаўляе:
– А што б я мела тут? Выйшла б замуж за трактарыста…
Атрымліваецца, гарадскі трактарыст зусім не тое, што вясковы…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries